17 і 18 жніўня паэт Міхась Скобла і спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава выступілі на Слонімшчыне і Зэльвеншчыне.
Першыя дзве сустрэчы адбыліся ў летніку “Лясны” паблізу вёскі Паўлава – спачатку з малодшымі школьнікамі, а затым са старшакласнікамі. М. Скобла прачытаў вершы “Сынкавіцкі храм”, “Божыя кароўкі з Жыровічаў”, “Давыд Гарадзенскі”, расказаў пра свой удзел у выданні насценнага літаратурна-міфічнага календара, дзе яму давялося выступіць у ролі Лазніка. Вучні з задавальненнем слухалі песні Т. Грыневіч-Матафонавай, знаёмыя ім са школьных падручнікаў, – “Спадчыну” Я. Купалы, “Мой родны кут” Я. Коласа, “Зорку Венеру” М. Багдановіча, “О Беларусь, мая шыпшына!” У. Дубоўкі. Спявачцы нават давялося даць своеасаблівы майстар-клас для пяцікласніцы Дашы, якая праз два дні мусіла выступаць на конкурсе мастацкай самадзейнасці, але прызналася, што адчувае сябе на сцэне скавана… А 18 жніўня адбыўся выступ на канцэртнай пляцоўцы ў мястэчку Дзярэчын – пры касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, якому споўнілася 100 гадоў.