“Любоў і свабода выбару” ў лінгвістычным універсітэце

 

15 сакавіка адбылася прэзентацыя кнігі Марыі Роўды “Клінічны выпадак, альбо Дарэмныя ўцёкі” ў Alma Mater аўтара – Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Сустрэча адбылася з ласкавага запрашэння рэктара ўніверсітэта Наталлі Пятроўны Баранавай,  загадчыка кафедры беларускай мовы і літаратуры Пятра Васільевіча Васючэнкі і старшага выкладчыка кафедры Аксаны Васільеўны Семянькевіч.  Адмысловым госцем імпрэзы быў аўтар новай кнігі прозы “Анаталогія” Анатоль Івашчанка.

Прэзентацыю наведалі студэнты, выкладчыкі, выпускнікі ўніверсітэта.

Тэму сустрэчы Марыя Роўда вызначыла як “Любоў і свабода выбару”. Пад любоўю маецца на ўвазе любоў да радзімы.

Аўтар размаўляла з прысутнымі пра вандроўкі за мяжу і эміграцыю, спаслаўшыся на тое, што Мінскі лінгвістычны ўніверсітэт некалі быў інстытутам замежных моў. Марыя Роўда зачытала ўрыўкі з аповесці “Настаўнік заўжды вінаваты” пра вымушаную эміграцыю і тугу па радзіме беларускіх дзеячоў культуры пасля паўстанняў 18-19 стагоддзяў. Аўтар прапанавала ўзгадаць імёны сусветна вядомых мастакоў, музыкаў, паэтаў і пісьменнікаў, каторыя з’яўляюцца выхадцамі з Беларусі. У якасці ілюстрацыі Марыя Роўда прадэманстравала кнігі, альбомы і часопісы на беларускай мове з творамі згаданых дзеячоў.

Анатоль Івашчанка працягнуў зададзеную тэму выкананнем песні Барыса Грабеншчыкова “Дуброўскі” ў сваім перакладзе. Акрамя гэтага, Анатоль праспяваў свае пераклады іншых песень БГ, Башлачова і Умкі. Зачытаў аўтар і урыўкі з “Пацалункаў неба” са сваёй новай кнігі.

Сустрэча прайшла ў нязмушанай атмасферы. Студэнты ўразілі гасцей добрым веданнем беларускай культуры і гісторыі, цудоўным валоданнем роднай мовай. Публіка з імпэтам   абмяркоўвала прапанаваныя пытанні, у тым ліку сымбалізм вокладкі кнігі Марыі Роўды.

 

 

 

Самыя актыўныя ўдзельнікі атрымалі паштоўкі і закладкі, прадастаўленыя ў межах  грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.