
Мы прасачылі, як змяняўся вобраз беларускага музыкі ад брэжнеўскага застою да нашага часу стабільнасці і спакою.

У 1981 годзе навучэнец мінскай мастацкай вучэльні Леанід Зэйдэль-Вольскі стварае са сваім сябрам Уладзем Давыдоўскім гурт “Фаварыт”, які праз некаторы час будзе перайменаваны ў “Мрою” – першую беларускамоўную рок-каманду на неафіцыйнай сцэне.

У час існавання “Мроі” Вольскі пачаў эксперыменты над сваім выглядам. Гурт граў папулярны на той час хард-рок, таму самае тое было падмаляваць вочы, адпусціць доўгія валасы, надзець скуранку ды павязаць на шыю ланцужок з крыжам.

Пры канцы 80-х Вольскі спрабаваў ужыцца ў імідж блазна.

Гэта цяпер музыкі выходзяць на сцэну ў тым жа, у чым ходзяць па вуліцы, а ў пачатку 90-х да сцэнічнага іміджу была асаблівая ўвага, асабліва ў такога гурта, як “Мроя”. Фотасесіі тых часоў.

У першы год існавання новай каманды N.R.M. Вольскі і кампанія яшчэ не адышлі ад свайго хард-рок-стайлу.

У сярэдзіне 90-х асабліва праявілася любоў Вольскага да акуляраў, звычайных і чорных. Змяняецца і яго публічны вобраз. Цяпер гэта інтэлігентны малады чалавек, не раўнуючы офісны супрацоўнік, які носіць белую кашулю. Пра яго нефармальны лад мыслення сведчыць хіба пірсінг.

Такі вобраз Лявон абраў для ўласнага вяселля з Ганнай, 1997 год.

Здымак тых жа часоў. Вось калі з’явілася ідэя да вокладкі сольніка “Грамадазнаўства”.

За валасамі Лявона ўсачыць немагчыма. Ён пастаянна змяняе іх даўжыню і колер. На гэтай фотцы Вольскі трохі распаўнелы, але неўзабаве ён зноў зоймецца сваёй фізічнай формай.



У “Народным альбоме” Вольскі стварыў цэлую галерэю вобразаў. Найперш, канечне, гэта “рэакцыйны і антысавецкі” Казік Пясэцкі і просты вясковы хлопец Юзік, які чакае з надзеяй на рускія танкі.

У залатыя для N.R.M. часы – пры канцы 90-х – Вольскі здзіўляў грамаду ледзь не кожны раз, як з’яўляўся публічна. На “Рок-каранацыі” Лявон выйшаў у даспехах і баявой расфарбоўцы, а ў кліпе на “Чыстую-светлую” паўстаў у вобразе… трансвестыта.

У фотасесіі да альбома “Тры чарапахі” Вольскі заўважна скінуў вагу, коратка падстрыгся і надзеў светлы гарнітур.

З заснаваннем праекта “Крамбамбуля” Вольскі чарговы раз карэнным чынам змяняе ролю. Цяпер ён “кароль раёна”. Тыпу хлопец з вашага двара. Але задума праекта такая, што тэматыка песень разам з іміджам музыкі цалкам змяняецца ад альбома да альбома. Таму Лявон кім толькі не пабываў – зайчыкам, хіпаном, шахам, мянтом.

Паралельна Вольскі выпрабаваў імідж ананіма-радыкала ў жорсткім як з пасылу, так і музычна праекце ZET. Лявон прадстаўляўся “Канцлерам” і ніколі не здымаў маскі падчас канцэртаў гэтага гурта.

Самы дзіўны вобраз Вольскага – псеўдагламур. Тыпу багаты, як кажух валахаты. Пэўны час музыка выступаў на сцэне ў футры, у выніку чаго некаторыя засумняваліся, а ці дома-дома ў яго зязюлечка начуе. Але не – неўзабаве Вольскі футра зняў.


У другой палове нулявых Вольскі заняўся навагоднімі праектамі, які самі па сабе вымагаюць поўнага пераўвасаблення. У выніку калекцыя вобразаў музыкі істотна папоўнілася. Пэўны час Лявон эксплуатаваў вобраз сварлівай бабці Cцяпанаўны.

У калекцыі вобразаў Вольскага ёсць яшчэ адзін – растаманскі.


Вольскі ў сольных праектах на сур’ёзную тэматыку паўстае ў вобразе сціплым і стрыманым. Хоць у фотасесіі да дыска “Грамадазнаўства” Лявон часткова скарыстаў свой вобраз узору 1997 года. Зрэшты, самапаўторам гэта аніяк не назавеш, бо паўтарацца Лявон проста не ўмее.


Мікалай Дубавіцкі, budzma.org