Алесь Тодараў разважае на budzma.org аб тым, як максімальна бязшкодна пачаць усё з пачатку.
Мы жывем у такі час, калі шмат якія фактары могуць разбурыць звыклы жыццёвы лад. Гэта можа быць і развод, і страта працы ці працаздольнасці, і смерць блізкіх, і вымушаны пераезд у іншую краіну. У кожнага ёсць тое, што можа добра выбіць з каляіны ды прысуміць пачаць усё нанова. А можа нічога глабальнага і не адбыцца, проста хочацца рэстарту ў жыцці. Бывае і такое.
Пераацэнка абставін
Першае з чаго варта пачынаць — гэта пераацэнка абставін.
Варта ўвесь час трымаць у галаве, што як бы моцна жыццё цябе ні біла, заўжды трэба падымацца і працягваць ісці наперад. Нават калі звольнілі з працы, прагарэў бізнэс ці сышоў каханы чалавек — усё роўна трэба ўставаць і не таптацца на месцы.
З аднаго боку ўсё быццам бы проста і відавочна, але часам з абсалютна поўным усведамленнем свайго стану і неабходнасці пад’ёму людзі працягваюць валяцца. А ўсё таму, што яны пераацэньваюць сітуацыю і падаюць духам. Можна праляжаць так усё жыццё, якое пройдзе недзе побач і толькі наракаць на ўласны нешчаслівы лёс.
Калі казаць больш канкрэтна, то сапраўднага падзення не бывае нават тады, калі паміраюць блізкія, звальняюць з працы і ў адзін момант развальваецца справа ўсяго жыцця.
Падзенне надыходзіць тады, калі вы самі вырашылі, што гэта канец і яма — тады, калі псіхалагічна настроілі сябе на гэта.
То бок, гэта хутчэй за ўсё кагнітыўны момант з кантэкстам самаўнушэння, чым рэальны збег акалічнасцяў. Так, усё пералічанае вышэй трагічна — такога нікому не пажадаеш, нават заклятаму ворагу — аднак гэта не канец і зусім не дно.
Пакуль б’ецца вашае сэрца, не ўставаць нельга.
Зірніце на таго ж Стывена Хокінга — ва ўзросце 18 гадоў у яго пачалі выяўляцца прыкметы цяжкай хваробы, якія пасля прывялі да паралічу. Ён сутыкнуўся з многімі цяжкасцямі і ў нейкі момант палічыў, што трапіў у яму.
Аднак ён прагнаў прэч нерацыянальныя думкі, рушыў далей і стаў паспяховым фізікам-тэарэтыкам. Будучы паралізаваным ён зрабіў каштоўны ўклад у касмалогію, літаральна не варушачы і пальцам — бо здолеў навёсці парадак у сваёй галаве.
Бярыце з яго прыклад — не занурвайцеся на горы, паспрабуйце прапусціць яго праз сябе і прыміце ўсе выпрабаванні, якія выпадаюць на вашым жыццёвым шляху, як выпрабаванні, якія не проста трэба, але варта пераадолець.
Пакуль вы жывыя — у вас усё наперадзе: поспех, шчаслівае жыццё і многія іншыя радасці. Засталося толькі прыняць існуючыя абставіны і рушыць далей.
Калі паралізаваны чалавек здольны дасягнуць такіх вышынь — што перашкаджае вам?
Гэта салодкае слова поспех
Нас з дзяцінства прывучаюць да думкі, што мы абавязкова павінны стаць паспяховымі. Вучыцца на пяцёркі, скончыць універсітэт з чырвоным дыпломам, атрымаць добрую працу з высокім заробкам. Але ніхто нават не задумваецца аб тым, ці зробіць нас гэта шчаслівымі насамрэч, або проста падорыць прыгожую карцінку ў інстаграме.
Бывае так, што людзі гадамі нешта робяць, а потым усё рушыцца і абрынае іх у бездань роспачы. Аб якіх сферах трэба клапаціцца, каб зноў адчуць сябе па-сапраўднаму шчаслівым і вярнуцца да нармальнага жыцця?
Псіхічнае здароўе
Калі ў вас ёсць старыя непрапрацаваныя траўмы ці ментальнае расстройства, яны ўвесь час будуць нагадваць пра сябе і пагаршаць якасць вашага жыцця. Каб пачаць адчуваць наноў сябе жывым і шчаслівым варта ад іх пазбавіцца. У крытычнай сітуацыі лепей за ўсё звярнуцца да спецыяліста.
Здаровыя адносіны
У нас у грамадстве лічыцца, што калі ў цябе ёсць партнёр — ты ўжо мусіш быць паспяховым і шчаслівым. Але справа не ў яго наяўнасці, а ў якасці вашых адносін. Здавалася б простая рэч, але далёка не ўсе яе разумець.
Фізічнае здароўе
Не забывайце сачыць за ім, рэгулярна наведваць лекараў і весці здаровы лад жыцця.
Імкніцеся ў першую чаргу рабіць тое, што вы любіце. Не абмяжоўвайце сябе! Вы можаце зарабляць велізарныя грошы, працуючы на нялюбай працы, але ўсё роўна заставацца няшчасным.
Алесь Тодараў, budzma.org