Аляксандра Сітнікава піша для budzma.by пра тое, чым ёсць сучасная мода і якім чынам яна ўздзейнічае на нашае жыццё.
Я ніколі не чула словаў кшталту “гэта цяпер нямодна” ад людзей, якім цяпер дваццаць – дваццаць пяць гадоў. Мода – слова як прывітанне з дзвюхтысячных, ружовы колер, джынсы з бліскучымі налепкамі і загарэлая скура. Але нягледзячы на тое, што слова ва ўжытку ў сучаснай моладзі сустракаецца рэдка, сама па сабе з’ява не толькі працягвае існаваць, але і абрасла пэўнай колькасцю праблемных пытанняў.
Мода ў пачатку 2000-х гадоў
Што абазначае гэтае слова? Па-першае, мода звязаная ў першую чаргу са знешнасцю чалавека, па-другое, яна звычайна кароткачасовая, “сезонная”. Па-трэцяе, яна цыклічная і праз пэўны час вяртаецца. Больш распаўсюджанае слова – “трэнд”. Гэта складовая частка моды, то бок мода складаецца з розных трэндаў. Чалавеку, не звязанаму з гэтай сферай, абсалютна незразумела, як яны з’яўляюцца. Калі латкі на локцях пінжакоў яшчэ могуць насіць нейкую практычную функцыю, то чаму падлеткі пачалі раптам падкасваць джынсы так, каб былі бачныя шчыкалаткі, не зразумела. Працэсы трансфармацыі гэтых трэндаў праходзяць незаўважна для чалавека, які не даследуе іх, і цесна звязаныя з масавай культурай і працэсамі, якія адбываюцца ў грамадстве ўвогуле.
І нават калі ты пагарджаеш самой канцэпцыяй моды, ніколі ў жыцці не трымаў у руках глянцавых часопісаў, ад трансляцыі трэндаў нікуды не падзенешся – яны глядзяць з білбордаў, са сцен у вагоне метро, бясконца трапляюцца на вочы ў сацсетках. І нават калі ўсё гэта ігнараваць, то ў тваім атачэнні знойдзецца пара чалавек, якія стараюцца адпавядаць модным тэндэнцыям. І часам хочацца штосьці ад іх пераняць.
Monica Bellucci by Chico Bialas. Vogue Italy 1993
Мода – не проста фасон джынсаў і колер шалікаў, яна выяўляе пэўную канцэпцыю жыцця, пэўную эстэтыку. Больш за тое, мода бывае не толькі на адзенне і прычоскі, але і на мабільныя праграмы, ежу, кнігі і светапогляд. Пра апошняе я са здзіўленнем даведалася, калі прадавачка ў шапіку з сухафруктамі і мармеладкамі адмовілася пакласці мне клубніцы ў шакаладзе ў мой пакет. “Хутка ваш пластык забароняць, і вы ўсе радасна пачняце змагацца за штосьці іншае”, – сказала яна. Сапраўды, ва ўспрыманні некаторых людзей эка-звычкі і фільмы "Марвел" знаходзяцца ў адной катэгорыі – нейкія іміджавыя забаўкі для моладзі.
Дарэчы, эка-звычкі і мода – цяжка супастаўляльныя рэчы, бо трэнды на адзенне ўвесь час мяняюцца. Прытрымліванне іх вымагае частай змены гардэроба і амаль непазбежнай падтрымкі мас-маркетавай тэкстыльнай вытворчасці, якая мае даволі сумныя экалагічныя наступствы. У нашай культуры гіперспажывання ўсё звязана: культурныя, экалагічныя і сацыяльныя працэсы ўздзейнічаюць адзін на адзін.
Кадр з фільма "Кітаянка" Жана-Люка Гадара, 1967 год
Згадваючы сацыяльныя працэсы, немагчыма разважаць пра моду, не зачапіўшы барацьбу за правы жанчын, бо ўсё звязанае са знешнім выглядам у першую чаргу ўспрымаецца як жаночае. Трэнды ў пэўным сэнсе з’яўляюцца інструментам цяперашняй дыскрымінацыі, бо дэманструюць тое, як варта выглядаць, абапіраючыся на стандарты прыгажосці. Прыгажосць і мода – рэчы не тоесныя, але яны пэўным чынам працуюць разам. Самі фасоны адзення, якія транслююцца праз рэкламу, вобразы, якія ў гэтай рэкламе ствараюцца, вымагаюць ад жанчын пэўных знешніх параметраў. У першую чаргу гэта тычыцца фігуры. Жанчына, якая пад іх не падыходзіць, аўтаматычна выключаецца з шэрагу тых, хто можа быць моднай і прыгожай. Культ хударлявасці, які шырока транслюецца ў тым ліку праз моду, не ідзе на карысць ментальнаму і фізічнаму здароўю людзей, якія падпадаюць пад гэты ўплыў. Сярод маіх нешматлікіх знаёмых як мінімум чатыры дзяўчыны, якія перажылі разлад харчовых паводзін або змагаюцца з ім дагэтуль, і чалавек дзесяць проста жывуць з вялікай незадаволенасцю сваёй знешнасцю.
Чытайце таксама: Бодзіпазітыў — слухаць і чуць сваё цела
Як правіла, прадаючы пэўную рэч, брэнды прадаюць пэўны лад жыцця, карціну свету. Як у эпізодзе пра сацыяльныя сеткі з серыяла “Чорнае люстэрка”, калі дзяўчына прыходзіла паглядзець дом, а ёй уключалі галаграфічную праекцыю, як яна на кухні гэтага дома гатуе сняданак і абдымаецца з прыгожым мужчынам. Тавар – не дом, а шчасце, якое ў ім напаткае. Сучасная рэклама пакуль абыходзіцца без галаграм, але карыстаецца гэтым прыёмам даволі шырока. У тым ліку калі дзейнічае праз блогераў. Чалавек, за якім ты сочыш кожны дзень, – амаль такая ж мультымедыйная праекцыя. Але ўплыў у яе яшчэ мацнейшы, бо тут рэклама часта гучыць як парада ад добрага знаёмага, які да таго ж жыве так, як хочацца жыць табе. Трэнды ў адзенні, трэнд на спорт і здаровае харчаванне, на касметычныя працэдуры – іншымі словамі, трэнд на пэўны знешні выгляд – часта прадаецца як упэўненасць у сабе. Але рэч у тым, што, па-першае, ад новага паліто ці прафесійна выкананага манікюра ўпэўненасць будзе нядоўгай, а па-другое, камусьці гэта ўсё для ўпэўненасці не патрэбнае ўвогуле. Але для асабліва ўражлівых людзей немагчымасць адпавядаць вобразу можа быць дастаткова балючай і стацца прычынай няўпэўненасці. Усе мы, гартаючы Інстаграм, час ад часу ператвараемся ў школьнікаў у дэбатах пра патрэбнасць школьнай формы. Адзенне, гаджэты і лад жыцця адлюстроўваюць сацыяльную няроўнасць, дэманструюць, хто як можа сабе дазволіць апрануцца і куды паехаць у адпачынак.
Кадр з фільма "Лоро" Паола Сарэнціна, 2018 год.
Падлеткі сапраўды найбольш падвяргаюцца ўздзеянню трэндаў. Яны імкнуцца зрабіць знешнасць сродкам самавыяўлення, у іх матывацыі звычайна ёсць два напрамкі: або быць не горшым за іншых, каб не аказацца выкінутым з калектыву, або адрознівацца ад агульнай масы, быць не такім, як усе, дэклараваць сваю ўнікальнасць. Людзі старэйшага пакалення – бацькі, бабулі і дзядулі – часам даволі рэзка рэагуюць на іх спробы. Яно і зразумела: гэта людзі, якія выраслі ў ідэалах служэння агульнай справе, калектывізму, тады быць прынятым было надзвычай важна, а вылучацца – нельга. Я памятаю, як у трынаццаць гадоў, калі я пафарбавала пазногці ў чорны колер, мая бабуля абуралася і казала: “Я хачу, каб мая ўнучка была сціпленькай”. Праз пяць гадоў я пафарбавала валасы ў ружовы, і яна не знайшла, што мне сказаць.
Рабіць знешні выгляд формай самавыяўлення натуральна. Але не заўсёды татуіроўкі, пірсінг або незвычайнае адзенне сведчыць пра тое, што чалавек нешта такім чынам дэкларуе. Яму можа проста падабацца так выглядаць.
Сід Вішэз і Нэнсі Спанджэн, 1970-я
“Мне гэта падабаецца” – у цэлым асноўнае, чым варта кіравацца пры выбары элементаў знешняга выгляду. Нават паняцце стылю, больш шырокае і ўніверсальнае за “моду”, сёння стала вельмі суб’ектыўным, а правілы спалучэння колераў і фасонаў, падбору вобраза пад пэўную сітуацыю ператварыліся са строгага кодэксу, роўнага ледзь не правілам этыкету, у нешта схематычнае і неабавязковае. Самы моцны і трывалы трэнд – індывідуальнасць.
Але, калі так падумаць, няўжо знешні выгляд настолькі важны? Няўжо ён уплывае на асобу, на характар і лад жыцця? Магчыма, кіравацца трэндамі прасцей, чым падбаць пра ўласны камфорт, зручнасць. Але гэта спрыяе ўпэўненасці і адчуванню сябе сабой дакладна не менш, чым прыгажосць.
Аляксандра Сітнікава, budzma.by