“Палажэнне ножкі-лягушачка, прафілактыка дысплазіі, падушка Фрэйка і парашутныя нагавіцы…” Не, гэта не выхапленыя з курса маладога байца тэрміны, але ж урыўкі з ажыўленных размоваў маладых віцебскіх мам падчас майстар-класа па выкарыстанню слінга. Так з лёгкай дзявочай рукі прафесійнага слінг-кансультанта з Менску Аляксандры Аліевай-Труханавец нядзельнай раніцай у адной з заляў культурна-гістарычнага комплекса “Залатое кола Віцебска “Дзвіна” распачаліся “Забаўлянкі для Янкі” — цыкл асветніцкіх сустрэч-семінараў для бацькоў, аб’яднаных агульнай ідэяй выхавання дзетак па-беларуску. Аўтарамі і ажыцяўляльнікамі праекту з’яўляюцца прадстаўнікі студэнцкага этнаграфічнага таварыства “Поўнач”.
Ідэя “Забаўлянак” нарадзілася ў самым сэрцы “Поўначы” – ў творчым асяроддзі ўжо вядомага самабытнага віцебскага дзявочага бэнда “Паўночная Сухадроўка” ў адзін час з Янкам — сынам адной з удзельніц гурта. Маладая маці Ганна Краўчанка правяла шмат гадзін у інтэрнэце ў пошуках забаўлянак для малога на роднай мове. Нажаль, у бязмежнай сусветнай сетцы на вочы трапляліся толькі расейска- дый украінскамоўныя кніжкі, рэдкія выданні на беларускай разнастайнасцю не адрозніваліся. Хутка Ганна зразумела — шукаць скарбы беларускай этнапедагогікі і ствараць умовы для іх захавання ёй прыйдзецца самой. Застацца адзінокай у сваіх памкненях не давялося — сяброўкі з “Сухадроўкі” не толькі падтрымалі маладую маці ў пошуках, але і паспрыялі з’яленню на свет доўгатэрміновага праекта “Забаўлянкі для Янкі” .
“Наш праект накіраваны на стварэнне сямейнай беларускамоўнай прасторы, у якой родная мова будзе гучаць не толькі ў грамадскіх асяродках, па радыё-тэлебачанні, але і дома, а таксама на згуртаванне бацькоў, якія жадаюць вырасціць дзяцей беларусамі. Таму у нашых бліжэйшых планах – пазнаёміць дзетак і іх бацькоў з беларускай этнапедагогікай, унікальнымі народнымі традыцыямі, — распавядае Ганна Краўчанка, аўтарка ідэі праекта.
Дзяўчаты ўпэўненыя — ўвесь Сусвет пачынае табе дапамагаць, калі ты робіш добрую справу і верыш у ажыцяўленне задуманнага. А там ужо і да здзяйснення галоўнай мары – адкрыцця ў Віцебску беларускамоўнага дзіцячага садка — недалёка. Нездарма ж напачатку прэзентацыі праекта ў залі людзей было і зусім не шмат, аднак напрыканцы, падчас майстар-класа па выкарыстанню слінгаў, заля ўжо гудзела ад галасоў маленькіх удзельнікаў, якія падыйшлі пазней з татамі і мамамі.
“У мяне двое дзяцей — старэйшаму тры, малодашай — менш месяца. Вельмі раю наведаць мерапрыемствы “Забаўлянак”, каб убачыць, што можна з дзецьмі размаўляць на беларускай мове — дзеліцца ўражаннямі Катовіч Алена, адна з мам, якая завітала на прэзентацыю праекта, а таксама на майстар-клас па выкарыстоўванні слінга. – Тут і новы вопыт, і знаёмствы з неабыкавымі да роднай культуры бацькамі, і магчымасць добра правесці выходныя са сваімі дзецьмі ў беларускамоўным асяродку. Да таго ж Алена адзначыла, што ёй вельмі спадабалася практычная частка – не кожны дзень у Віцебску паразмаўляеш з прафесійным слінг-кансультантам.
Сапраўды, тэма першага майстар-класа была выбрана не здарма: модны ў сучасным грамадстве слінг мае непасрэдную сувязь з этна традыцыяй, нашы продкі ва ўсю карысталіся практыкай нашэння дзіцёнка прывязаным да сябе ў рушніках ці хустках падчас гаспадарчай працы.
“Мне было вельмі прыемна прыняць удзел у “Забаўлянках”, – дзеліцца ўражаннямі Аляксандра Аліева-Трухановец. – Я сама не размаўляю па-беларуску пастаянна, але планую перайсці на родную мову ў хуткім часе, бо вельмі ж хачу, каб адражджалася беларуская мова, каб мой дзіценак яе ведаў, таму гэта цудоўна што, ёсць такі праект! Вяртанне да роднай культуры – непазбежная будучыня для беларусаў – упэўненая слінг-кансультант, бо ўжо сёння людзі паціху адмаўляюцца ад Саветчыны, якая доўгі час тармазіла развіццё грамадства і пачынаюць вяртацца да беларускіх традыцый, пераймаць еўрапейскія стандарты.
Цяпер кожны месяц у рамках “Забаўлянак” будуць праводзіцца пэўныя майстар-класы: па выцінантках, па каляднай батлейцы і па ляльках, бацькам выпадзе магчымасць пазнаёміцца з радзінна-хрэсбінай абраднасцю, дзецям — з народнымі дзіцячымі гульнямі. Па выніках праекта плануецца выданне кніжачкі-дапаможніка з дзіцячымі забаўлянкамі, а таксама аўдыё-складанкі з калыханкамі ў выкананні гурта “Паўночная Сухадроўка”.
На дадзены ж момант удзельнікі праекту занятыя не толькі зборам інфармацыі, але і пошукамі “інфарматараў” — тых, хто добра памятае забаўлянкі-казкі-калыханкі са свайго дзяцінства і не супраць імі падзяліцца для добрай справы.
Сачыце за анонсамі падзей праз суполкі ў Vкантакте http://vk.com/zabaulanki і на фэйсбуку http://www.facebook.com/groups/zabaulianki/
Тэлефоны для сувязі: +375 33 3808125 (мтс) Ганна +375 29 1157625 (velcome) Святлана.
Праект ладзіцца пры падтрымцы грамадска-культурніцкай кампаніі «Будзьма Беларусамі!» http://budzma.org, а таксама культурнай прасторы vitebsk4.me http://vitebsk4.me/
аўтар фота і відэа – Антон Якаўлеў