7 чэрвеня ў Мінску адбудзецца развітальны канцэрт гурта Tonqixod – пераможцаў узнагарод Experty.by 2018 у намінацыі «Лепшы альбом года». Сярод яго прыхільнікаў лідар «Крамы» Ігар Варашкевіч, эканаміст Сяргей Чалы, пісьменнік Альгерд Бахарэвіч і культуролаг Максім Жбанкоў.
Tonqixod – арт-рокавае трыа з Мінску, на рахунку якога два студыйныя альбомы («Прадмова» 2014, «Колер, якога няма» 2017) і рэкордныя дзевяць узнагарод Experty.by па галасах беларускіх і замежных журналістаў. Музыкі таксама перамагалі на фэсце «Басовішча», на цырымоніях «Даём рады» ад «Еўрарадыё» і «Героі году» ад TuzinFM.
Калектыў абвясціў пра прыпыненне дзейнасці ўвосень 2017, але вырашыў сабрацца дзеля выступу ў Мінску з нагоды перамогі на ўзнагародах Experty.by. Дапамаглі яму ў гэтым дадатковыя прызы: рэкламна-інфармацыйная падтрымка сольнага канцэрта ад Finlandia (за «Лепшы альбом года») і фонда «Вяртанне» (за «Лепшы беларускамоўны альбом»).
Ігар Варашкевіч: «Tonqixod уразіў мяне, як ніводны беларускі гурт за апошнія гады. Я дагэтуль не разумею, як яны дадумаліся граць такую складаную музыку ды й яшчэ з такімі незвычайнымі і мудрагелістымі тэкстамі. Да таго ж з такой лёгкасцю. Гэта каханне з першага праслухоўвання! Вельмі раю схадзіць на канцэрт, але спадзяюся, што ён не апошні».
Сяргей Чалы: «З майго пункту гледжання Tonqixod – гэта найлепшы гурт беларускай музыкі. Я палюбіў іх творчасць з першых жа гукаў, як чалавек, які выхоўваўся на англійскім і нямецкім арт-року першай паловы 70-х. Немагчыма не пазнаць тыя матывы, якія вы там пачуеце: Jethro Tull, Gentle Giant, Genesis, Yes. А таксама краўт-рок Can і Amon Duul з Германіі. Гэта была ўнікальная падзея для беларускай музыкі, вельмі раю наведаць апошні канцэрт!».
Альгерд Бахарэвіч: «У 2013 годзе я вярнуўся з Гамбурга ў Беларусь і Юля Цімафеева запрасіла мяне схадзіць на канцэрт гурта Tonqixod у «Графіці». Я быў настолькі прыемна ўражаны, што на фоне вось гэтай другаснай беларускай музыкі – а яна праўда ў большасці выпадкаў дастаткова другасная – Tonqixod гралі нешта сваё, вельмі арыгінальнае, вельмі глыбокае. З таго часу я прыхільнік творчасці гэтых музыкаў. Ёсць у гэтым сапраўдны талент, сапраўдная магія».
Максім Жбанкоў: «Tonqixod – найлепшае з таго, што здарылася з беларускай музыкай цягам апошніх гадоў. Дзёрзкі, драйвовы і да таго абсалютна эстэцкі (пост)арт-рок – падобнага ў нас не было. А зараз ёсць. Гэта трэба бачыць».
TONQIXOD з праграмай «Шах і мат»
7 чэрвеня – клуб «Бруге» (пр. Партызанскі 6а) – 20.00
Квіткі: 15 руб. (танцпляц), 20 руб. (сядзячыя).
Продаж: Bezkassira.by
Інфалінія: (33) 661 14 32
ПРАЗМЕРНАЕ ЎЖЫВАННЕ АЛКАГОЛЮ ШКОДЗІЦЬ ЗДАРОЎЮ