Вандруем разам з «Будзьма!»: што паглядзець у Лунінецкім раёне. Частка трэцяя

Працягваем вандроўкі разам з «Будзьма!» па прасторах нашай Бацькаўшчыны. Гэтым разам прапануем скіравацца на Палессе, у Лунінецкі раён Брэсцкай вобласці, па маршруце Лунін — Палескі — Лунінец — Язвінкі — Кажан-Гарадок — Сінкевічы — гранітны кар’ер — Мікашэвічы — Вялікія Чучавічы — Бастынь — возера Белае. Дзе спыніцца, падсілкавацца і што паглядзець у самім Лунінцы і па правы бок ракі Прыпяць у Лунінецкім раёне, скарыстаўшыся паромнай пераправай, мы распавядалі раней у вандроўцы па Палессі. У апошняй частцы маршруту трошкі падрабязней аглядзім Мікашэвічы, спынімся ў Вялікіх Чучавічах, вёсцы Бастынь і наведаем возера Белае.


1.jpg
Фота: planetabelarus.by

Мікашэвічы

Першыя пісьмовыя згадкі пра Мікашэвічы датуюцца 1785 годам як пра вёску пры маёнтку Леніна. У гэты час паселішча налічвала тры двары і належала князям Радзівілам.

2.jpg
Чыгуначная станцыя Мікашэвічы, 1925–1939

У 1878 годзе пачалося будаўніцтва Палескай чыгункі, і ў Мікашэвічах з’явілася чыгуначная станцыя, праз якую неўзабаве пачаў хадзіць цягнік. Менавіта ў сувязі са з’яўленнем чыгуначнай станцыі пачалося імклівае развіццё Мікашэвічаў, якія з цягам часу набылі статус мястэчка.

3.jpg

У пачатку ХХ стагоддзя ў Мікашэвічах мясцовым зямянінам Агаркавым быў пабудаваны фанерны завод дзеля перапрацоўкі драўніны, які той здаў у арэнду Чундэру. Арандатар пачаў узводзіць тут гаспадарчыя пабудовы з чырвонай цэглы, у адной з якіх сёння месціцца каталіцкая капліца.

4.jpg
Фота: planetabelarus.by

За польскім часам у 1921 годзе Агаркаў прадаў сваё прадпрыемства франка-бельгійскай фірме «Ольза». У той час праз раку Случ праходзіла мяжа з Расіяй, і Мікашэвічы былі памежным раёнам. У 1936 годзе ў Мікашэвічах быў пабудаваны прыгожы мураваны неагатычны касцёл Маці Божай Каралевы. У 1960-я гады савецкія ўлады зачынілі храм.

5.jpg
Касцёл Маці Божай Каралевы, Мікашэвічы, 1936

5-1.jpg
Касцёл Маці Божай Каралевы, Мікашэвічы, 1936

Чытаць па тэме: Вандруем разам з «Будзьма!»: што паглядзець у Лунінецкім раёне. Частка першая

У 1990-я гады будынак быў перададзены Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату. Тады ж у выніку рэканструкцыі над будынкам быў узведзены шэраг купалоў-цыбулінаў, а таксама вежа, завершаная высокім шатром з «цыбулінай», што амаль непазнавальна змяніла першапачатковы выгляд будынка. Сёння ўжо праваслаўную царкву Святога Яна Прадцечы можна пабачыць у цэнтры Мікашэвічаў.

6.jpg
Фота: planetabelarus.by

6-1.jpg
Фота: planetabelarus.by


У 1960-х гадах пад Мікашэвічамі было знойдзена радовішча граніту. Першы выбух, з якога пачалася гісторыя прадпрыемства «Граніт», прагучаў тут 21 кастрычніка 1973 года. У 2005 годзе рабочы пасёлак Мікашэвічы атрымаў статус горада. Варта завітаць і ў сам горад, не толькі на кар’ер, па прыгожыя фотаздымкі.

7.jpg
Фота: planetabelarus.by

Вялікія Чучавічы

Далей прапануем затрымацца ў вёсцы Вялікія Чучавічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. Дабрацца і сёння туды зусім не проста, бо паўночны ўсход Лунінецкага раёна мяжуе з тэрыторыяй балотных абшараў, забалочанымі лясамі, абсалютна бязлюднымі месцамі, асноўным багаццем якіх з’яўляецца вялікая колькасць журавінаў ды камароў. Частка тэрыторыі ўваходзіць у склад заказніка «Борскі», які аб’ядноўвае найбольш буйныя балоты мікрарэгіёна. Аграгарадок Вялікія Чучавічы месціцца на ўскрайку гэтых маляўнічых мясцінаў.

8.jpgФота: planetabelarus.by

Чучавічы ўпершыню ўзгадваюцца ў 1577 годзе як сяло Наваградскага павета, якім валодаў віленскі ваявода Мікалай Юр’евіч Радзівіл. Пасля Радзівілаў Чучавічы перайшлі ў валоданне да князя Пятра Вітгенштэйна, аднога з найбуйнейшых землеўладальнікаў таго часу на тэрыторыі Беларусі.

9.jpg

На сродкі Пятра Вітгенштэйна ў 1851 годзе ў Чучавічах была ўзведзена драўляная ўніяцкая царква з пяццю купаламі, у 1908 годзе да яе была дабудаваная званіца з шатровым дахам. Свята-Пакроўскую царкву ў Вялікіх Чучавічах можна пабачыць і сёння, але ўжо як праваслаўную. Храм унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі як помнік драўлянага дойлідства, аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.

10.jpg

10-1.jpg

У царкве можна пабачыць разны пазалочаны іканастас з арыгінальнымі абразамі XVIII–XIX стагоддзяў «Маці Божая Адзігітрыя», «Пакроў Маці Божай», фератрон, характэрны для рыма- і грэка-каталіцкіх храмаў «Георгі Перамоганосец» і «Пакроў Маці Божай». Яшчэ варта звярнуць увагу на драўляную скульптуру ХІХ стагоддзя «Укрыжаванне».

11.jpg
Фота: wikimedia.com

Чытаць па тэме: Вандруем разам з «Будзьма!»: што паглядзець у Лунінецкім раёне. Частка другая

Асаблівасці мясцовасці ў ваколіцах Вялікіх Чучавічаў — вялікая колькасць лясоў, урочышчаў, балотаў, дазволіла вядомаму беларускаму фалькларысту і этнографу Аляксандру Казіміравічу Сержпутоўскаму звярнуць увагу на «першабытнасць» мясцовых жыхароў і прыроды. Ён пакінуў свае нататкі пра гэты край, зафіксаваў паданні мясцовых жыхароў, зрабіў шмат фотаздымкаў славутасцей і месцічаў.

12.jpg
Чучавічы, 1910. Фота: Аляксандр Сержпутоўскі

12-1.jpg
Фота: Аляксандр Сержпутоўскі

12-2.jpg
Фота: Аляксандр Сержпутоўскі

Бастынь

Далей рушым у вёску Бастынь Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. Упершыню ў пісьмовых крыніцах Бастынь згадваецца ў XV стагоддзі як уладанне Неміровічаў-Шчытоў з Кажан-Гарадоцкага адгалінавання роду. У XVIII стагоддзі гаспадаром Бастыні быў Ян Неміровіч-Шчыт, сын кашталяна смаленскага Крыштафа Бенедыкта Неміровіча-Шчыта.

13.jpg

У 1750 годзе Ян Неміровіч-Шчыт з жонкай Людвікай з роду Пацаў фундавалі ўзвядзенне ў Бастыні грэка-каталіцкай царквы. На жаль, да нашых дзён храм не захаваўся: у 1980-х яна была зруйнаваная савецкай уладай. На месцы царквы ў 1990-я гады пабудаваны драўляны пратэстанцкі храм. А драўляны праваслаўны храм Святой Параскевы Пятніцкай, які сёння можна пабачыць у вёсцы Бастынь, пабудаваны ў 2003 годзе.

14.jpg
Фота: fotobel.by

14-1.jpg
Фота: glubinka.by

Сын Яна Неміровіча-Шчыта, Юзаф Неміровіч, зрабіў Бастынь сваёй рэзідэнцыяй. Пасля гаспадарамі тут былі Друцкія-Любецкія, сядзіба якіх, пабудаваная ў ХІХ стагоддзі, да нашых дзён не захавалася, была знішчана ў 1939 годзе. У другой палове ХХ стагоддзя маёнтак набыў царскі пісар А. Струкаў.

15.jpg
Уладальніца маёнтка Бастынь В. Струкава ў вясковым строі, 1915

На мясцовых могілках у вёсцы Бастынь сёння можна пабачыць склеп-пахавальню мясцовай землеўласніцы Феліцыі Дваракоўскай, якая памерла ў 1833 годзе. Помнік унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

16.jpg
Фота: fotobel.by

16-1.jpg
Фота: fotobel.by

Возера Белае

Далей прапануем рушыць да ўнікальнага для палескай балоцістай мясцовасці прыроднага помніка. Возера Белае — адзінае возера басейна ракі Прыпяць, якое ўваходзіць у спіс самых чыстых вазёраў Беларусі. Астатнія належаць у асноўным да басейна Заходняй Дзвіны ды Нёмана.

17.jpg
Фота: planetabelarus.by

Максімальная глыбіня возера Белае каля сямнаццаці метраў, плошча — 0,22 км2. Вадаём мае амаль ідэальную авальную форму. Наваколле возера ў асноўным раўніннае, высокія пясчаныя берагі, парослыя дрэвамі, надаюць мясцовым краявідам асаблівую маляўнічасць. Тут сустракаюцца асобныя дубы, якія маюць узрост каля ста гадоў. У ваколіцах возера былі знойдзены рэдкія расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі — лабелія Дортмана і палушнік азёрны.

18.jpg
Фота: planetabelarus.by

На берагох вадаёма размешчаны дзіцячыя аздараўленчыя летнікі. Наведнікам возера варта памятаць, што яно знаходзіцца на тэрыторыі заказніка «Лунінскі», і прытрымлівацца шэрагу абмежаванняў, у тым ліку не разводзіць вогнішчы па-за межамі адмыслова пазначаных месцаў, не пакідаць смецце ды не чыніць ніякай іншай шкоды прыродзе.

19.jpg

Вандруйце разам з «Будзьма!». ПЖ