Вольныя Купалаўцы правядуць live-трансляцыю Тыдня Тэатра, падчас якога можна будзе пабачыць сузор’е знакавых спектакляў. Паказы спектакляў будуць дасяжныя для прагляду з 26 па 30 сакавіка ў жывым эфіры! Пачатак усіх трансляцый а 19-ай па Варшаве.
«Вольныя Купалаўцы». Фота: facebook.com/kupalaucy
«Усё што трэба— перайсці на юцюб-канал Вольныя Купалаўцы альбо скарыстацца спасылкай ў шапцы нашага профілю», — напісана ў сацсетках Вольных Купалаўцаў.
Нагадаем, што канал Вольныя Купалаўцы прызнаны экстрэмісцкім, таму, калі ласка, не дзяліцеся спасылкамі на трансляцыі і не данацьце з беларускіх картак. Памятайце пра сваю бяспеку.
«Калі вы ўжо набылі квіткі на Тыдзень Тэатра, хочам запэўніць, што мы разумеем усе акалічнасці цяперашняга жыцця, таму камеры будуць здымаць выключна тое, што адбываецца на сцэне», — адзначаюць артысты.
Тыдзень Тэатра і яго трансляцыі сталіся магчымыя дзякуючы Міністэрству Культуры Польшчы і Мэрыі горада Варшава.
Монаспектакль Зоі Белахвосцік аб станаўленні Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы з 1920 года. Гэта шчыры аповед пра асабісты жыццёвы шлях, пра гісторыю тэатральнай дынастыі, пра падзеі ў Беларусі, якія жорстка адбіваліся на лёсе Купалаўскага тэатра і Купалаўцаў. Гэта праўдзівая гісторыя, напісаная жыццём. Сцэнар, які даводзіцца пражываць па-сапраўднаму, сумленна і з гонарам.
У ролях: Зоя Белахвосцік
Рэжысер: Аляксандр Гарцуеў
Спектакль ідзе на беларускай мове з польскімі субцітрамі.
Спектакль-антыўтопія створаны паводле адной з частках вядомага раману Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы». Гэта змрочнае бачанне будучыні, фантасмагарычны погляд у будучыню Беларусі. З гэтага спектакля вымалёўваецца нярадасная карціна: татальная дэградацыя, крах культуры, маралі і тэхналогій, і гучыць скразны матыў беларускай беспрытульнасці і бяздомнасці ў сьвеце.
«Быць беларусам — гэта ня мець свайго месца ў сьвеце. Або інакш: быць беларусам — гэта ўсюды адчуваць сябе чужым, іншым. Магчыма, што і Чужаніцай, і Іншым. Ці так можна жыць? Ды так па-сутнасьці мы і жывем...»
У ролях: Аляксандр Казела, Зоя Белахвосцік, Мікалай Стонька, Алег Гарбуз, Сяргей Чуб, Ігар Сігоў, Аляксандр Гарцуеў, Валянціна Гарцуева, Кацярына Яворская, Алякасандр Зелянко, Міхась Зуй, Андрэй Дробыш, Эрык Арлоў-Шымкус.
Рэжысер: Аляксандр Гарцуеў
Спектакль ідзе на беларускай мове з польскімі субцітрамі.
Гэты спектакль пра людзей, якія аднойчы выйшлі на вуліцы, узброеныя барабанамі, гітарамі і бубнамі, махалі сцягамі і спявалі пра перамены, што ніяк не адбудуцца. За гэта на сваёй радзіме яны былі абвешчаны ЭКСТРЭМІСТАМІ. За каментар, за лайк, за ўзняты сцяг! За тое, што чыталі забароненыя навіны! За тое, што выходзілі на вуліцу ў нядзелю! За тое, што не хацелі вайны з суседняй краінай! Песня была іх супрацівам. Музыка стала іх злачынствам.
У ролях: Зоя Белахвосцік, Кацярына Яворская, Аляксандр Зелянко, Сяргей Чуб
Рэжысёр: Аляксандр Гарцуеў
Кампазітар: Аляксандр Зелянеўскі
У спектаклі таксама гучыць музыка гурта Irdorath.
Спектакль ідзе на беларускай мове з польскімі субцітрамі.
«Зэкамерон» — дакументальны раман, які складаецца са ста навел, што апісваюць жыццё і стасункі зняволеных і іх ахоўнікаў у адным з беларускіх СІЗА. Максім Знак пісаў гэтую кнігу з верасня 2020 па снежань 2021 года, будучы вязнем аднаго з іх.
Спектакль «Зэкамерон» звязаў шэраг апавяданняў са зборніка Максіма Знака ў адзіную імпрэзу. Гэта гісторыя пра тое, што адбываецца за кратамі ў Беларусі, у якіх умовах жывуць палітвязьні, як пачуваецца чалавек у турме, якія людзі яго атачаюць, як адбываецца камунікацыя паміж усімі гэтымі людзьмі, як гэта ўплывае на кожнага з іх , і, нарэшце, як палітвязню ўдаецца заставацца чалавекам. Музыка і песні на словы Максіма сталі базавым злучальным элементам.
У ролях: Алег Гарбуз, Уладзімір Пугач, Сяргей Чуб.
Рэжысер: Войцэх Урбаньскі
Спектакль ідзе на беларускай мове з польскімі субцітрамі.