Літаратурныя падкасты: што паслухаць пра беларускую літаратуру

У сённяшніх умовах, калі беларусы раскіданыя па свеце, а літаратурныя імпрэзы ў Беларусі абмежаваныя, падкасты — зручны спосаб трымаць руку на пульсе сучаснага літаратурнага працэсу. Вядоўцы чытаюць і абмяркоўваюць класіку і навінкі, ацэньваюць прачытаныя кнігі, размаўляюць з аўтарамі, дзеляцца новымі фактамі. Сабралі для вас падкасты пра беларускую літаратуру: ад утульных размоў пад піва да літаратурных аналізаў і гісторый саміх аўтараў.


bellit.png

«Белліт»

Вядоўца і аўтарка — філалагіня, перакладчыца, супрацоўніца кнігарняў «Кніжная Шафа» і «Кнігаўка» Наста Карнацкая. У падкасце яна чытае кнігі і дзеліцца сваімі ўражаннямі пра прачытанае: навінкі і класіку, беларускаую і сусветную літаратуру, цікавыя літаратурныя факты.

У падкасце ёсць дадаткова некалькі цыклаў. Напрыклад, «Асобы» — пра выбітных літаратараў, «Яны сярод нас» — размовы з нашымі сучаснікамі, жыццё якіх звязана з кнігамі, і «Літнавіны» — пра апошнія навіны літаратуры ў свеце і ў Беларусі.

У апошнім выпуску «Літнавінаў» Наста распавяла пра папаўненне ў спісе экстрэмісцкай літаратуры, вынікі літаратурных прэмій, творчыя планы Джаан Роўлінг і Ангелы Меркель, а таксама пра навінкі беларускага кнігавыдання. Таксама ў выпуску Лявон Вольскі расказаў пра працу над ілюстрацыямі да рамана Альгерда Бахарэвіча.

З падкастам «Белліт» таксама звязаныя падкаст «Кніжная шафа» і кніжны клуб «Анягож», у якім вядоўцы абмяркоўваюць прачытаныя кнігі.

Паслухаць падкаст можна на SpotifyGoogle PodcastsApple PodcastsYouTubeSoundCloud.

Падкаст пра літаратуру "Кніжная шафа"

«Кніжная шафа»

Падкаст аднайменнай невялічкай кнігарні ў Мінску, які вядуць яе супрацоўніцы. У падкасце яны распавядаюць пра мілыя, дзіўныя, незвычайныя, смешныя і сумныя гісторыі, якія здараюцца з імі і наведвальнікамі кнігарні. Таксама Насты дзеляцца топамі продажаў «Кніжнай шафы» і распавядаюць пра кнігі, якія зараз чытаюць.

У падкаста ўжо 25 выпускаў, апошні з якіх выйшаў у сакавіку. У ім дзяўчаты адказалі на пытанні слухачоў і падзяліліся сваімі топамі кніг у розных жанрах.

Паслухаць можна на спасцылцы.

Падкаст пра літаратуру "Белліт пад піва"

«Белліт пад піва»

Цікавы па фармаце падкаст, у якім Наста Хлеб, Соф’я і Тоня, абмяркоўваюць нетыповыя творы беларускай літаратуры, жартуюць і п’юць піва.

Сюжэты твораў вядучыя абмяркоўваюць досыць падрабязна, могуць быць спойлеры. Абмеркаванні жывыя і нязмушаныя, бы слухачы таксама знаходзяцца ў гэтай кампаніі. Акром піва падкаст вылучаецца тым, што ў ім можна пачуць і лаянку, і словы-паразіты, і абмеркаванні «дарослых» тэм.

У апошнім выпуску дзяўчаты абмяркоўвалі твор Касі Чэкатоўскай «Далікатна» — споведзь дзяўчыны пра валантэрства ў інтэрнатах для хворых. Папярэдні быў прысвечаны твору Змітра Багаслоўскага «Ціхі шэпт сыходзячых крокаў» і ўключыў у сябе невялічкі лікбез па сучасным драматургічным свеце.

Паслухаць можна па спасылцы.

Падкаст пра літаратуру "Спіс на лета"

«Спіс на лета»

Новы літаратурны падкаст праекта wir.by, у якім кандыдатка філалагічных навук Марына Казлоўская і паэтка Дар’я Бялькевіч размаўляюць пра класічныя школьныя творы беларускай літаратуры.

Ці трэба перачытваць класіку ў дарослым узросце? І як гэта рабіць? Наколькі адрозніваецца ўспрыняцце твораў у залежнасці ад узросту? Менавіта на гэтыя пытанні спрабуюць адказаць аўтаркі падкасту.

У першым выпуску вядоўцы абмеркавалі праграмныя п’есы Янкі Купалы і паразважалі, як трэба пісаць вусцішныя камедыі і смяяцца падчас катастроф. У наступных выпусках падкаста гаворка пойдзе пра Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа і іншых класікаў беларускай літаратуры.

Паслухаць можна на SpotifyYouTubeYandex MusicApple Podcasts.

Падкаст пра літаратуру "Кніжны Хома"

«Кніжны Хома»

Падкаст, які вядзецца ад асобы беларускамоўнага хамяка Хомы. Хома вядзе блог пра беларускую літаратуру ў Instagram, Tik Tok і Facebook, чытае кнігі сваіх «скураных» гаспадароў і распавядае пра гэта ў падкасце.

Ужо выйшла тры выпускі падкаста: прысвечаны раману Максіма Гарэцкага «Віленскія камунары», ««Энеіда Навыварат», або Чаму Новая Беларуская Літаратура Пачалася са Сцёбу» і апошні прысвечаны Вінцэсю Мудрову і яго зборніку «Восень у Вільні».

Паслухаць можна па спасылцы.

Падкаст пра літаратуру "Каля літаратуры"
Вокладка выпуска падкаста з Лізаветай Лянкевіч

«Каля літаратуры»

Падкаст вядзе пісьменніца, перакладчыца і рэдактарка Марыя Лапо. Госці — людзі, звязаныя з літаратурай, але не наўпрост. Ці звязаныя не толькі з літаратурай. Таму размовы балансуюць на мяжы пісьменніцтва і іншых дысцыплін.

Сярод апошніх выпускаў падкаста — гутаркі з Настай Карнацкай пра кніжную справу, з Анхелай Эспіноса — пра досвед чужаніцы і гішпанскую беларускасць і з Лізаветай Лянкевіч — пра ілюстраванне і гармонію тэкста і карцінак.

Паслухаць можна на SpotifyYouTubeGoogle PodcastsApple Podcasts.

Падкаст пра літаратуру "Супердудко"

«Супердудко»

Вядоўца — літаратар Андрэй Дудко. Стваральнікі называюць падкаст «найсуб’ектыўнейшым падкастам пра беларускую літаратуру». Андрэй Дудко размаўляе з літаратар_камі з Беларусі і з тымі, хто ўжо з’ехаў, папярэдне прачытаўшы іх тэксты.

У апошніх выпусках — гутаркі пра літаратуру з Марыяй Мартысевіч, Ігарам Бабковым, Валерам Гапеевым.

Паслухаць можна на SpotifyYouTubeGoogle PodcastsApple Podcasts.

Літаратурны падкаст "Адкуль бяруцца кнігі"

«Адкуль бяруцца кнігі»

Падкаст пра пісьменніцтва, які складаецца з асабістых гісторый беларускіх аўтараў і аўтарак, іх творчых правілаў і практычных пісьменніцкіх парадаў.

Героі падкасту распавядаюць, якія траўмы, успаміны дзяцінства, месцы, гісторыі кахання, няўдачы ды выпадковасці паўплывалі на іх творчасць. Таксама разважаюць пра механіку пісьма: натхненне і пісьменніцкія страхі, важнасць дысцыпліны і штодзённых рытуалаў, крыніцы сюжэтаў, першыя спробы, чарнавікі і канцоўкі. І, вядома ж, пра тое, што прыўносіць у іх жыццё пакутлівы і прыцягальны працэс пісьма.

У падкасце можна паслухаць пра калючыя мары Уладзя Лянкевіча, «балотны» свет Евы Вежнавец і пажыццёвы аўтафікшн Анкі Упалы.

Паслухаць можна на SpotifyYouTubeGoogle PodcastsApple Podcasts.

Чытайце яшчэ:

Адкуль узяліся беларусы на Падляшшы? Выйшаў новы падкаст ад фонда «Tutaka»

Падкаст «Атожылкі няскоранай дубровы». Выпуск 1. размова з музыкам Уладзем Лянкевічам

Чаму беларускай кнізе складана прабіцца на заходні рынак? Разважае літаратурны крытык Ціхан Чарнякевіч