Літаратурны эксперт або закладнік таталітарнай сістэмы: жыццё Алеся Кучара — ад Сталіна да Лукашэнкі

У пранізлівых успамінах паэта Аляксандра Дракахруста, прысвечаных апошнім гадам таленавітага крытыка Рыгора Бярозкіна, ёсць адна згадка, на якую проста немагчыма не звярнуць увагу: «Пазней, зноў трапіўшы ў шпітальную палату, ён, здавалася, увесь час у штосьці ўзіраўся спыненымі вачамі і — крычаў. Страшэнна крычаў! Хто ведае, што ўяўлялася яму? Якія малюнкі ўзнікалі ў ягоных ахопленых гарачкаю мазгах? Магчыма, целы салдат, якія разрываюцца асколкамі? Можа, вышкі і зэкі, якія замярзаюць на лагерных нарах і лесапавалах? Можа, невысокі сумятлівы чалавек, які спачатку здрадзіў яму, а потым усё астатняе жыццё набіваўся да яго ў сябры?». Аляксандр Дракахруст не тлумачыць, што гэта быў за чалавек, бо сучаснае яму пакаленне пісьменнікаў выдатна ведала і разумела, пра каго ён кажа. З тых часоў прайшлі дзесяцігоддзі, аднак і сёння злавесная асоба Алеся Кучара вядомая ўсім, хто цікавіцца гісторыяй беларускай савецкай літаратуры.


«Дзіцячыя гады праходзілі ў неспрыяльных умовах»

Даносчык, літаратурны эксперт органаў або застрашаны закладнік таталітарнай сістэмы? Такія пытанні міжволі ўзнікаюць, калі пачынаеш больш-менш дэталёва ўяўляць жыццёвы і творчы шлях Алеся Кучара.

Адназначнага адказу не існуе, бо дакладных фактаў аб яго дзейнасці дайшло да нашага часу не так і шмат. Пошук ісціны ўскладняецца тым, што сам герой нашага аповеду не жадаў падрабязнага асвятлення сваёй біяграфіі. З-за гэтага недакладнасці і непаразуменні паўстаюць ужо з самага пачатку.

У біяграфічным даведніку «Пісьменнікі Савецкай Беларусі» (Мінск: Дзярж. выд. БССР, 1959) паведамляецца, што драматург і крытык Алесь Кучар (Айзік Евелевіч Кучар) нарадзіўся 24 ліпеня (ст. ст.) 1910 года ў вёсцы Прудзішчы Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці. Такая ж дата сустракаецца і ў шэрагу іншых крыініц. У аўтабіяграфіі, напісаннай у 1962 годзе, ён піша, што нарадзіўся 24 чэрвеня (ст. ст.) 1910 года. А навейшы даведнік «Беларускія пісьменнікі», выдадзены ў 1994 годзе, інфармуе, што днём нараджэння з’яўляецца 27 чэрвеня 1910 года.

Сапраўдных звестак пра яго сям’ю і дзяцінства захавалася зусім мала. Добра вядома, што пасля рэвалюцыі новыя ўлады меркавалі па чалавеку не па яго здольнасцях, а па сацыяльным і класавым паходжанні. У гэтым сэнсе Кучару не было чым ганарыцца. Па яго словах, бацька быў служачым. Па другой інфармацыі, прыказчыкам альбо гандляром. У будучым, каб адпавядаць ідэалагічным устаноўкам, Алесь Кучар пісаў: «Дзіцячыя гады праходзілі ў неспрыяльных умовах. Не раз і не два дрыжаў я, лежачы ў чужым хляве, калі на вёску наляталі белапалякі, а потым белабандыты».

Увосень 1927 года ён паступіў у Мінскі педагагічны тэхнікум, куды яго не адразу прынялі. Кучар лаканічна называе прычыну: «Паступала шмат сялянскіх хлопцаў, а мой бацька ўсё ж быў служачы на лесасплаве». Давялося скардзіцца ў акруговы камітэт камсамола, пасля чаго прынялі на першы курс умоўна. Можна не сумнявацца, што ўжо тады ён зразумеў, як важна належаць да тых, каго ўлада лічыць сваімі.

Alieś Kučar (sprava) z nieviadomym
Алесь Кучар (справа) з невядомым. Фота з кнігі Леаніда Маракова «Біяграфіі»

«Я ўдзельнічаў у літаратурных баях»

У тэхнікуме ў той перыяд вучыліся Валерый Маракоў, Максім Лужанін, Лукаш Калюга, Рыгор Крушына, Сяргей Астрэйка, Уладзімір Сядура. Усе яны потым тым ці іншым чынам пацярпелі ад рэпрэсій, а знаёмства з імі назаўсёды засталося ў памяці Кучара нагодай для змрочных успамінаў. Хутчэй за ўсё, ён камплексаваў перад гэтымі хлопцамі, творчая адметнасць якіх была навідавоку. Маракоў ужо надрукаваў два зборнікі, Лужанін меў публікацыі вершаў, Калюга — апавяданняў. А ў яго толькі жаданне заявіць пра сябе, даказаць, што ён не горшы за астатніх. Ці не таму Алесь Кучар вырашыў займацца крытыкай, каб паказаць, што разбіраецца ў творах лепей за тых, хто іх піша?

Першыя артыкулы і рэцэнзіі з’явіліся ў друку яшчэ ў тэхнікуме, але да сталай крытычнай працы ён прыступіў у 1929 годзе, калі стаў студэнтам БДУ. У ягонай аўтабіяграфіі пра найгалоўнейшыя падзеі свайго жыцця захаваўся ўсяго адзін-адзінюткі сціплы сказ: «З таго часу амаль трыццаць гадоў я займаўся літаратурнай крытыкай, удзельнічаў у літаратурных баях». Гэта была жорсткая знішчальная крытыка, бо для малаадукаванага юнака не існавала навуковых рэпутацый і мастацкіх аўтарытэтаў.

Artykul Aliesia Kučara ŭ časopisie «Polymia revaliucyi» № 3, 1935 h.
 Артыкул Алеся Кучара ў часопісе «Полымя рэвалюцыі» № 3, 1935 г.

На яго погляд, у Якуба Коласа «дробнабуржуазная па сваёй сутнасці творчасць», а «творы напоўнены нацыяналістычнай ідэалогіяй нашаніўства». У Янкі Купалы ён крытыкуе «нацыяналістычныя памылкі», у Кузьмы Чорнага — «рэакцыйную аповесць» «Лявон Бушмар», з-за чаго «пралетарская літаратура павінна ўзброіцца на змаганне супраць творчых асноў К. Чорнага». У 1931 годзе 21-гадовы студэнт не пашкадаваў прафесара і акадэміка Міхаіла Піятуховіча, які выкладаў у БДУ, калі там вучыўся Кучар. Навукоўца абвінавацілі ў тым, што яго «Нарысы гісторыі беларускай літаратуры» «выражаюць буржуазна-нацыяналістычныя погляды на беларускую літаратуру».

Таксама неўтаймаваны крытык, як сведчаць архівы, адначасна выступаў у якасці літаратурнага эксперта для карных органаў. Даследчык Леанід Маракоў, які зацікавіўся трагічным лёсам свайго дзядзькі Валерыя Маракова, адшукаў красамоўны дакумент. Вясной 1935 года Кучар напісаў на запыт органаў характарыстыку творчасці паэта. Па сутнасці, яна нагадвала абвінаваўчае заключэнне (цытуецца на мове арыгінала): «Моряков является наиболее ярким представителем богемско-упаднического отряда буржуазного национализма в белорусской литературе... в первую очередь Моряков — белорусский нацдем и именно отсюда у него начинается упаднический, богемский разлад с действительностью. Советская действительность ему чужда, враждебна».

Леанід Маракоў даводзіць, што Кучар на свае ўласныя вочы бачыў, што чакае яго ранейшых таварышаў і сяброў. Былы гулагавец Франц Гінтаўт прыгадаў знакавы эпізод: «Ён стаяў у турэмным калідоры «тварам да сцяны» — на допыт вялі Лукаша Калюгу. Нечакана насустрач яму — Алесь Кучар з двума следчымі. Турэмшчыкі разгубіліся. Па правілах яны павінны былі гаўкнуць Кучару: «Тварам да сцяны!» Але — свой жа! Ды бачыць арыштаванага Калюгу ўсё адно не павінен! І тады следчыя проста прыгнулі Кучара да падлогі. Двухметровы Л. Калюга са словам «шаўка!», не запыняючыся, пераступіў цераз энкавэдысцкага кансультанта».

У тыя жахлівыя гады ў Коласа рэпрэсавалі блізкіх сваякоў, Купала ледзь не загінуў у выніку няўдалай спробы самазабойства, а Чорнага жудасна катавалі за кратамі. Расстралялі ў крывавым 1937-м Піятуховіча, Маракова і Калюгу. Сучасныя паслядоўнікі Сталіна могуць распавесці, што была складаная эпоха, якая патрабавала неабходных ахвяр дзеля будаўніцтва сацыялізму. Аднак эпоху ствараюць канкрэтныя дзеянні канкрэтных людзей.

Відавочна, што менавіта разбуральная дзейнасць Кучара і яму падобных па выяўленні і пераследзе ворагаў народа сфармавала той дзяржаўна-грамадскі лад, які мы называем эпохай сталінізму.

«Наконт яго нас, маладых, старэйшыя папярэджвалі: пры ім языкі не распускаць»

Увогуле дзіўна, што Алесь Кучар ацалеў і не захлынуўся ў бязмежных хвалях рэпрэсій. Ён меў небездакорную біяграфію, у ягоным бліжэйшым асяроддзі арыштавалі мноства знаёмых, а паслугі органам зрабілі з яго небяспечнага сведку. Фактычна былі ўсе падставы, каб трапіць у турэмнае пекла. Кучар адчуваў гэта, што адкрыта праяўлялася ў зносінах з другімі людзьмі. У 1940 годзе напалоханы Кучар, які суправаджаў у прагулянцы па сталіцы Максіма Танка, Міхася Машару і Наталлю Арсенневу, устрывожана крычаў ім: «Цішэй, цішэй! У нас у Мінску так гучна гаварыць па-беларуску не прынята!».

Запалоханасць была абгрунтаванай, што пацвердзілася ўжо пасля сканання СССР. Гісторык-архівіст Расціслаў Платонаў абнародаваў у 1990-я рассакрэчаныя дакументы, у некаторых з іх згадваецца Кучар. Так, у кастрычніку 1938 года народны камісар унутраных спраў БССР А. Наседкiн падрыхтаваў кампраметуючыя матэрыялы на беларускіх пісьменнікаў, дзе пра Кучара паведамлялася : «Связан с группой нацдемов среди писателей — литературными работниками Чорным, Крапивой, Бровко, Глебко, Вольским и др. В его литературной деятельности имело место ряд грубых политических ошибок».

У верасні 1939 года наступны наркам Л. Цанава дакладаў аб праверцы групы пісьменнікаў (Чорны, Камянецкі, Кучар, Бядуля, Глебка), якія «являются участниками контрреволюционной национал-фашистской организации, в чём изобличаются показаниями ряда разоблачённых и осуждённых врагов народа». Здаецца, засталося толькі іх арыштаваць, але партыйнае кіраўніцтва БССР цудоўна ўяўляла сабе, як збіраецца такі кампрамат і чаго ён варты. Загаду на арышт не далі і, дзякуючы збегу абставін, Алесю Кучару ўдалося выслізнуць з кіпцюроў дзяржбяспекі. А ў тым жа верасні запалымнела Другая сусветная вайна, якая неўзабаве пераўтварылася для беларусаў у Вялікую Айчынную.

У вайну Алесь Кучар працаваў у франтавых газетах. Давялося змагацца і ў тыле ворага, у 1942 годзе яго даслалі ў партызанскую брыгаду легендарнага бацькі Міная (Міная Піліпавіча Шмырова). Праз год Кучар напісаў п’есу «Заложнікі» пра забойства фашыстамі чацвярых дзяцей Міная. 1 чэрвеня 1944 года на сцэне БДТ-2 (Коласаўскага тэатра) адбылася прэм’ера спектакля па п’есе, што стала ці не першай спробай засвоіць у драматургіі тэму партызанскага руху. Нельга не адзначыць, што ў аўтара былі асабістыя рахункі да акупантаў, якія расстралялі яго маці і брата.

Падчас ваеннага ліхалецця ў Маскве абарвалася жыццё Янкі Купалы. Шмат што ўказвае на тое, што смерць нашага нацыянальнага класіка не была трагічнай выпадковасцю. З гэтай падзеяй звязана адна з самых цёмных таямніц у біяграфіі Кучара. Існуе версія, што Купалу забілі пасля даноса, які напісаў Кучар па заданні органаў. Аднак падкрэслім, што меркаванне аб магчымасці такого ўчынку дасюль застаецца версіяй. Бадай, можна пагадзіцца хіба што з тым, што патэнцыйна ён вельмі падыходзіць на гэтую ролю. Ніякіх сапраўдных доказаў, што Кучар мае да смерці Купалы нейкае дачыненне, няма. Магчыма, пакуль няма, бо росшукі ў архіўных сховішчах працягваюцца.

У любым выпадку пасляваенная генерацыя беларускіх пісьменнікаў, большасць з якіх не чула аб недабраслынных паводзінах некалі грознага крытыка, была папярэджана старэйшымі калегамі аб небяспечнасці размоў з Кучарам. Сведчанне пра гэта ёсць у дзённіках Івана Шамякіна: «Наконт яго нас, маладых, старэйшыя папярэджвалі: пры ім языкі не распускаць». Шамякін удасканальвае чаму: «Да вайны ён усё ж пасадзіў некаторых, цяпер пэўна вядома».

Alieś Kučar
Фота Алеся Кучара да яго аўтабіяграфіі 1962 года

«Кучар скончыўся як асоба да фізічнага сканання»

Калі ў сярэдзіне 1950-х пачалі вяртацца вызваленыя з лагераў і ссылкі зняволеныя, у жыцці Кучара знік спакой. Ён пазбягаў сустрэч з імі, пераходзіў на другі бок вуліцы, па словах Сяргея Грахоўскага: «Як чорт ад ладана сігаў ён! Па першым часе бегаў ад усіх». Ахвяры шматгадовага беззаконня распавядалі ўсім жадаючым, як яны апынуліся за кратамі. У іхніх споведзях неаднаразова гучала прозвішча Кучара.

Напрыклад, у мемуарах старшыні Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча ёсць успамін пра бацьку, пісьменніка Станіслава Шушкевіча, арыштаванага ў 1936 годзе. Пасля вяртання ён расказваў, што на допытах бачыў даносы, якія напісалі Алесь Кучар і Эдзі Агняцвет.

Лёгка ўявіць, як такія падрабязнасці ўспрымаліся грамадствам. Кучар ператварыўся ў непажаданую асобу, яго ігнаравалі, задавалі непрыемныя пытанні. Аднойчы ён завітаў да Язэпа Пушчы, вершы якога ў 1930-я гады ганіў і называў упадніцкімі. Арыштавалі Пушчу яшчэ ў 1930 годзе, да 1958-га ён быў вымушаны знаходзіцца за межамі Беларусі. Пакаяльны візіт Кучара не апраўдаўся, хоць ён прасіў Пушчу: «Братка Язэп, прабач, усё, што было, хай усё быллём парасце». Але той не дараваў, а потым сказаў жонцы: «Каб я быў здаровы, я б яго спусціў з лесвіцы. Іуда».

Варлен Бечык, малады даследчык літаратуры, перагартаў падшыўкі даваенных газет і выпісаў з іх назвы артыкулаў Кучара і іншых тагачасных пагромшчыкаў. Вось некаторыя за 1937 год: «Вораг пад маскай драматурга», «Ачысціць саюз кампазітараў ад контррэвалюцыйнага ахвосця», «Злачынныя справы ў тэатры оперы і балета», «Шкодная пісаніна», «Паклёп на савецкую рэчаіснасць». Бечык падзяліўся ўражаннямі ад прачытанага, што, пэўна, мела розгалас. У выніку, як адзначаў пазней Іван Шамякін, «у бібліятэках з газет i часопісаў зніклі выкрывальныя артыкулы Кучара — павыразаў, бандзюга».

Праходзілі гады, а людзі не забываліся пра яго недобрасумленнае мінулае. Супрацоўнік аддзела культуры ЦК КПБ, будучы акадэмік Уладзімір Гніламёдаў занатоўвае ў 1970 годзе думкі: «Алесю Кучару — 60 гадоў... пра яго ідзе дурная слава: у 30-я гады запляміў сябе даносамі». У 1975 годзе ўбачыла свет грунтоўнае даследаванне М. І. Мушынскага «Беларуская крытыка і літаратуразнаўства. 20-30-я гады». Пра дзейнасць А. Кучара, Л. Бэндэ, М. Клімковіча гаворыцца, што яны «далі ўзор антыкрытыкі», стварылі «сістэму, па-свойму лагічную, але прынцыпова варожую навуцы і літаратуры».

У такой балючай нервознай атмасферы Кучар пражыў апошнія дзесяцігоддзі. Гарбачоўская перабудова і галоснасць падштурхнулі і пашырылі абуральныя словы ў яго адрас. У дзённіках Івана Шамякіна з’яўляюцца праніклівыя назіранні: «Гэтаму Кучару хоць пры жыцці сказалі, што ён даносчык... Кучар скончыўся як асоба да фізічнага сканання. У беларусаў хапіла мужнасці». А ў 1992 годзе часопіс «Полымя» апублікаваў успаміны жонкі Язэпа Пушчы з невядомым раней вершам паэта:

ІУДЗЕ КУЧАРУ

Не закрыў пакуль павекі,
Ты ў душу маю не плюй.
Маю годнасць чалавека
І знявагі не сцярплю.
Адбіраў на песню права,
Выдзіраў душу з грудзей.
Ты хацеў хаўтуры справіць
У цямніцы без людзей.
Вёў мяне ў турму пад рукі,
Каб схіліўся там я ніц.
Зневажаў штодзень у друку,
Лаяў на чым свет стаіць.
Піць прасіў, бо чэз ад смагі,
Сэрца білася ледзь-ледзь,
І цяклі па твары рагі,
І ў вачох стаяла смерць.
Не пачуў, шукаў ты доўбні,
Каб з размаху... і каюк.
Ты хацеў, мой крытык добры,
Кінуць цела ў цёмны люк.
Ты крапіў сваім кадзілам,
Уздыхаў ледзь не да слёз...
Беларусь, мая радзіма,
Вось які пяснярскі лёс.
Крытыка свайго, Іуду,
І па смерці помніць буду.

Niekraloh Aliesia Kučara
Некралог Алеся Кучара ў газеце «Літаратура і мастацтва» 19 ліпеня 1996 года

Алесь Кучар пражыў яшчэ некалькі гадоў, памёр 9 ліпеня 1996 года. Цяжка сказаць, ці здолеў ён раскаяцца за свае чорныя справы. Для нас галоўнае усё ж не ў гэтым. Беларускае грамадства паказала, што яно не змірылася з такімі ваяўнічымі выкрывальнікамі як Кучар і, хочацца верыць, не падтрымлівае і сённяшніх разбуральнікаў дэмакратыі і свабоды.

В. С., Budzma.org