Макаўка, ці макавец — адзін з любімых дэсертаў на стале нашых продкаў у час Раства і Вялікадня. Шмат беларусаў і зараз гатуюць такі здобны рулет з макам на святы. Сам ласунак даволі ўніверсальны, дадаваць можна мёд, разынкі, але мы пакажам, як прыгатаваць класічную макаўку.
Мак — партал у замагільны свет
Мак у кулінарыі пачалі ўжываць ужо ў ХІ стагоддзі на нашых землях, у асноўным для выпечкі. Нашы продкі лічылі, што насенне маку з’яўляецца сімвалам росквіту, багацця і добрага здароўя.
За часамі язычніцтва зерне маку сімвалічна звязвалі з вераваннямі ў замагільнае жыццё. Лічылася, што гэта расліна дазваляе перасекчы мяжу паміж жыццём і смерцю. Далёкія продкі нават выкарыстоўвалі мак пры падрыхтоўцы страў для мёртвых, якія, як тады лічылася, маглі прыходзіць у госці да жывых. Да прыкладу, на Дзяды або Куццю мак маглі дадаваць у некаторыя стравы.
Партрэт каралевы з маку, макаўка ў 4 метры
У хрысціянскай традыцыі звычай начыняць макам выпечку, магчыма, звязаны з апакрыфічнай хрысціянскай легендай аб тым, што мак вырас там, куды падалі кроплі крыві ўкрыжаванага Хрыста. Да таго ж здобу з макам вельмі любілі есці манахі, нават у час паста, каб неяк разнастаіць свой рацыён, гатавалі посную макаўку.
Макавы пірог любілі нават каралі. У 1681 годзе прыдворны пекар Яна III Сабескага падрыхтаваў велізарны макавец, упрыгожаны выявай жонкі караля Марысенькі, чым вельмі яго парадаваў. А да стала апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага аднойчы падалі макаўку даўжынёй у 4 метры, што вельмі пацешыла манарха.
Як прыгатаваць макаўку?
У сатэйнік наліце малако і ўсыпце мак, трэба трымаць такую тэмпературу, каб малако крыху пускала бурбалкі. Такім чынам мак варыць гадзіну. Потым яго трэба працерці ў ступе або прагнаць праз самую дробную сетку ў мясарубцы. Пачысціць ад шкарлупіны і здрабніць грэцкія або лясныя арэхі.
У муку дадаць кавалак масла, уліць алею, крыху дражджэй, убіць яйка, уліць цёплую ваду або малако (абавязкова цёплае, не гарачае!). Усыпаць цукру і крыху солі, па жаданні — ваніль. Вымешаць да стану цеста і пакінуць на 4 гадзіны падрасці ў цёплым месцы, посуд з цестам лепш накрыць крыху вільготным рушніком.
Калі цеста падрасло, яго трэба добра вымешаць. Пры вымешванні дадавайце муку, каб цеста не прыліпала. Мяшайце цеста, пакуль не перастанеце адчуваць лёгкае пахрустванне бурбалак паветра ў ім. Тады раскатайце цеста ў пласт таўшчынёй ў паўсантыметра. Стоўчаны мак выкладвайце палоскамі, чаргуючы з арэхамі. Паступова слой за слоем згортвайце цеста з начыненнем у рулет.
Калі рулет атрымліваецца даволі даўгім, то можна яго парэзаць парцыйна і для прыгажосці нанесці ўзор. Бляху лепш выслаць пергаментам для выпякання. У разагрэтую да 160 градусаў печку або духавую шафу паставіць макаўкі на 25–30 хвілін. Гатоўнасць здобы можна правяраць з дапамогай кулінарнай шпажкі: калі яна лёгка ўваходзіць у выпечку, і потым не застаецца слядоў цеста — ласунак гатовы. Крыху астылыя макаўкі можна прысыпаць цукровай пудрай і цынамонам, або паліць мёдам.
Смачна есці!
Нам спатрэбяцца:
Для цеста:
Малако — 90 мілілітраў
Масла — 40 грамаў
Алей — 40 мілілітраў
Цукар — 40 грамаў
Сухія дрожджы — 10 грамаў
Адно яйка
Ванільны цукар ці ванілін, соль — па смаку
Для начынення:
Мак — 250 грамаў
Арэхі — 30 грамаў
Калі вам падабаюцца нашыя відэапраекты і аўтарскія артыкулы, вы можаце падтрымаць рэдакцыю «Будзьмы», набыўшы нам кубачак кавы. Гэта дапаможа нам стварыць больш цікавых відэаролікаў і арыгінальных артыкулаў.
Чытайце яшчэ:
Пернікі калядныя ў форме шышак — смак беларускай традыцыі