Лухта ці падман? – Сяргей Філімонаў пра шоў-бізнэс

Аглядаць з’явы культурніцкай плыні ды “шоў-бізнэсу” – справа няўдзячная, нават небяспечная. Нярэдка апынаешся перад выбарам: шчыра казаць тое, што адчуваеш, ці далікатна зрабіць выгляд, нібыта праблемы не існуе. Не давядзі Бог ахрысціць нейкую мясцовую поп-зорку, а можа, і цэлую падзею лухтой. Адразу зробішся асабістым ворагам пэўных “дзеячаў ад мастацтва”. Таму лепей пісаць пра ўсё заморскае. Яно далёкае, а часам і больш цікавае. Людзі, якія не адшукалі на радзіме захапляльных для сябе рэчаў, пачынаюць верыць у прымаўку “Добра там, дзе нас няма”.

Сяргей Філімонаў. У 1981 годзе скончыў гістарычны факультэт БДУ. У часы перабудовы жыў у Маскве, працаваў у турыстычным бізнэсе, а па вяртанні ў Беларусь трапіў на Беларускае тэлебачанне – «зусім выпадкова», як кажа Сяргей. Займаўся рознымі праектамі, як эканамічнымі і рэкламнымі, так і забаўляльнымі. Быў аўтарам і вядоўцам некалькіх праграмаў, сярод якіх «Спадарожнікавая антэна» і «Відзьмо-невідзьмо». Праца над апошняй праграмай і стала ў выніку асноўным заняткам і творчай візітоўкай. Менавіта «Відзьмо-невідзьмо» ў сярэдзіне 90-х адной з першых на постсавецкай прасторы атрымала права на трансляцыю цырымоніяў уручэння «Оскара» і «Грэмі».
Пасля працяглай адсутнасці тэлепраграма “Вiдзьмо-невiдзьмо” з верасня 2012 г. — зноў у эфіры!

Насамрэч ТАМ шмат усяго амаль такога ж. Можна, канечне, верыць, што Майкл Джэксан – кароль поп-музыкі і самы “тыражны” артыст на планеце. Але як тады ўспрымаць амерыканскіх аматараў бухгалтарскіх праверак, якія раптам высветлілі: яшчэ у 90-я лічба сапраўды прададзеных альбомаў “караля” была завышаная прыкладна ў 5 разоў! Навошта гэта рабілася? Можа, уладальнікам прыватных клубаў спатрэбілася “адмыць” прыбыткі ад нелегальнага гандлю? Што ўжо казаць пра шэрагі іншых зорачак танцавальных паверхаў?

Яшчэ горшыя пакуты адчуваеш, спрабуючы разабрацца ў прыватным жыцці тых ці іншых знакамітасцяў. Хто такая насамрэч Аманда Лір, хлопчык ці дзяўчынка? Ці праўда, што мастак-авангардыст Сальвадор Далі выступіў у якасці Пігмаліёна і аплаціў нелегальную ў тыя часы (канец 1950-х) аперацыю па змене полу? Ці сапраўды ёй 73, а не 62, як кажа сам(а) артыст(ка)?

Пачнеш лічыць заробкі Джэксана – атрымаеш кляймо “антыпапсавік”. А ў выпадку з высвятленнем таямніц Аманды ўвогуле прычэпіцца мянушка “жанчынаненавіснік”.

Дык што рабіць? Проста назіраць? Магчыма. Але цікава зразумець, чаму тыя, а не іншыя з’явы выклікаюць усплёск цікаўнасці. Хочацца навучыцца адрозніваць “тупы піяр” ад нечага шчырага. Камерцыю ад творчасці. Шматгадовы досвед назіранняў не суцяшае: максімальны поспех атрымлівае толькі спалучэнне першага і другога. Узяць славутых брытанцаў з “Пінк Флойд”. Класічнага складу гурта не існуе ўжо амаль 30 гадоў, апошні студыйны запіс быў зроблены ў 1994, летась былі перавыдадзеныя ўсе старыя запісы. І варта было запусціць над Лонданам паветраныя шары ў выглядзе гіганцкіх парсюкоў (дакладна так, як было ў далёкім 1977-м, калі выйшаў альбом “Жывёлы”), як музыка 40-гадовай даўніны ўзначаліла спісы продажаў па абодва бакі акіяну!

Постэр стужкі “Небяспечны метад”( A Dangerous Method, 2011)

 А кіно? Сучасны кінематограф перажывае крызіс. Вялікі бізнэс штампуе нескладаныя сюжэты, аздобленыя толькі спецэфектамі. Гэтак званы “артхаўс” спрабуе рэкламаваць ці то паліткарэктнасць, ці то псіхічна хворых персанажаў. Фестывалі і прызавыя мерапрыемствы даўно страцілі значнасць. Узнагароды не ўплываюць на камерцыйны поспех кінастужкі, як было яшчэ гадоў 15 таму. Ініцыятыва за інтэрнэтам. Фільм з (глыбокім) сэнсам адшукаць цяжка. Часцей за ўсё ў якасці арыентыру выступаюць прозвішчы даўно вядомых майстроў, а не касавы поспех. Здзіўляешся, калі ўдаецца паглядзець разумную стужку, як “Небяспечны метад” (A Dangerous Method, 2011) канадскага рэжысёра Дэвіда Кроненберга. У ёй доктар Зігмунд Фройд сцвярджае, што чалавецтвам кіруюць сэксуальныя інстынкты. А псіхіятр Карл Густаў Юнг лічыць, што кіруе “калектыўнае несвядомае”, дух. Функцыю тэніснага мячыка ў гульні паміж навукоўцамі выконвае прыгожая пацыентка. Прычым пад кіраўніцтвам Кроненберга вобраз дзяўчыны, створаны Кірай Найтлі, не нагадвае “драўляную дошку”, у выглядзе якой мы ўжо прызвычаіліся бачыць акторку. На жаль, гэты фільм наўрад ці пацешыць аматараў прыгожых касцюмных меладрам.

Што ж, часам хочацца разабрацца, чаго ў шоўбізе болей, лухты ці падману. І што насамрэч кіруе паводзінамі чалавека, сэкс ці дух. Даваць адказы на такія пытанні – гэта, па шчырасці, не мой стыль. Але калі я і спрабую гэта зрабіць, высновы несуцяшальныя, бо ў жыцці няма адназначных адказаў і адной-адзінай праўды ў апошняй інстанцыі. Добра ўсведамляючы гэта, я, пускаючыся ў такія развагі, ніколі не раблю гэтага ўсур’ёз. Бо ў развазе аўтар падсвядома хавае нейкі здзек, можа, над сабой самім? Таму людзям звычайна такія развагі не падабаюцца, ім хочацца простага рэцэпту. А такога не існуе. Простымі бываюць толькі рэклама ці піяр.

Сяргей Філімонаў