Лявон Вольскі: Сюрпрызаў ня будзе? Ці Чаканьне дастала?

У аўтарскай рубрыцы «Мама, не журыся!» на budzma.org Лявон Вольскі разважае пра беларускую рэчаіснасць, змены ў грамадстве ды няпросты выбар паміж «сюрпрызаў ня будзе» і «чаканьне дастала».


Калаж


Ня хочацца чакаць. Ня хочацца гадамі набліжаць, працаваць, будаваць падмурак і вось гэта вось усё.

Хочацца, каб у адзін момант — раз! — і зьдзейсьнілася.

Каб вось нешта такое здарылася, і ты ўжо шчасьлівы і задаволены.

Каб там бліснула, ляснула, шаснула — і ты на бел-чырвона-белай Плошчы крычыш «Жыве Беларусь!» і п’еш шампанскае.

Каб як у кіно — вось папярэднія кадры, дзе ты, сумны, сядзіш у паўцёмнай ціхай варшаўскай (менскай, віленскай, тбіліскай — якой заўгодна) кавярні, а потым — мантажны стык! — і ўжо іншыя кадры. Тыя — з Плошчаю і шампанскім.

Вось зьнік на пару дзён лідар нацыі — і ўсе заварушыліся, заспадзяваліся. Немалады ж ужо чалавек! Незалежныя экспэрты пачалі разважаць пра транзыт улады і магчымыя сцэнары — ад хунты сілавікоў да плаўнага пераходу ў дэмакратычнае рэчышча. У сацсетках паўстала рубам пытаньне: ді даставаць зь лядоўніка шампанскае? І зноў пачалі мроіцца тыя кадры з Плошчай...

Не пайшло. Лідар чарговым разам прадэманстраваў жывучасьць.

Зрэшты, жывучы лідар таксама неаднаразова наступаў на гэтыя граблі. Таксама хацелася яму, каб — раз! — і зьдзейсьнілася.

Некалі даўно ён думаў, што вось праз пару дзён — раз! — і ты ўжо ў Крамлі. Дыктуеш усім умовы і трымаеш у страху ўсю плянэту, бразгаючы замочкам запаветнае валізкі з гузікам.

Не пайшло. Там, у цэнтры імпэрыі, знайшліся іншыя «моцныя рукі», якія завалодалі запаветнай валізачкай.

Чытайце яшчэ: Лявон Вольскі пра чаканні «галоўнага сюрпрызу, які дазволіць адным беларусам перастаць баяцца, а другім — вярнуцца на радзіму»

А яшчэ ён, гэты жывучы беларускі лідар, думаў, маўляў, зараз пушчу праз сваю тэрыторыю расейскія захопніцкія войскі, яны за дзень возьмуць Кіеў, памяняюць там уладу — і ўсё. Усе шчасьлівыя і задаволеныя. Апроч украінскага народу. Але хто яго пра што пытацца будзе, гэты народзец? Прыйшоў новы лідар, паставіў задачу — выконвайце!

Але не пайшло. Цяпер і без таго хісткае рэнамэ канчаткова сапсаванае саўдзелам у агрэсіі, а пра ўзяцьце Кіева і блізка не вядзецца.

А — памятаеце? Калі забыліся, дык я нагадаю — калісьці ў 90-х мноства людзей хацелі каб таксама ў адзін момант — раз! — і вярнуўся Савецкі Саюз. Каб ня ехаць гандляваць на рынак у Польшчу, а спакойна ісьці сабе на нецікавую, але стабільную працу, дзе, хоць і плацяць мала, але ўсё абсалютна прадказальна і трывала. Ня трэба думаць, цябе мякка накіруюць у патрэбны бок і дадуць інструкцыі.

Dzien-voli-batumi-2023.jpg
Дзень Волі ў Батумі, 2023 год

Не пайшло. Хацелі СССР, а гісторыя паўтарылася ў выглядзе фарсу. 

І абудзіліся ў дзіўным пачварным утварэньні, дзе чорнае — гэта белае, зло — гэта дабро, праўда — гэта хлусьня, і нават Каліноўскі — польскі шавініст. І галоўнае — думалі, што вернецца савок, а разам зь ім вернецца і маладосьць. А нічога такога — ні саўка, ні маладосьці. Расчараваньне.

Вось і ў 20-м думалі: Ну, усё, мы абудзіліся, мы ўжо ня хочам па-ранейшаму, цяпер усё мусіць рэзка зьмяніцца. Мы абудзіліся, прачнуліся, зьмяніліся, глядзім на рэчаіснасьць іншымі вачыма! Зьмяняйся і ты, рэчаіснасьць!

Не пайшло. Рэчаіснасьць не зьмянілася ў адзін момант. Улада не пайшла каяцца і плакаць на плошчу. Гэтая ўлада ня ўмее каяцца. Яна ўмее затое ўчэпіста трымацца за свае крэслы. І нават не распіяранымі сінімі пальцамі, не. Зубамі. І калі дзеля захаваньня свайго статусу давядзецца гэтымі зубамі загрызьці пару дзясяткаў (сотняў, тысячаў) чалавек, ніхто перад гэтым ня спыніцца.

Але хто ж пра гэта думаў?! Усе думалі, што вось я выйду на вуліцу, нас будзе сотні тысячаў, і зло адступіць. А зло тым часам ліхаманкава плянавала: як з намі змагацца, як нас нэйтралізоўваць, як нас ламаць і падпарадкоўваць. А мы ж нічога не плянавалі. Мы думалі, што яно неяк так — выйдзі на вуліцу і само па сабе разруліцца.

У гэтым і бяда. Чаканьне цуду, рэзкае зьмены ўлады, аднамомантнае Перамогі — гэта проста чаканьне. І яно можа расьцягнуцца на гады і дзесяцігоддзі.

І праз гэтыя гады й дзесяцігоддзі колішняе чаканьне пераўтвараецца ў расчараваньне. Гэта як дзьве канцоўкі рэфрэну аднае вядомае песьні — можна сьпяваць «ты не чакай, сюрпрызаў ня будзе», а можна «ты не чакай, чаканьне дастала», і сэнс цалкам зьменіцца.

Пратэсты ў Заслаўі 2020 год
Пратэсты ў Заслаўі, 2020 год

Дык, можа, варта аднойчы рашуча ды ўпэўнена сказаць сабе: «Чаканьне дастала!»? Не хавацца зноў у сваю чарупіну, дзе праца, сэрыял, піўко, лецішча і крэдыты? Не казаць сабе, што «мы, прынамсі, паспрабавалі»?

Чаго мы чакаем? Хто прынясе нам на сподачку запаветную свабоду і дэмакратыю?

Каб у 20-м краіна на некалькі дзён ня выйшла б на працу, спыніла вытворчасьць, паралізавала жыцьцё сыстэмы, мы б цяпер жылі ў іншай дзяржаве.

Не пайшло. Усе працавалі, а ў вольны час наведвалі маршы ды мітынгі.

І раптам высьветлілася, што каб прыйсьці да Перамогі, трэба, прынамсі, ісьці да яе. Набліжаць усімі магчымымі сродкамі.

А хто ж гэтым будзе займацца, калі ўсе чакаюць імгненнага пераўтварэньня і казачнага пераўвасабленьня?

Дык вось неабходна выбраць. Паміж «сюрпрызаў ня будзе» і «чаканьне дастала».

Выбірайце.


Лявон Вольскі, budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыкі» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі