«Народная Воля» працягвае публікаваць фрагменты з кнігі «250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур». Гэтым разам аповед пойдзе пра паэта — Максіма Гарэцкага.
Максім Іванавіч Гарэцкі — пісьменнік, беларусазнаўца. Класік беларускай літаратуры, буйны культурны дзеяч. Ён праявіў сябе таленавіта і шматбакова ў розных галінах духоўнага жыцця. Быў журналістам, педагогам, гісторыкам нацыянальнай літаратуры, фалькларыстам, лексікографам. Нязменна жыў ідэяй нацыянальнага адраджэння свайго народа. Таму лёс гэты складваўся вельмі драматычна і ўрэшце прыйшоў да трагічнага фіналу — расстрэлу падчас масавых рэпрэсій 30-х гадоў.
М.Гарэцкі нарадзіўся ў вёсцы Малая Багацькаўка Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Мсціслаўскі раён) у беднай сялянскай сям’і. У літаратурнай творчасці (апавяданні, аповесці, раманы, п’есы, публіцыстыка, літаратуразнаўства) праявіў сябе найперш як самабытны празаік, які развіваўся па двух блізкіх стылёвых напрамках — псіхалагічна-аналітычным і мадэрнісцкім. Другі напрамак грунтаваўся не на кніжна-канструктывісцкай, а пераважна на фальклорнай традыцыі. Пісаў найбольш пра маладую беларускую інтэлігенцыю, яе пошук свайго месца ў жыцці народа. Пісьменнік глыбока прасочваў гісторыю душы свайго героя, які не можа паразумецца і з патрыярхальна-кансерватыўным асяроддзем людзей працы, і з коламі палітыкаў ды дзяржаўных чыноўнікаў, што наводзяць свой парадак на яго роднай зямлі. Адсюль — унутраная раздвоенасць і пакутлівае імкненне выйсці з яе, будаваць свой, беларускі, шлях (аповесць «Дзве душы»). Думка пра нацыянальную самарэалізацыю беларусаў праходзіць праз цыкл апавяданняў пра Першую сусветную вайну, на якой аўтар, прайшоўшы яе франты, быў паранены (дакументальныя літаратурныя мемуары «На імперыялістычнай вайне»), пра жыццё беларусаў, якія ў свой час перасяліліся ў Сібір (аўтар зрабіў туды падарожжа ў 1926 годзе), пра гістарычнае мінулае свайго народа. Быў у М.Гарэцкага і перыяд захаплення камуністычнымі ідэямі (раман «Віленскія камунары»).
Магшот з асабістай справы НКУС, 1930 г. Максім Гарэцкі асуджаны за ўдзел у «Саюзе вызвалення Беларусі»
У 1923 годзе М.Гарэцкі перабраўся ў БССР з польскай тады Вільні, дзе працаваў у беларускай гімназіі і сядзеў у турмах за беларускую дзейнасць. У савецкай Беларусі пісьменнік актыўна ўключыўся ў навуковае і літаратурнае жыццё, нават калі быў рэпрэсіраваны і апынуўся як палітычны ссыльны ў глыбіні Расіі, у Вятцы (з 1930 года), дзе перажыў драму грамадскага недаверу і творчай незапатрабаванасці. Пісаў ён пра гісторыю свайго роду, духоўную пераемнасць пакаленняў, пра трываласць нацыянальнай культурнай традыцыі (незавершаны раман «Камароўская хроніка»), стараючыся такім чынам сцвярджаць самакаштоўнасць свайго народа.
Вокладкі зборніка апавяданняў «Досвіткі» (1926), кнігі «Ціхія песні» (1926), «Ціхая плынь» (1930)
М.Гарэцкі склаў беларуска-рускі і руска-беларускі слоўнікі, пераклаў з рускай мовы творы М.Горкага, А.Фадзеева, Ю.Лібядзінскага. Яго творы перакладаліся на рускую, украінскую, латышскую, літоўскую, нямецкую, польскую мовы.
Помнік у Мінску, па адрасе вул. Рэвалюцыйная, 2. Тут у 1922—1925 гг. месціўся Інбелкульт
Месца смерці і пахавання М.Гарэцкага, як і іншых ахвяр сталінізму, невядомае. Яго творчая спадчына яшчэ далёка не сістэматызавана і не вывучана. Пяць тамоў збору яго твораў выйшлі ў 1984–1986 гадах. У роднай вёсцы пісьменніка Малая Багацькаўка на Магілёўшчыне працуе музей, прысвечаны яго жыццю і творчасці.
Максім Гарэцкі на паштовай марцы Беларусі