
У гонар пісьменніка Уладзіміра Караткевіча зіхацяць знічкі ды падаюць зоры метэораў леанідаў на вечарыне “Леаніды вяртаюцца на зямлю”, якая ладзілася ў музеі Максіма Багдановіча 25 лістапада.
Зорны дождж леанідаў Уладзімір Караткевіч яскрава апісаў у сваім рамане “Нельга забыць”. Узгаданы пісьменнікам метэорны паток зноў вярнуўся да Зямлі ў месяц нараджэння Караткевіча. Яго можна было назіраць на начным небе ў лістападзе.
Арганізатар вечарыны Міхаіл Бараноўскі:
– Калі вы думаеце, што назва вечарыны “Леаніды вяртаюцца на зямлю” вынікае з маёй любові да Караткевіча, то вы маеце рацыю. Але акрамя таго з 10 па 22 лістапада назіраўся самы вялікі за апошні час метэорны дождж. Мы сабраліся, каб невялічкім канцэрцікам адзначыць дзень народзінаў Караткевіча за дзень да яго.
Трагічнасць і эмацыйнасць вершаў, любоў да слова і да радзімы, каханне і боль, радасць і смутак, жыццё і пачуцці класіка беларускай літаратуры рэхам адгукнуліся ў яго творах.
Лірыка Караткевіча спалучылася з нотамі і акордамі, у музыцы і спевах гучала паэзія аўтара. З дапамогай выступоўцаў вершы паэта пераўтварыліся ў песні.
Удзельніца вечарыны Даша Кадамская:
– Маё знаёмства з беларускай літаратурай пачыналася менавіта з Караткевіча. Я праспяваю песню на словы верша “Дэман”. Гэта цудоўны верш, які мяне вельмі ўразіў у дзяцінстве.
Кніга ўспамінаў пра Уладзіміра Караткевіча – трэцяе выданне з серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”, сталася падарункам музею ад аўтаркі і ўкладальніцы Галіны Шаблінскай.
Галіна Шаблінская:
– Мне выпаў шанец і гонар быць укладальніцай і таксама аўтарам кніжкі, якая выходзіла да апошняга юбілею пісьменніка. Сёння ў мяне цудоўная магчымасць падараваць гэтую кніжку Літаратурнаму музею Максіма Багдановіча.
Цягам вечарыны слова Караткевіча ажывала ў гуках струнаў і мелодыцы песняў. Часам разважлівыя і філасофскія, часам бурныя і адчайныя словы паэта адлюстраваліся ў выступах музыкаў Міхаіла Бараноўскага і Дашы Кадамскай, Надзеі Процька, Віталя Мурзіча і Рамана Яраша.
Завяршаць імпрэзу давялося музычнаму гурту “Alta Mente”.
Вакалістка гурта Кацярына Ваданосава:
– Рэчы, пра якія пісаў Караткевіч, такія блізкія і такія цудоўныя.
Таямнічасць дзікага палявання і падарожжы ў пекла на ладдзі роспачы, руіны Альшанскага замку і каханне, якое нельга забыць. Маляўнічыя вобразы культуры і гісторыі, якія назаўжды захаваліся ў творах Караткевіча.
Вечарына памяці Уладзіміра Караткевіча асвяціла леанідамі музыкі ў зорным дажджы словаў паэта поўную залю наведвальнікаў.
Імпрэза ладзілася дойлідамі праекту “Вежа міру”.