22 студзеня 1624 года горад Віцебск пазбавіўся Магдэбургскага права, якім карыстаўся з XVI стагоддзя. Адабралі права не проста так: у лістападзе 1623 года ў Віцебску здарылася даволі жорсткае забойства, якое паслужыла лакмусавай паперкай расколу. Раз’юшаны натоўп разадраў і выкінуў у Дзвіну арцыбіскупа Язафата Кунцэвіча, аднаго з найбольш паслядоўных прыхільнікаў і актыўных правадыроў Брэсцкай царкоўнай уніі. Паспрабуем разабрацца, як так выйшла.
Агульнавядома, што Брэсцкая унія была часткай так званай Контррэфармацыі — вяртання каталіцызмам пазіцый, якія істотна пахіснуліся ў выніку Рэфармацыі, калі падняў галаву пратэстантызм розных гатункаў, і ўлада Папы аслабла. Але ў Вялікім Княстве Літоўскім было не так шмат пратэстантаў. А унія іх інтарэсы ўвогуле ніяк не закранула — пасля яе ўвядзення Радзівілы, напрыклад, як былі, так і засталіся праваднікамі кальвінскага лобі. А вось праваслаўная эліта практычна скончылася, не стаўшы нават уніяцкай — у асноўным проста перайшла ў каталіцтва. Дзіўна, ці не так?
Першапачаткова Контррэфармацыя ў Рэчы Паспалітай, як ні дзіўна, праводзілася з мэтамі, далёкімі ад рэлігіі і веры. Ужо ў канцы XVI стагоддзя стала ясна, што з палітычным адзінствам у вялікай краіне з рознымі народамі не складваецца. І некаторыя прадстаўнікі элітаў — у прыватнасці, вядомы багаслоў Пётр Скарга — вырашылі, што «ерэтык і католік па-рознаму аб Рэчы Паспалітай думаюць» і нядрэнна было б прывесці ўсіх пад адну веру, і тады ў краіне будзе поўная згода. Нічога такога, зразумела, не здарылася, шляхецкія вольнасці мелі цалкам нерэлігійную аснову, і наўрад ці палітычную сітуацыю змяніў бы хоць іслам, хоць будызм. Затое Варшаўская канфедэрацыя 1573 года, якая гарантавала ўсім канфесіям свабоду веравызнання, патроху стала простай паперкай…
Каталіцкія колы, у першую чаргу езуіты, таксама скарысталіся новымі магчымасцямі (а хто б не скарыстаўся?) для пашырэння ўплыву сваёй канфесіі. Царкоўная унія з праваслаўем была задуманая больш за стагоддзе таму, яе ледзь не падпісалі яшчэ іерархі, Візантыі, якая гінула, у 1440-х гадах, але тады не атрымалася, і Візантыя хутка скончылася. Атрымаўшы другі шанец, каталіцкае кіраўніцтва яго не абмінула. Праваслаўныя захоўвалі свой «грэцкі» абрад, але юрыдычна станавіліся пад руку Папы Рымскага. На той момант праваслаўе ў Рэчы Паспалітай перажывала, мякка кажучы, не найлепшыя часы, якасць кіравання, дысцыпліна і асабліва адукацыйны цэнз нават найвышэйшых іерархаў царквы быў ніжэйшы за нізкі.
Таму калі ў канцы XVI стагоддзя была абвешчаная Брэсцкая (дакладней, Рымска-Брэсцкая) царкоўная унія, адзіным уплывовым яе праціўнікам аказаўся кіеўскі ваявода Канстанцін Астрожскі, нашчадак і цёзка пераможцы пад Оршай. Аднак зробленыя ім захады па абароне праваслаўя аказаліся малаэфектыўнымі, цэрквы грэчаскага абраду перадаваліся ўніятам, усё больш народу прымала новую веру. У ВКЛ уніятам, напрыклад, былі перададзеныя амаль усе гарадскія цэрквы, знакаміты Святатроіцкі манастыр — то бок барацьба была відавочна няроўная.
Ужо ў гэты перыяд пачаліся спробы спыніць распаўсюд уніяцтва шляхам банальнага забойства — у 1609 годзе быў здзейснены няўдалы замах на аднаго з галоўных архітэктараў уніі Іпація Пацея. Зразумела, гэта нічым не дапамагло. Затое іншыя адэпты ўніяцтва пачалі дзейнічаць яшчэ актыўней. У 1619 годзе арцыбіскуп Язафат Кунцэвіч паспрабаваў вырашыць праблему адным ударам — закрыць усе праваслаўныя цэрквы ў Полацкай епархіі. Атрымалася дрэнна, Полацкая зямля была гістарычна амаль цалкам праваслаўнай, і такія крокі не маглі выклікаць энтузіязм. Пад часовыя цэрквы, напрыклад, аддаваліся дамы шляхты, каб не страціць магчымасць правядзення праваслаўных набажэнстваў.
Язафат Кунцэвіч
У 20-я гады XVII стагоддзя становішча праваслаўя трохі палепшылася (напрыклад, зноў пачала працаваць Кіеўская мітраполія, якая заставалася без кіраўніка з 1595 года). Аднак і ўніяцкае духавенства не спынялася на дасягнутым. І вось у лістападзе 1623 года арцыбіскуп з’явіўся ў Віцебску.
Пра тое, што Кунцэвічу там не вельмі радыя, ён даведаўся амаль адразу ж. 11 лістапада арцыбіскуп атрымаў ад праваслаўных ветлівае пасланне, што «нядоўга яму засталося знаходзіцца ў Віцебску». Са слуг святара здзекаваліся і ўсяляк спрабавалі справакаваць на сварку. Чарговым грозным папярэджаннем сталі словы бурмістра Івановіча, што ў гарадской ратушы «схізматыкі» прынялі рашэнне, што арцыбіскуп, напэўна, хутка памрэ. Відавочцы сведчылі, што Кунцэвіча гэтыя словы моцна ўсхвалявалі, і за вячэрай ён казаў толькі пра смерць.
У гэты ж дзень здарылася яшчэ адна падзея, якая, несумненна, паўплывала на будучы лёс беднага арцыбіскупа. Нейкі праваслаўны святар Ілля Давідовіч перапраўляўся каля рэзідэнцыі Язафата праз Дзвіну, збіраючыся ў адзін з дамоў, дзе былі адкрытыя імправізаваныя храмы (уніяты пагардліва называлі іх «шалашамі») — пры гэтым на ўвесь голас заяўляў, што ўніяты «яму нічога не зробяць». Набліжаныя Кунцэвіча данеслі, што Ілля рабіў гэта спецыяльна, каб абразіць «старэйшага па званні», і ў выніку пераканалі арцыбіскупа дамагчыся арышту нахабніка. Язафат вырашыў на наступны дзень, у нядзелю раніцай, арыштаваць святара падчас чарговай пераправы праз Дзвіну для набажэнства. Арцыбіскуп яшчэ не ведаў, што гэты дзень стане для яго апошнім.
Да гэтага часу застаецца адкрытым пытанне, было забойства Язафата вынікам старанна спланаванай змовы ці проста даведзеныя да шаленства віцябляне вырашылі стыхійна разабрацца з тым, каго так «любілі». Хутчэй другое.
Такім чынам, ранняй раніцай 12 лістапада архідыякан Дарафей разбудзіў прыслужнікаў Язафата, запатрабаваўшы тэрмінова схапіць Далідовіча. А сам адправіўся ў царкву, дзе ў той час быў і сам Кунцэвіч. Ілля супраціўляцца не стаў, і яго без праблем прывялі на падворак рэзідэнцыі арцыбіскупа, дзе і замкнулі.
Затое пастаяць за Далідовіча вырашыла амаль ўсё насельніцтва Віцебска. Варта толькі было арыштаваць святара — і людзі неадкладна кінуліся біць у званы, апавяшчаючы ўсіх, што падручныя біскупа дзеюць нядобрае. Відавочцы апавядалі, што «ў тую ж хвіліну некалькі тысяч прыбеглі з рознай зброяй» і «стралялі ў нас, як у дзікіх звяроў». Гэта, дарэчы, ускосна можа сведчыць аб тым, што папярэдняя дамоўленасць усё ж была — у адсутнасць Твітара і мабільнікаў самаарганізавацца ў такі кароткі тэрмін было, імаверна, няпроста.
Архідыякан Дарафей сцвярджаў, што натоўп сабраўся з канкрэтнай мэтай — забіць Язафата Кунцэвіча. У гэтым выпадку збор каля рэзідэнцыі арцыбіскупа быў не асабліва ўдалым рашэннем — яго не было дома. Аднак Кунцэвіч праявіў моцную смеласць і адсутнасць пачуцця самазахавання — пачуўшы шум з вуліцы, ён неадкладна спыніў набажэнства, якое вёў, адправіўся да сваёй хаты і загадаў вызваліць Далідовіча. Зразумела, супакоіць гэтым натоўп не атрымалася, джын не жадаў вяртацца ў бутэльку. Ненадоўга супакоіўшыся, яны зноў пачалі штурмаваць рэзідэнцыю арцыбіскупа (ужо без канкрэтных мэтаў). І толькі ў гэты момант, мяркуючы па ўсім, нарадзілася ідэя забіць арцыбіскупа. Раз ужо сабраліся, як той казаў. Раз’юшанаму натоўпу было мала крыві, а трэба прызнаць, што Язафат да таго моманту зрабіў усё, каб стаць самай жаданай мэтай для пакрыўджаных віцяблян.
Плот рэзідэнцыі быў разбіты, натоўп уварваўся ў двор, слугі не змаглі абараніць гаспадара. Кунцэвіч прыняў смерць годна — не спрабаваў ні бегчы, ні прасіць аб літасці, памаліўся, перахрысціўся і загінуў пад ударамі. Маёмасць арцыбіскупа была разрабаваная, а цела — выкінутае ў Дзвіну.
Стыхійнае паўстанне без нейкіх далекасяжных мэтаў, зразумела, акрамя ўласна забойства арцыбіскупа, скончылася нічым. Войскі, пасланыя Жыгімонтам III, прыйшлі ў Віцебск, павесілі больш за сотню ўдзельнікаў, і ўсё скончылася. Наступствамі для горада стаў буйны штраф, пазбаўленне ўсіх гарадскіх званоў і скасаванне ўсіх прывілеяў. Уключаючы Магдэбургскае права. Вярнулі яго ўжо за сынам Жыгімонта, Уладзіславам IV, у 1644 годзе…
Дзяніс Буркоўскі
Тэгі: Віцебск