Яшчэ ў 1999 годзе ў гарадзенскім універсітэце імя Янкі Купалы быў выдадзены расейка-беларускі фізычны слоўнік. Паводле аўтара, выйшла толькі 100 асобнікаў. Слоўнік выкарыстоўваліся ў навучальнай рабоце. Новы яго варыянт быў падрыхтаваны яшчэ колькі гадоў таму, але аддзел мэнеджменту ва ўніверсітэце пакуль не зацвердзіў дату выдання.
Легендарнага прафесара Паўла Сцяцко звольнілі з Гарадзенскага ўніверсітэту ў 86 год
Доктар філалагічных навук, прафесар Павал Сцяцко разам з калектывам з васьмі навукоўцаў універсітэту імя Янкі Купалы некалькі гадоў таму падрыхтаваў да друку новы, дапрацаваны чатырохмоўны расейска-беларуска-нямецка-ангельскі фізычны слоўнік. Пакуль у аддзеле менеджмэнту ўніверсітэту вырашаюць, наколькі слоўнік можа быць запатрабаваны, у прафэсара Сцяцко гатовыя да выдання іншыя працы. Што з імі будзе, таксама няясна.
Спадар Сцяцко ўзгадвае, што гэты слоўнік збіраліся выдаць яшчэ тры-чатыры гады таму, але ўсё звялося да таго, што зрабіць гэта павінны былі за сродкі факультэта. А гэта азначала, што выкладчыкі на факультэце не змаглі б амаль цэлы год атрымліваць заробак.
«Цяпер нібыта яго збіраюцца выдаць, але ў аддзеле мэнеджменту кажуць, што попыт на яго малы, а значыцца, цяжка будзе выдаваць. Хоць, на маю думку, слоўнік патрэбен ня толькі для нашага ўніверсітэту, але для ўсёй Беларусі. Ён таксама будзе запатрабаваны і ў сярэдніх спецыяльных установах, і ў школах для практычных мэтаў. Калі Міністэрства адукацыі зверне на гэта ўвагу, то цалкам магчыма, што слоўнік з’явіцца накладам ужо ня сто асобнікаў, як гэта было з першым выданнем, а значна большым».
Паводле Сцяцко, слоўнік змяшчае каля 20 тысяч тэрмінаў з розных раздзелаў фізікі, а таксама сумежных навукаў — астрафізікі, біяфізікі, хіміі, матэматыкі, электратэхнікі ды іншых.
Прафесар Сцяцко — аўтар звыш 600 кніг і навуковых артыкулаў. Ён падрыхтаваў манаграфіі «Антрапонімы Беларусі» і «Слоўнік прозвішчаў Гарадзеншчыны». А яшчэ пра адну кнігу — «Дзярэчынскі слоўнік», трэцяе выданне якой рыхтуецца да 600-годдзя мястэчка Дзярэчын Зэльвенскага раёну, спадар Сцяцко, як кажа, распавядае ўпершыню.
«У гэты слоўнік увойдзе чатыры раздзелы. Першы — «Лексікон» — сам слоўнік Зэльвеншчыны. Другі — «Айконімы» — назвы населеных пунктаў Зэльвеншчыны. Трэці — «Імёны Зэльвеншчыны», чацверты — «Прозвішчы Зэльвеншчыны». Плануецца, што выданне з’явіцца дзякуючы фундатарам у гонар 600-годдзя Дзярэчына. Цікава будзе яго чытаць. Там, дарэчы, расшыфраваныя імёны і прозвішчы мясцовых людзей. Многія вядомыя людзі звярталіся да мяне з такой просьбай і былі вельмі ўсцешаныя, калі даведваліся пра паходжанне свайго прозьвішча ці імя. Дарэчы, гэта і мае родныя мясьціны, я вырас на Зэльвеншчыне і быў вучнем Дзярэчынскай школы.
Спадару Сцяцко 86 гадоў, і я цікаўлюся — ці не стаміўся ён яшчэ працаваць? Аказалася, што з 28 чэрвеня спадар Павал ужо звольнены з працы ва ўніверсітэце імя Янкі Купалы. Міністэрская камісія зрабіла заўвагу адміністрацыі ўнівэрсытэту, што тыя нібыта прымушаюць 86-гадовага чалавека працаваць, і рэктар не працягнуў з ім кантракту.
«Я стаўлюся да гэтага дваяка. З аднаго боку, цяпер студэнты слаба працуюць, спісваюць навуковыя працы з інтэрнэту, і для мяне гэта было цяжкавата. Хоць я цалкам яшчэ працаздольны, бо мае бацькі-даўгавечнікі пакінулі мне моцныя гены. Я мог бы працаваць далей, але што зробіш, калі быў такі загад. Праўда, я застаюся кіраўніком дзяржаўнага навуковага праекту, і цяпер невядома, як быць. Мне нельга працаваць, паколькі цалкам не змагу атрымліваць сваю пенсію, а з другога боку — дзяржаўная праграма ня будзе выконвацца».
Цікаўлюся ў спадара Сьцяцко — якую пенсію атрымлівае ў Беларусі прафесар, аўтар шматлікіх кніг і навуковых публікацыяў, ці можна на гэтыя грошы пражыць, не працуючы дадаткова? Прафесар кажа:
«За кіраўніцтва дзяржаўным праектам за першы квартал мне налічылі ўсяго 380 тысяч, за другі — недзе мільён, гэта значыць, у месяц па трыста з нечым тысяч. Мая пенсія таксама скупая. Пакуль я працаваў, яна складала 3 мільёны 458 тысяч. Гэта практычна такая ж пенсія, як у маёй лабаранткі з сярэдняй адукацыяй».
Не абмінаем мы і тэму беларускамоўнага навучання ў Гарадзенскім універсітэце, якое апошнія гады практычна знікае. Узгадваючы пра сваю працу ва ўніверсітэце імя Янкі Купалы, спадар Сцяцко кажа, што ў 90-я гады, калі ён кіраваў кафедрай беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства, на філалагічны факультэт набіралі да 200 студэнтаў, а цяпер — толькі адну групу з 25 чалавек.
«Незапатрабаваны сам прадмет, як і носбіты мовы, скарачаюцца нагрузкі выкладчыкаў. Павінен сказаць, што ў дадзеным выпадку — гэта пытанні палітыкі, а я заўсёды лічыў сябе навукоўцам. Я выхоўваў студэнтаў сваёй дысцыплінай, я паказваў адметнасць беларускай нацыі, яе ментальнасьць, мову і культуру, і гэтым выхоўваў сапраўдных патрыётаў. Але я не карыстаюся нейкімі гучнымі словамі, каб папросту звярнуць на сябе ўвагу. Адзінае магу сказаць, што недарэмна беларуская мова занесена ў лік моваў, якія стаяць на мяжы вымірання».
Паводле назіранняў прафесара Сцяцко, апошнім часам высокае начальства зразумела неабходнасць беларускай мовы. Але, на думку прафесара, пакуль гэта толькі словы, а робіцца дзеля мовы яўна недастаткова.
«Пакуль усё кіраўніцтва не загаворыць па-беларуску і ўсе школы і ВНУ ня стануць карыстацца беларускай мовай, справаводства ня будзе весціся на мове тытульнай нацыі, то зрухі ў гэтым кірунку будуць вельмі марудныя, і наўрад ці мы дачакаемся таго, каб не адчуваць небяспекі знікнення мовы».
Павел Сцяцко нарадзіўся ў 1930 годзе ў вёсцы Грабава Зэльвенскага раёну. Скончыў літаратурны факультэт, аддзяленне беларускай мовы і літаратуры Гарадзенскага педагагічнага інстытуту. Абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму лексікі гаворак Зэльвенскага раёну. Выкладаў у Мінскім педагагічным інстытуце на кафедры беларускай мовы. Загадваў кафедрай расейскага, агульнага і славянскага мовазнаўства Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэту. Пазней зноў у Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце, на кафедры польскай філалогіі, з ліпеня 1990 году ўзначаліў кафедру беларускай культуры. Удзельнічаў у стварэнні першага ў Беларусі факультэту беларускай філалогіі і культуры, пазней узначаліў кафедру беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства.
Мае больш за 600 апублікаваных працаў, у тым ліку больш за 30 кніг.