Установу ўзначаліла Таццяна Мамчыц. Дагэтуль яна працавала начальнікам вучэбна-метадычнай часткі Інстытута нацыянальнай бяспекі, паведамляе «Наша Ніва».
Таццяна Мамчыц і прарэктар БДУ па вучэбнай рабоце і інтэрнацыяналізацыі адукацыі Канстанцін Казадаеў. Фота: bsu.by
З калектывам Ліцэя Таццяну Мамчыц пазнаёмілі сёння.
Мамчыц — выпускніца БДУ, у 1995 годзе скончыла філалагічны факультэт. «Мае вялікі вопыт у сферы адукацыі», — прадставіў яе прарэктар БДУ па вучэбнай рабоце і інтэрнацыяналізацыі адукацыі Канстанцін Казадаеў.
Папярэдняя дырэктарка Ганна Чубарава ўзначаліла Ліцэй БДУ ў жніўні 2021 года. З адукацыі яна біяхімік, скончыла біялагічны факультэт БДУ. Пакінула пасаду дырэктаркі ў верасні 2023-га, прычыны не агучваліся.
Да яе дырэктарам быў Ігар Варакса, ён кіраваў Ліцэем менш за два гады.
«Ліцэй не змог бы надалей існаваць на выспе, адрэзаны ад усёй астатняй сістэмы адукацыі. У сваю чаргу, мне не хацелася б бачыць на ўласныя вочы заняпад той справы, у якую я ўкладаў душу. А яшчэ не хацелася нішчыць сваімі ж рукамі тое, што ствараў падчас папярэдняй працы ў Ліцэі. Таму трэба было адыходзіць», — тлумачыў Варакса сваё звальненне «Нашай Ніве».