Магутны слэм у Смалявічах

11.05.2009 Музыка

15

Rock-Party выбухнула ў пятніцу 8 траўня ў кінатэатры “Радзіма”, што ў горадзе Смалявічы.

Магутным слэмам адзначылі апошні месяц разбэшчанай вясны музыканты са Смалявічаў, Жодзіна ды Беразіно. Песняй сустракалі першы месяц летуценнага лета гурты-землякі “Акропаль” – адзін з пераможцаў фэсту “Рок-Кола-2007”, “Devil Scream” ды “Za Sтеклом”. Да іх далучыліся госці: гурт “3D+1.5” з Беразіно і “Токмо” з Жодзіна.

“Яны сейчас разнясуць эты ДК” – узгадвалася замалёўка да аднаго з альбомаў гурта “NRM”.

Арганізоўваць музычную імпрэзу давялося басісту гурта “Za Sтеклом” Яўгену:

– Гэта ўжо другі канцэрт, які я арганізоўваю. Мінулы быў прысвечаны барацьбе з наркаманіяй. У нашым горадзе зрэдку праходзяць падобныя канцэрты, спрабуем арганізоўваць іх сваімі сіламі. Таму сённяшні канцэрт – магчымасць для тутэйшай моладзі добра адпачыць ды паслухаць цяжкую музыку.
Невялікая зала кінатэатру “Радзіма” перажыла сапраўдны аншлаг і нагадвала падчас канцэрту падпольны савецкі рок-клуб пачатку 80-х. Аднак няякасны гук ды цесная і душная зала не перашкодзілі аматарам альтэрнатыўнай музыкі спраўна адрывацца на танцполе.

Калі выступіў гурт “Za Sтеклом”, адразу з некалькіх канцоў залі прагучала:

– Дзякуй вам за канцэрт!

21
Гурт “Za Sтеклом”

Сапраўдным “цвіком” музычнай праграмы мусіў стаць выступ удзельнікаў “Басовішча-2007” – гурта “Акропаль”. Пытанне пра ўдзел музыкантаў у імпрэзе вырашылася літаральна за некалькі дзён да канцэрту. Пра гэта апавядае гітарыст гурта “Акропаль” Анатоль:

– На жаль, у родным горадзе мы цяпер граем рэдка, бо мясцовая адміністрацыя не можа дараваць нам удзел у “Басовішчы”. Зрэшты, дазвол на выступ нам далі, таму хочацца сказаць дзякуй.

31
Гурт “Акропаль”

Ніякія цяжкасці з апаратурай ды гукам не перашкодзілі музычнаму “акропалю” гораду Смалявічы якасна адыграць фінальную частку кацэрту. Музыканты ахінулі слухачоў сваёй энэргетыкай, а на танцполе адбываўся бязлітасны слэм. Але ні кінатэатр “Радзіма”, ні мясцовыя слухачы цягам канцэрту цяжкіх пашкоджанняў не атрымалі.

41
Слэм падчас канцэрту

Музычная імпрэза доўжылася больш за тры гадзіны і сталася для яе наведвальнікаў сапраўдным эмацыйным выбухам, магутным слэмам, які для тутэйшых аматараў альтэрнатыўнай музыкі – рэдкасць.

Слухач Ігар:

– Пэўна, заўтра ў мяне ўсё будзе балець, але гэта будзе заўтра.

Фота аўтара.

На першым фотаздымку: Гурт “Токмо”

Для budzma.org

Тэгі: