Людвіка Кардзіс: «Людзі, пераязджаючы, думаюць не аб тым, як інтэгравацца хутчэй, а каб іхнія дзеці не забыліся сваю гісторыю, культуру, свае карані»

Чаму стаць больш беларускімі — агульная справа для ўсіх дыяспар.



Не так даўно ў Вільні адкрыўся Цэнтр беларускай культуры і супольнасці, ці наўпрост Беларускі дом. Пра гэтае месца сілы распавяла ў інтэрв’ю «Салідарнасці» адна з ініцыятарак яго стварэння, актывістка беларускай грамады Людвіка Кардзіс.

49.jpg
Людвіка Кардзіс. Фота Я.Іванюк, radyjo.net

Яшчэ 25 сакавіка гэтага года, расказвае спадарыня Людвіка, была падпісаная дамова з Віленскай мэрыяй аб 5-гадовай арэндзе будынка на адной з самых ажыўленых вуліц літоўскай сталіцы — Віленскай. А папярэдне грамадская арганізацыя «Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча» выйграла адмысловы конкурс на гэты дом.

Цяпер беларусы, якія нядаўна патрапілі ў Вільню, могуць атрымаць тут юрыдычную, кансультацыйную дапамогу, псіхалагічную падтрымку, далучыцца да культурніцкіх і адукацыйных ініцыятыў. Яшчэ адной умовай было стварэнне Беларускага музэю, які фактычна аднаўляецца па драбніцах.

50.jpg
Фота прадстаўлена Людвікай Кардзіс

— Мы ўзялі сабе ў партнёры некалькі арганізацый, і ад ліпеня месяца пачалі касметычны рамонт, які, праўда, трошку зацягнуўся. Але гэта не перашкодзіла працы, і на сення ў Беларускім доме ёсць курсы літоўскай, англійскай мовы, акадэмічнага малюнку; дзейнічае фальклорны гурток «Беларускі цуд».

Паспяховым праектам аказалася нядзельная беларуская школка, у якую прыходзяць дзеці ад малога ўзросту да 17 год: маленькія вывучаюць мову, а ў старэйшых ёсць уласны выдавецкі праект.

Актывісты беларускай суполкі ў Літве не сталі чакаць афіцыйнага ўрачыстага і пафаснага адкрыцця з пераразаннем стужак — фактычна, пляцоўка ўжо з сярэдзіны кастрычніка працуе.

Адбываюцца сустрэчы з цікавымі людзьмі, прэзентацыі: напрыклад, нядаўна прадставілі дэбютную кнігу журналіста, спадара Аляксея Дзікавіцкага («Оньдэ» — зборнік апавяданняў і вершаў, напісаны паляшуцкай мовай — С.), прэзентавалі кнігу Вольгі Гапеевай.

— Прыходзіць розная аўдыторыя, але відавочна, што ў людзей ёсць зацікаўленасць і ёсць патрэба быць уключанымі ў культурнае жыццё, — зазначае Людвіка Кардзіс.

— Таксама музэй ладзіць выставы — першай была экспазіцыя «Чаму воля гэта жанчына», прысвечаная беларускім жанчынам, наступная выстава, прысвечаная 100-годдзю віленскага Беларускага музэю імя Івана Луцкевіча, мусіць адкрыцца неўзабаве.

51.jpg
Фота прадстаўлена Людвікай Кардзіс


З іншых яскравых імпрэз варта згадаць свята «Багач». За апошнія 30 год майго ўдзелу ў арганізацыі, напэўна, яно адбылося ўпершыню, бо Каляды, Купалле адзначаем штогод, а «Багач» толькі сёлета.

І, натуральна, Беларускі дом далучыўся да Ночы расстраляных паэтаў — сёлета імпрэза была міжнароднай, і ў Вільні прайшла жыўцом каля былога будынку КДБ Літвы.

— Вільня — мабыць, самы «беларускі» з суседніх гарадоў, і да пачатку пандэміі ў выходныя, здаецца, можна было сустрэць у Вільні паў-Менску. Але адна справа — прыехаць на вакацыі, а другая — вымушана з’ехаць, няхай у гасцінную, знаёмую, але не родную краіну. З якімі праблемамі, па вашых назіраннях, найчасцей сутыкаюцца беларусы?

— Так, пры ўсёй блізкасці да Менску людзі апынуліся ў чужой краіне, шмат хто ўцякаў ад пераследу і не мае магчымасці вярнуцца зараз дахаты. Тыя, хто мае сталую працу і рэлакаваўся з офісам, адаптуюцца крыху лягчэй, а тым, хто нядаўна прыехаўшы і працы не мае, даводзіцца вырашаць мноства бягучых пытанняў: як аформіць і працягнуць візы, дзе знайсці жытло, каб цябе не падманулі, што з медыцынскім абслугоўваннем, калі страхоўка прадугледжвае толькі першую дапамогу — ды нават дзе лепш купіць неабходныя рэчы.

Акрамя бытавых, канешне, ёсць мноства псіхалагічных пытанняў, калі чалавеку проста трэба пагаварыць з некім, зразумець, што ён у гэтым горадзе не адзін, што можа некаму затэлефанаваць.

Акрамя нашага Беларускага дома, у Вільні шмат арганізацый, якія аказваюць падобныя паслугі і дапамогу, існуюць чаты, дзе людзі раяцца, дзеляцца сваім вопытам — і гэта вельмі важна, падтрымліваць адзін аднога.

Для мяне самае балючае, калі людзі перажываюць посттраўматычны сіндром, калі іх не адпускае. Нядаўна прыехала мая знаёмая, якая прызналася, што ў разгубленасці, не можа паверыць і ўцяміць, як гэта — карыстацца інтэрнетам без VPN, ісці па вуліцы і не баяцца... Гэта вельмі глыбокая праблема, якая патрабуе кампетэнтнай дапамогі.

— Бягучы год для «Віленскага беларускага музэю імя Івана Луцкевіча» юбілейны: 140 год з народзінаў самога Луцкевіча, 20 год вашай грамадскай арганізацыі... І — нарэшце — у музэя зноў ёсць дах над галавой.

— Калі ў мяне распытваюць, як у нас з музэем, з памяшканнем, я заўжды прыгадваю вось пра што. Еўстафію Тышкевічу спатрэбілася 10 гадоў, каб яму дазволілі ў Вільні адчыніць свой музэй старажытнасцяў, перавезены з Беларусі, з Лагойшчыны; Івану Луцкевічу спатрэбілася яшчэ трошкі больш часу для адкрыцця гісторыка-этнаграфічнага музэя.

Таму я ставілася досыць спакойна да таго, што наш музэй быў без памяшкання. Год шэсць ці восем справа было зварухнулася, але потым змянілася гарадское кіраўніцтва, і ўсё зноў заглухла. Гэта вельмі ўсцешна, што ў юбілейны год так склаліся зоркі, і ўрэшце адсоткаў на 90 мы пазвозілі свае экспанаты з розных месцаў, і людзі ўжо маюць да іх доступ, каталагізуецца бібліятэка, якая працуе пры музэі. Таму, калі кажуць «бойцеся мараў, бо яны збываюцца», я запярэчу — «не бойцеся марыць, мары збываюцца!»

Таксама вельмі радуе, што знайшлося новае пакаленне людзей — адукаваных, маладых, з еўрапейскім мысленнем, якім я з радасцю гэта перадаю і ўпэўненая, што ў нашай арганізацыі будзе наступны цікавы этап і ён будзе паспяховым.

Гадоў трыццаць таму, кажа спадарыня Людвіка, мара пра беларускую школу, беларускі касцёл у Вільні здавалася чымсьці нерэальным, на мяжы фантастыкі, і найстарэйшыя беларусы перажывалі, ці будзе каму хадзіць. А цяпер віленская беларуская гімназія імя Францыска Скарына — прэстыжная і паспяховая навучальная установа, класы якой ніколі не пустуюць, як не пустуе і касцёл св.Барталамея на Зарэччы, дзе кожны дзень адбываюцца імшы.

— Безумоўна, хацелася б большых поспехаў, але, думаю, накірунак абраны правільны і большае будзе, калі мэтанакіравана да гэтага ісці.

— Яшчэ адна праблема, якой, на жаль, «звязаныя» нашыя краіны — міграцыйны крызіс. Навіны з межаў нагадваюць зводкі з фронту, і, па шчырасці, напружваюць беларусаў. А як гэта бачыцца з вашага боку мяжы, як ставяцца да мігрантаў месцічы?

— Па-рознаму. Я магу зразумець непакой тых літоўцаў, якія жывуць у памежных раёнах — у іх было сваё спакойнае жыццё, у вёсачках, дзе не было, як і Вільні, паліцыі, якая хутка можа прыехаць на выклік і аказаць дапамогу. А цяпер іх жыццё імкліва мяняецца, і гэта натуральна выклікае незадаволенасць, былі розныя выступы...

Не магу асуджаць гэтых людзей, бо, паўтаруся, для іх гэта велізарны стрэс, і можа, не ва ўсіх ёсць разуменне дапамогі. Але на гэту тэму ёсць шмат дыскусій у літоўскай прэсе, і стаўленне да мігрантаў паступова мяняецца. Што да мяне самой — у мяне ёсць пэўны спакой і давер да літоўскага ўраду, да дзяржаўных органаў, якія робяць усё тое, што лічаць патрэбным у гэтай сітуацыі.

...У адрозненне ад многіх маладых дыяспар, якія самаарганізаваліся ў замежжы толькі летась, для беларусаў Літвы салідарнасць — з’ява даўняя. У іх ёсць стала наладжаныя сувязі з іншымі грамадскімі арганізацыямі дыяспар у ЗША, Вялікабрытаніі, Польшчы, з Радай БНР, фондам культуры і адукацыі Алы Орса-Рамана.

— Гэта супрацоўніцтва ніколі не перапынялася і працавала ў абодва бакі. Я ведаю, што магу да любой арганізацыі звярнуцца, і мы атрымаем неабходную падтрымку, і наадварот, мы заўжды дапаможам, — зазначае спадарыня Людвіка.

— Напрыклад, Аліна Варанюк з Польшчы дзеліцца сваімі напрацоўкамі з нашымі настаўнікамі нядзельнікай школы, «Камунікат.org» — кнігамі для нашай бібліятэкі, заўжды дапамагае нам Беларускае навуковае таварыства Польшчы і многiя іншыя — хай не пакрыўдзяцца тыя, каго я зараз не прыгадала...

На жаль, у нас пакуль няма таго падмурка, як у польскай эміграцыі, якая потым вельмі дапамагла «Салідарнасці» — яна была аб’яднаная мовай. Але я гляджу з аптымізмам на гэту справу, бо бачу, як маладыя бацькі, іх вельмі многа прынамсі ў IT-сектары, прыводзяць дзяцей у беларускую школу, бо бачаць гэта актуальным і патрэбным.

Вельмі цешыць, што людзі, пераязджаючы, думаюць не аб тым, як інтэгравацца і ўліцца хутчэй у іншае грамадства, а каб дзеці іхнія не забыліся сваю гісторыю, культуру, свае карані.

I тое, што мы атрымалi памяшканне для Беларускага дома, выйгралi конкурс — адбылося дзякуючы не нам, а ўсім беларусам, якія ў 2020-м захацелі людзьмі звацца. Гэта справа не кожнай дыяспары паасобку, а агульная — стаць больш цікавымі, больш беларускімі.

«Салідарнасць»