Людміла Рублеўская запрасіла пераможцу MOVABOX на рандэву

Пераможца конкурса Ганна не толькі атрымала кнігу з аўтографам, але і змагла зладзіць нефармальнае інтэрв’ю з пісьменніцай.

Паводле задумы арганізатараў праекта MOVABOX, кожны, хто прайшоў тэст на тэматыку твора сучаснай беларускай літаратуры на сайце ініцыятывы, можа атрымаць адпаведную кнігу і “набор артэфактаў”, пра што сайт budzma.by пісаў раней. Але на гэтым прыгоды не заканчваюцца: з ліку пераможцаў будзе абраная асоба, якой прапануюць сустрэцца з аўтарам твора, па якім быў зроблены тэст.

З 20 пераможцаў тэсту паводле “Авантураў студыёзуса Вырвіча” аўтарства Людмілы Рублеўскай была абраная 20-гадовая студэнтка Ганна з Мінска. Сустрэча аўтара і пераможцы прайшла ў кавярні Buffet у нефармальнай абстаноўцы.

Ганна скончыла ліцэй БДУ і цяпер навучаецца на трэцім курсе факультэта замежных моваў. Яе любімыя сучасныя беларускія пісьменнікі – Віктар Марціновіч і Юры Станкевіч. Пра MOVABOX і тэст на сайце дзяўчына даведалася выпадкова – параіла сяброўка. З усмешкай Ганна згадвае свае першыя думкі: “Нейкі дзіўны тэст…” Калі ж ёй патэлефанавалі і паведамілі пра перамогу ды сустрэчу з аўтарам, эмоцыі былі ўжо іншымі.

Ганна падрыхтавала серыю пытанняў да пісьменніцы, што ператварыла сустрэчу ў нефармальнае інтэрв’ю. Адказы і думкі Людмілы Рублеўскай, якія ўдалося вычапіць з размовы, падаем ніжэй:

Ганна: Ці можа пераклад вашага твора перадаць ягоную атмасферу?

ЛР. Часта чую, што мае творы перакладаць немагчыма: шмат стылізацыяў, вытрымкі з мемуараў… Але ж Джойса таксама перакладалі! Мяне на рускую перакладаў Павел Ляхновіч, літаратар з Пінска. Я яму сказала: “Вы зрабілі гэта, бо проста не ведалі, што мяне нельга перакласці”. Цяпер мяне чытаюць і маскоўскія літаратары, да стылю ў іх пытанняў няма, а значыць, усё атрымалася.

Ганна: У вашых творах ёсць і выдуманыя персанажы, і гістарычныя асобы. Што галоўнае – фантазія або праўдзівая гісторыя?

ЛР. Гістарычныя персанажы ва ўсіх раманах – фонавыя. Галоўныя ўсё ж такі выдуманыя аўтарам. Гэта плён працы з прататыпамі плюс… я сама! Чытач часам нават не здагадваецца, што нешта такое магло адбыцца з аўтарам. Наогул жа мне падабаюцца “гатычныя” героі: д-р Бернацоні, Твардоўскі, Лёднік… яны мне блізкія. Тут я знаходжуся ў палеміцы з беларускай літаратурай і яе наборам вобразаў, ствараю сваю Беларусь.

Ганна: Якія ў вас любімыя небеларускія пісьменнікі?

ЛР. Ведаеце, я столькі ўсяго перачытала… З лацінаамерыканскіх аўтараў магу вылучыць трыяду Маркес-Борхес-Картасар. У плане стылю мне падабаюцца Алеша, Бабель, ну і Стральцоў, калі казаць пра беларусаў. Караткевіч, на маю думку, безумоўная велічыня і аўтарытэт, але “Караткевіча №2” нам не трэба, хай будзе нешта новае, іншае.

Ганна: Вы займаецеся і журналістыкай, і літаратурай. Першае не замінае другому?

ЛР. Журналістыка вучыць уменню пісаць шмат і ў любых абставінах. У дадатак да гэтага, я стараюся выбіраць тыя тэмы, якія пасля дапамогуць у падрыхтоўцы літаратурных твораў. Напрыклад, гісторык і архівіст Віталь Скалабан навучыў мяне працаваць з архіўнымі дакументамі, што дапамагае і ў журналістыцы, і ў літаратуры. Дарэчы, раман “Сутарэнні Ромула” з’явіўся дзякуючы рэальным дакументам і ягонай дапамозе.

Ганна: Скажыце, як у вас хапае на ўсё часу?

ЛР. Больш за ўсё я б хацела займацца літаратурай і нічым іншым. Але літаратура нікога не корміць… Можна, канечне, з’ехаць у вёску, трымаць там казу, як Андрэй Горват, але я з казой, відаць, не дам рады. Яшчэ Змітрок Бядуля шкадаваў пісьменнікаў, маўляў, ім трэба займацца творчасцю пасля працы, з “расплаўленымі мазгамі”.

Але іншага часу ў нас не будзе. Тыя, хто гадамі задумвае раман і ходзіць з ім у галаве, рызыкуюць так нічога і не напісаць. Сёння ты ёсць, а заўтра ўжо пішуць тваю бібліяграфію… Таму рабіць трэба сёння!

 

Алесь Кіркевіч