Гарадзенскі гурт “Людзі на балоце” рыхтуе да выдання новы альбом на вершы гарадзенскай паэткі Дануты Бічэль.
“Будзьма” паразмаўляла пра гурт з яго лідарам Алесем Дзянісавым.
Алесь Дзянісаў ў гурце “Дзецюкі”
— Альбом пад назвай “На белых аблоках сноў” — гэта любоў да гарадзенскіх паэтаў ці павеў часу?
— Трэба прызнаць, што я чытаю мала паэзіі, больш люблю прозу. Паэтычныя кнігі, якія да мяне траплялі, былі ці падарункамі, ці прапановамі сяброў пачытаць. Так атрымалася, што большасць паэтаў, якія траплялі мне ў рукі, былі заходнебеларускімі. Вось менавіта на тыя вершы, якія найбольш краналі душу, час ад часу пісаліся песні. Усе яны клаліся па паліцу, таму што гурт “Кальян” граў збольшага цяжкую музыку, і гэтыя кампазіцыі не падыходзілі. Калі з’явіўся гурт “Людзі на балоце”, я прапанаваў музыкам папрацаваць над гэтым матэрыялам.
— Калі з’явіцца альбом і што ў ім будзе?
— Праца будзе доўгая, таму цяпер цяжка адказаць. У альбоме будзе 24-25 песень, падзеленых на 2 часткі: першая — на словы Дануты Бічэль, другая — на словы Марыі Базылюк-Саснюк і Андрэя Пяткевіча. Мы плануем запрашаць на вакал нашых сяброў і знаёмых, частка з якіх — вядомыя музыкі. Усё будзе залежыць ад песні.
Дарэчы, цяпер першасная задача для мяне — запіс дэбютнага альбома гурта “Dzieciuki”. Калі ён будзе запісаны (прыблізна красавік), больш часу будзе на “Людзей на балоце”.
— Ці не плануюць “Людзі на балоце” зрабіць некалькі песень на творы Юрыя Гуменюка?
— У Горадні калісці існаваў гурт “Айша”, музыкі якога цалкам пісалі песні на вершы Юркі. Зараз, калі мае музычныя цікавасці значна пашыраліся, я магу сказаць, што гэта выдатныя, добра зробленыя песні. “Айша” ў нейкім сэнсе “манапалізавала” вершы Юры ў Горадні. Канечне, гэта не значыць, што ягоныя творы не будуць запатрабаванымі далей. Проста ў мяне раней не было думкі заняцца ягонымі вершамі. Ад Юры таксама не паступапала прапановаў. Так склалася. Але чаму не? Адзінае што мне ніколі не падабалася, дык гэта тое, калі чалавек сыходзіць, адразу ўсе пачынаюць узгадваць пра тое, які ён быў выдатны паэт ці мастак, пачынаецца не зусім шчырая, як мне падаецца, бегатня вакол яго творчасці. Адразу хочацца запытацца: а дзе вы былі раней? Таму вось брацца за вершы Юры Гумянюка я захачу толькі тады, калі будзе настрой і нейкае ўнутранае асэнсаванне, а не таму, што трэба хутчэй напісаць пару дадатковых песен. Калі песні з’явяцца, і яны падыйдуць да альбому, мы іх аранжыруем і запішам. Што датычыцца Юры, то я хацеў бы сказаць, што мы ніколі не сябравалі, але падтрымлівалі добрыя адносіны, стэлефаноўваліся час ад часу. Я некалькі разоў з ім раіўся, як з паэтам. Я удзячны Юрыю толькі за тое, што ён пазнаёміў мяне з некаторымі гарадзенскімі літаратарамі. Напрыклад, у 2003 годзе я з часткай музыкаў гурта “Кальян” граў на прэзентацыі чарговага зборніка вершаў Юры, дзе ён мяне пазнаёміў з Данутай Янаўнай Бічэль. Яна мне падарыла адну са сваіх кніг. На частку вершаў з гэтага зборніка напісаныя песні.
— Ці не збіраецца Алесь Дзянісаў адраджаць свой стары праект “Кальян”?
— А ён ніколі і не паміраў, проста час ад часу засынаў “летаргічным сном”. Мне здаецца, што нягледзячы на нейкія агульныя законы жыццядзейнасці рок-гуртоў, кожны з іх мае свой шлях. У “Кальяна” ён такі. Былі і больш ціхія часы, калі пра нас і не згадвалі. Перад тым як запісаць наш апошні альбом “Антыпазітыў” (2011) мы наогул маўчалі амаль пяць гадоў. Цяпер сітуацыя трошкі іншая. Гурт час ад часу выязджае на канцэрты ў Польшчу. Пакуль што маўчым, але з’явіліся ідэі. У тым кірунку, у якім запісаны апошні альбом, асабіста я бачыў тупік, а новых ідэяў на той момант не было. Камусьці ў кайф па дзесяць гадоў запар калбасіць адное і тое ж, мне — не.
Фота з архіву гурта “Кальян”, 2003 год, на фота музыкі разам з Юрыем Гуменюком
Нагадаем, гурт “Людзі на балоце” выступіў у Мінску 25 студзеня. Тады яны сабралі грошы сям’і Юрыя Гуменюка.
Размаўляў Андрэй Мялешка