Вядомы беларускі рэпетытар, сузаснавальнік адукацыйнага цэнтра «100 балаў» Яўген Лівянт на сваёй старонцы ў фэйсбуку выказаўся пра ўвядзене ў беларускіх школах і гімназіях адзінай абавязковай школьнай формы. Нагадаем, гэтае патрабаванне пачне дзейнічаць у школах ужо з гэтага навучальнага года.
«За апошнія месяцы з выступаў кіраўнікоў сістэмы адукацыі я зразумеў, што ў нас у сістэме ёсць усяго дзве асноўныя праблемы: школьная форма і прыватныя школы. Іншых праблем у нас няма або яны нязначныя! — піша Яўген Лівянт. —
Усё лета сістэма адукацыі абмяркоўвае, прымярае, закупляе, дэманструе школьную форму, аж да паказаў моднай школьнай формы. Гэты ажыятаж нагадаў мне анекдот часоў перабудовы, калі да Міхаіла Сяргеевіча прыходзяць і кажуць: «У нас каровы дохнуць». У адказ чуюць параду намаляваць на кароўніках зялёны квадрат. Праз некаторы час да Гарбачова зноў прыходзяць і кажуць, што каровы ўсё роўна дохнуць. І ў адказ чуюць параду намаляваць на кароўніках сіні трохкутнік. Яшчэ праз месяц прыходзяць і кажуць, што ўсе каровы здохлі, на што Міхаіл Сяргеевіч адказвае: «Вельмі шкада! У мяне было яшчэ шмат цікавых ідэй!»
Растлумачу прычыны, па якіх я негатыўна стаўлюся да ўвядзення абавязковай школьнай формы.
Школьная форма, на мой погляд, патрэбна толькі для вельмі бедных краін або краін, у якіх існуе значнае сацыяльнае расслаенне. У гэтым выпадку школьная форма ў нейкай ступені нівеліруе розніцу паміж рознымі пластамі насельніцтва.
Для рухомага маладога чалавека аднаго камплекта школьнай формы відавочна недастаткова, бо яе трэба пастаянна чысціць або мыць, пры гэтым два камплекты — гэта вельмі дарагое задавальненне. А з улікам таго, што дзіця пастаянна расце, школьная форма становіцца вельмі непрактычным набыццём, часта гэта, па сутнасці, выкінутыя грошы. Акрамя гэтага, адна і тая ж форма дрэнна падыходзіць для розных часоў года, у першую чаргу, з пункту гледжання захавання здароўя дзіцяці.
Школьную форму могуць дазволіць сабе яшчэ вельмі багатыя краіны або дарагія прыватныя школы, у якіх бацькі вучняў могуць дазволіць сабе купіць некалькі камплектаў адзення.
Так як мы не адносімся ні да самых бедных, ні да самых багатых краін планеты, значыць, школьная форма толькі стварае фінансавыя праблемы, асабліва для сем’яў з невысокім дастаткам.
Але праблемы ўзнікаюць не толькі фінансавыя. Што адбываецца ў нас, калі ў школу прыйшоў вучань без формы? У школу яго ўсё роўна пусцяць. Як не пусціць дзіця ў школу, куды ён у гэтым выпадку пойдзе?
Такім чынам, яго пусцілі ў школу і пачынаецца высвятленне адносін, крыкі: «Ты чаму без формы?!» Крычаць заўсёды ад бяссілля. А што можна зрабіць? Ну, пакрычаць-пакрычаць і супакояцца, а ўрок або ўрокі ўжо сарваныя.
Чым адрозніваліся і адрозніваюцца настаўнікі прафесійныя ад настаўнікаў слабых? У моцных настаўнікаў няма часу на высвятленне праблем формы, у іх кожная з 45 хвілін урока на вагу золата. Гэтыя настаўнікі кожную секунду ўрока імкнуцца напоўніць карысным зместам. Такім настаўнікам абыякава, прыйшоў вучань у форме ці не.
А вось слабому настаўніку, якому няма чаго даць вучням, у гэтым выпадку ёсць, дзе разгарнуцца хвілін на 10-15 урока: «Ты чаму без формы? Ды я бацькам паведамлю! Ды як табе не сорамна? Ды мяне пазбавяць прэміі!». І гэтак далей. Вучні, як правіла, ставяцца да такога высвятлення адносін абыякава («пакрычыць і перастане») або нават са схаванай радасцю — час урока ідзе, нікога не спыталі, ну і выдатна.
Паўтару, добры настаўнік не можа дазволіць сабе гэтак бяздарна марнаваць каштоўны час урока .
Я думаю, што школьнай формай з натхненнем займаюцца дрэнныя адміністратары ўсіх узроўняў і дрэнныя настаўнікі. Гэта тыя людзі, якія не ў стане знаходзіць рашэнне рэальных праблем сістэмы адукацыі. Такім чынам яны імітуюць бурную дзейнасць, ствараючы вялікія праблемы для рэальнага навучальнага працэсу. Мне здаецца, што вось гэтыя ўсе гісторыі са значкамі, гальштукамі, хусткамі, сарочкамі, камізэлькамі — гэта нейкі тэатр абсурду, у якім, па сутнасці, уся краіна — гэта і ўдзельнікі, і гледачы".