Гэтым тэкстам мы распачынаем аўтарскую рубрыку Лявона Вольскага «Мама, не журыся!». Спецыяльна для budzma.org Лявон будзе дзяліцца сваімі думкамі пра ўсё, што адбываецца ў беларускай культуры ды грамадстве, лёс Бацькаўшчыны і асаблівасці беларускага характару. Адным словам — пра самае набалелае.
Сённяшні тэкcт пра неспадзяванкі, якія падкідвае нам рэчаіснасць у выглядзе мецяжу Прыгожына, чаканні беларусаў і розніцу ва ўспрыманні апошніх падзеяў паміж расейцамі і беларусамі.
Што тут скажаш?
З аднаго боку, добра, што сытуацыя разьвіваецца нетрывіяльна. Бо, памятаеце, паводле прагнозаў Кіеў мусіў быць узяты за тры дні. А тут — усё спрэс неспадзянкі, і мы ўсе чакаем таго галоўнага сюрпрызу, які дазволіць адным беларусам перастаць баяцца, а другім — вярнуцца на радзіму.
З другога — настолькі нечаканыя гэтыя неспадзянкі, што жыцьцё лёгка можа падкінуць нешта ўжо зусім такое... Ну, ня ведаю... Прылёт іншаплянэтнікаў, напрыклад. І — галоўнае — ніхто асабліва ня зьдзівіцца. Беларусы будуць успрымаць іншаплянэтны дэсант як чарговую магчымасьць пазбавіцца дыктатуры. А расейцы?
Беларускі народ абвінавачвалі і абвінавачваюць у інэртнасьці і залішняй памяркоўнасьці. Дык паводле апошніх падзеяў расейскі народ — наагул цалкам індыфэрэнтны да свайго лёсу. Вайна? Ну, добра, вайна. З Украінай? Ну, няхай сабе з Украінай. Забіраюць на фронт? Ну, добра, пайду, а што рабіць? Не сядаць жа ў турму. Забілі? Ну, дык гэта ж вайна. А, не! Спэцапэрацыя. Але і на спэцапэрацыі людзі масава гінуць, так што ўсё нармальна. Дайце «Ладу» нашай сям’і!
Прыгожын пайшоў на Маскву? Добра, хай ідзе. Учора ўсе ўслаўлялі Пуціна, а сёньня масава фоткаюцца зь «мяцежным» крымінальнікам. А што? Ведаеце, колькі лайкаў зьбярэ гэтая фотка?
Нябачнае яднаньне
Для нас цяжка зразумець гэта ўсё: уцёкі расейскае «эліты» падчас кароткага маршу «мяцежнікаў», уваход гэтых «спартанцаў» у мільённыя расейскія гарады без аніякага супраціву, а потым — як рэзюмэ — прамову Пуціна: сардэчная падзяка ўсяму народу і ягонае намэнклятуры за неймаверную кансалідацыю, дзякуючы якой мы перамаглі (цытата не дакладная, але сэнс блізкі).
Якая кансалідацыя?
Усе чыноўнікі паўцякалі па розных замежжах, пра народ ужо было вышэй, яму нібыта ўсё адно, што вакол адбываецца, і толькі два экскаватары нішчылі шашу, па якой мусіў ісьці мяцежны марш. Гэта і ёсьць нябачанае дагэтуль яднаньне ўсяго народу?
А які вынік для беларусаў?
І ўсё гэта было б досыць сьмешна і пазытыўненька для беларусаў, каб напрыканцы зноў ні з пушчы ні з поля ня ўзьнік вялікі міратворац! І абсурдовы вынік — мяцежны забойца-крымінальнік едзе ў Беларусь. У шматпакутную Беларусь, якая ператварылася ў сховішча розных адкідаў — і радыеактыўных, і чалавечых. Бакіеў, Чэчка, цяпер — Прыгожын.
Вы скажаце: Пуцін помсьлівы, заб’е свайго колішняга кухара! А я вам адкажу: гэта, шаноўныя, пад вялікім пытаньнем. Яны ж нічога ня ўмеюць якасна рабіць. Нават атруціць у іхных спэцслужбаў часьцяком не атрымліваецца. Таму страшная помста можа пераўтварыцца ў чарговае фіяска.
І напрыканцы працытую аднаго з карыстальнікаў сацыяльных сетак. Беларуса.
«Я думаў, што дзякуючы Прыгожыну я паеду ў Беларусь, але чамусьці ў Беларусь у выніку паехаў Прыгожын».
Канец цытаты.
Лявон Вольскі, budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыкі» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі