За лічаныя месяцы пажылыя віляйчане выдалі дзве кнігі і даведаліся шмат новага пра беларускіх паэтаў. Дапамагла ім у гэтым літаратурная гасцёўня “Дамінанта душы”.
Удзельнікі літаратурнай гасцёўні. Фота забяспечана Марынай Макаравай.
З’явілася яна ў пачатку гэтага года. Удзельнічаюць у працы гасцёўні дзесяць чалавек. Гэта людзі з абмежаванымі магчымасцямі, амаль усе пажылыя. Сярод іх ёсць малалетнія вязні фашысцкіх канцлагераў.
Не ўсе з іх пішуць ці спрабуюць пісаць вершы – некаторыя проста любяць паэзію. Ідэя згуртаваць аматараў паэзіі прыйшла да колішняй настаўніцы Антаніны Гарчаковай. Яна выкладала беларускую мову і літаратуру амаль паўстагоддзя. І лічыць, што задача гасцёўні – прапагандаваць беларускую літаратуру.
Прызнаецца, што аб’яднанне дапамагае людзям не сядзець склаўшы рукі, а займаць актыўную жыццёвую пазіцыю.
Самі выступаюць з вершамі
Працуе літаратурная гасцёўня ў межах праекта “МОСТ – міласэрнасць, зносіны, супрацоўніцтва, талерантнасць”. Ён рэалізуецца на базе Вілейскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Збіраюцца ўдзельнікі гасцёўні не менш за адзін раз на месяц. Кожная сустрэча – тэматычная. Напрыклад, прысвячаліся яны паэтам Ганне Новік, Адаму Гурыновічу, Яўгеніі Янішчыц. Удзельнікі рыхтуюцца да іх старанна: хтосьці развучвае вершы, хто паведамленні складае. Калі інфармацыі ў кнігах недастаткова, то просяць, каб у інтэрнэце дапамаглі пашукаць.
Свае вершы чытае Зінаіда Губарава-Крупская. Фота забяспечана Марынай Макаравай.
Пабывалі віляйчане ў Ільянскай сярэдняй школе імя Адама Грымаця, наведалі там музеі. Удзельнічалі ў розных мерапрыемствах. Прыкладам, у імпрэзе да 100-годдзя Ганны Новік. Некаторыя апошні раз вершы дэкламавалі ў школе, а тут на сур’ёзным мерапрыемстве давялося выступаць.
Плюс новыя кнігі
Да ўсяго ў літаратурнай гасцёўні займаюцца выданнем кніг. Дапамагае ў гэтым раённая цэнтральная бібліятэка імя Ганны Новік. Першае выданне – гэта зборнік вершаў “Яшчэ не позна…”. У кнігу ўвайшлі вершы Антаніны Гарчаковай, Зінаіды Губаравай-Крупскай, Галіны Капцюг, Марыі Лазовік, Барыса Манцэвіча, Аляксандра Навуменкі. Нядаўна з’явіўся паэтычны зборнік Антаніны Гарчакавой “Рэха душы”.
– Чым гасцёўня стала для ўдзельнікаў? – пытаюся ў спецыяліста тэрытарыяльнага цэнтра па сацыяльнай рабоце Марыны Макаравай.
– Для іх важна тое, што могуць у чымсьці новым сябе адкрыць і падзяліцца з іншымі. А яшчэ – адпачыць душой, дакрануцца да літаратуры. І пазнаёміцца: некаторыя раней не ведалі адзін аднаго, а зараз падтрымліваюць сувязь.
Тым часам віляйчане працягваюць папулярызаваць беларускую паэзію. У лістападзе ў літаратурнай гасцёўні намечана сустрэча з паэтамі Вілейшчыны. А на заканчэнне года будуць рыхтаваць вершы пра Беларусь.
Тэгі: Вілейка