У Беларусі ў лістападзе і сьнежні зь ініцыятывы ААН праходзяць імпрэзы і акцыі ў рамках «16 актыўных дзён супраць гендэрнага гвалту». Як зьмянілася сытуацыя ў Беларусі пасьля згортваньня канцэпцыі законапраекту аб прадухіленьні хатняга гвалту? Наколькі сур’ёзна грамадзтва ўспрымае гэтую праблему? На сайце Свабоды абмяркоўваюць адна з аўтарак канцэпцыі законапраекту, кіраўніца «Гендэрных пэрспэктываў» Ірына Альхоўка, супрацоўніца прытулку для ахвяраў хатняга гвалту «Радзіслава» Дарʼя Царук, Сьвятлана Гатальская і Аляксандра Савініч, каардынатаркі грамадзкай ініцыятывы «Маршыруй, дзетка», якая была створаная ў адказ на адмову ад закону пра хатні гвалт.
— Мінуў больш за год пасьля згортваньня канцэпцыі законапраекту аб прадухіленьні хатняга гвалту. Паводле статыстыкі, за першае паўгодзьдзе 2019 году ад рук сваіх блізкіх загінула 55 чалавек. Гэта на 8 чалавек больш, чым за аналягічны пэрыяд 2018 году. Гэта толькі лічбы. А што зьмянілася ў сьвядомасьці людзей? Ці зьмянілі стаўленьне радыкальныя праціўнікі закону?

Ірына Альхоўка: Я бачу вялікія зрухі ў грамадзкай сьвядомасьці. Плюсы і мінусы канцэпцыі шырока абмяркоўвалася, усё гэта выклікала вялікі інтарэс да самой тэмы і гэтага дакумэнту. Часам я сустракаюся са спэцыялістамі, зь людзьмі зь іншых сфэраў, якія спрабуюць гаварыць пра канцэпцыю, і я з жахам разумею, што яны дагэтуль гэтую канцэпцыю так і не прачыталі, таму што бачаць там тое, чаго няма, таго гендэра. Хаця ў прававых нормах, апісаных у канцэпцыі, слова гендэр увогуле не згадвалася. Яно было ў папярэдняй запісцы, якая тлумачыла чаму канцэпцыя мае такі выгляд.
Што тычыцца дзяржаўных органаў, то я з аднаго боку бачу засьцярогі, асабліва калі прадстаўнікі дзяржаўных органаў знаходзяцца ў публічнай прасторы. Разумею, што тэма балючая і ўспрымаецца неадназначна. Часам я атрымліваю падзякі за тое, што я агучваю гэтую праблему. Я не баюся гаварыць пра тое, што нам патрэбны закон. Мая пазыцыя не зьмянілася.
З другога боку МУС акумулюе дадатковыя аргумэнты, аналізуе статыстыку, ужо некалькі месяцаў гаворыцца пра рост цяжкіх цялесных пашкоджаньняў у сямейна-бытавай сфэры. Гэта ня можа не хваляваць, бо гэта наўпроставыя наступствы таго, што заканадаўчыя нормы, якія многімі, і найперш МУС, прызнаныя ў недастатковай ступні дасканалымі, спазьняюцца. Гэтыя забойствы — гэта немагчымасьць праваахоўных і іншых органаў хутка рэагаваць.

Дарʼя Царук: Са студзеня па верасень 2019 году ў шэлтары «Радзіслава» пражывалі 39 жанчын і 31 дзіця. Гэтая лічба не адрозьніваецца ад 2018 году, але колькасьць запытаў атрымаць бясьпечны прытулак павялічылася ў 4-5 разоў. І на большую частку запытаў мы былі вымушаныя даваць адмоўны адказ, таму што ў нас не хапала месцаў. Мы гэта зьвязваем з тым, што гісторыя з законапраектам паўплывала на грамадзтва, у тым ліку на сьвядомасьць жанчын, пацярпелых ад гвалту, якія сталі сябе ідэнтыфікаваць як пацярпелых.
Сёньня большая колькасьць жанчын вызначае сытуацыю гвалту ў сямʼі, у якой яны пражываюць, не як норму. Чым больш мы гаворым, тым большы запыт, але нашы мэханізмы засталіся на тым жа ўзроўні, і сёньня мы ня можам прадставіць абарону пацярпелым, калі гаварыць сыстэмна.

Сьвятлана Гатальская: Сёлета мы абмяркоўвалі гэтую праблему з супрацоўнікамі Міністэрства замежных справаў. Пасьля размоваў зь міністрам Уладзімерам Макеем мы зразумелі, што ў дзяржаве вельмі актыўна абмяркоўваецца пытаньне хатняга гвалту. Мы зрабілі шмат, каб гэтая тэма была папулярная ў СМІ. Журналісты і журналісткі часта выкарыстоўвалі гэтую тэму для сваіх публікацый. І на дзяржаўным узроўні гэтая тэма таксама гучыць. Я бачу, што людзі больш сталі выказвацца пра хатні гвалт. Праца, якую вядуць гендэрныя арганізацыі, калі мы расказваем, што такое эмацыйны, псыхалягічны, эканамічны гвалт, не праходзіць дарма. Усё больш людзей вызначаюць гэтыя паняткі ў дачыненьні да сябе. Гэта добры знак на шляху да зьяўленьня закону пра хатні гвалт у Беларусі.
Адна з каардынатарак ініцыятывы «Маршыруй, дзетка» Марыша Корж сёлета была на прыёме ў кіраўніка МЗС Беларусі Ўладзімера Ўладзімеравіча Макея, і ён даў нам вельмі шмат слушных парадаў, як працаваць на дзяржаўным узроўні з гэтай тэмай. Ён параіў стварыць працоўную групу ў парлямэнце. На той момант наперадзе былі выбары, і гэта было ня вельмі актуальна. З новага году мы плянуем пачаць такую працу. Канечне, у Міністэрстве ўнутраных справаў разумеюць неабходнасьць зьяўленьня такога закону, бо яно было ініцыятарам распрацоўкі канцэпцыі. Супрацоўнікі МУС працуюць наўпрост зь людзьмі, яны бачаць гэтыя жудасныя лічбы. За 6 гадоў працы на агульнанацыянальную гарачую лінію для пацярпелых ад хатняга гвалту патэлефанавалі 11 500 пацярпелых (94% зь іх жанчыны, 20% старэйшыя за 60 гадоў людзі). 150 тысяч званкоў кожны год паступае на лінію 102 з прычыны сямейна-бытавых скандалаў.
Я магу сказаць, што ў нас ёсьць падтрымка МЗС. Мы ўдзячныя Ўладзімеру Ўладзімеравічу, які прызначыў супрацоўніка, які зьвязвае МЗС і ініцыятыву «Маршыруй, дзетка».

Аляксандра Савініч: Што да праціўнікаў закону пра хатні гвалт, то нашая задача не палягае ў тым, каб радыкальна зьмяніць іх погляды, каб сёньня яны сказалі, што выступаюць за закон. Асноўнае праца робіцца дзеля таго, каб людзі маглі ўступаць у дыялёг, разам прымаць рашэньні і слухаць адзін аднаго. Мы не рабілі сацыялягічных апытаньняў пра тое, ці нехта зьмяніў меркаваньне, але тое, што людзі з рознымі пунктамі гледжаньня гатовыя выказвацца, гэта ўжо добра.
Сёлета наша ініцыятыва і іншыя гендэрныя арганізацыямі ладзілі імпрэзу «Вечар бяз гвалту», падчас якой можна было паглядзець выставу «Кожная трэцяя», арганізаваную «Радзіславай», паслухаць лекцыю пра гендэрны гвалт, падпісаць паштоўкі чыноўнікам. Сёлетняя кампанія «16 дзён актыўных дзеяньняў супраць гендэрнага гвалту» — вельмі заўважная. Усё больш людзей даведваецца пра праблему і хочуць яе абмяркоўваць, а значыць будзе нейкі рух. Галоўнае, каб не было цішыні і маўчаньня.
— Хатні гвалт — сурʼёзная праблема ва ўсім сьвеце, нават у тых краінах, дзе ёсьць адпаведны закон. Як вы ацэньваеце тое, як у сьвеце змагаюцца з хатнім гвалтам, і як гэта адбываецца ў суседніх зь Беларусьсю краінах?
Ірына Альхоўка: На Беларусь уплывае і сытуацыя ў Расеі. Заявы Савету Фэдэрацыі Расеі, парлямэнцкія слуханьні пра закон аб хатнім гвалце ў Думе хаця і былі неадназначныя (запрасілі зацятых праціўнікаў закону), але гэта дае сьмеласьць і нашым дзяржаўным органам ізноў уздымаць гэтую тэму і гаварыць пра розныя спосабы ўдасканаленьня заканадаўства, нават калі сёньня пра закон не гавораць наўпрост... Нядаўна я была на «круглым стале», на якім прадстаўніцы МУС і міністэрства працы і сацыяльнай абароны казалі пра неабходнасьць удасканаленьня заканадаўства, асабліва ў частцы апэратыўнага рэагаваньня на гвалт у сямʼі. Які фармат будзе ў гэтага ўдасканаленьня, пакуль невядома.
Я спадзяюся на тое, што МУС з улікам леташняй сытуацыі, знойдзе іншыя спосабы данесьці інфармацыю пра актуальнасьць праблемы хатняга гвалту і фармат узаемадзеяньня з парлямэнтамі і іншымі органамі, згодай і падтрымкай якіх трэба заручыцца, каб не закон прынялі, а адбылося пэўнае ўдасканаленьне заканадаўства. Напэўна, пра гэтыя захады мы ня будзем ведаць, грамадзкія арганізацыі ня будуць у гэта ўцягнутыя, будзе выбраны нейкі іншы шлях.
Я бачу што гэтай тэмы публічна стала меней, яе падаюць зь вялікай асьцярожнасьцю. Мы таксама ні ў якім працэсе не ўдзельнічаем разам зь дзяржаўнымі органамі. Але я спадзяюся, што нейкі працэс адбываецца ўнутры дзяржаўнай улады. Пры гэтым у парлямэнце застаўся спадар Марзалюк, які ня проста выступаў супраць законапраекту, але і ганарыцца тым, што ён пахаваў гэты закон. Але ёсьць і іншыя дэпутаты, якія, спадзяюся, будуць прыслухоўвацца да выканаўчай улады і грамадзянскай супольнасьці, бо праблема актуальнасьці ня страціла.
Дарʼя Царук: Мы заўсёды кажам пра тое, што беларускія лічбы ў справе хатняга гвалту ніяк не адрозьніваюцца ад сусьветнай статыстыкі. Адрозна ад цывілізаваных краінаў, дзе ёсьць адпаведныя законы, нам не хапае мэханізмаў абароны і прэвэнцыі хатняга гвалту. Ва ўсіх штатах ЗША на выклік аб гвалце ў дачыненьні да жывёлаў выяжджае і брыгада па хатнім гвалце, бо ёсьць шчыльная сувязь, карэляцыя паміж хатнім гвалтам і гвалтам у дачыненьні ад жывёлаў. Гэта непадзельна. І там ёсьць абсалютна адэкватны, добры закон аб абароне хатніх жывёлаў.
Калі мы гаворым пра Вялікабрытанію, то там абʼюзар нават у дасудовым парадку ня можа заставацца на тэрыторыі, дзе адбыўся гвалт. Яго тут жа сэпарыруюць ад пацярпелай. Беларусі патрэбны сучасны і эфэктыўны закон, а любая калька будзе проста касмэтычным рамонтам. У нас у заканадаўстве ёсьць абарончае прадпісаньне, якое нібыта падобнае на ахоўны ордэр, але яно ўсяго на 30 дзён, і ўчастковы ня можа пракантраляваць, ці парушае парадак кантактаў з пацярпелай абʼюзар, бо яму проста не хапае працоўнага часу сачыць за ёй. Гэтага вельмі складана дамагчыся.
Адназначна нейкі ўплыў звонку ёсьць. Мы выкарыстоўваем тэрміналёгію, нешта імплеменціруем у нашу нарматыўную базу, але гэтага недастаткова. Многія рэчы адбываюцца ў нас без разуменьня таго, што хатні гвалт, гвалт у сямʼі — гэта вельмі комплексная праблема.
Сьвятлана Гатальская: Мне цікава сачыць за тым, як праходзяць маршы і пікеты супраць хатняга гвалту ў розных краінах. З аднаго боку радасна, а з другога сумна, таму што нам забаранілі правесьці флэшмоб і марш у цэнтры Менску. Сумна ўсьведамляць, што за мінулы год мы змаглі толькі ў СМІ выказаць свой пункт гледжаньня. На жаль, ніякіх іншых мэханізмаў у нас няма. Таму мы і выбралі такія кірункі — праца з дэпутатамі, праца зь людзьмі, якія прымаюць рашэньні.
Падчас «16 актыўных дзён супраць гендэрнага гвалту» можна падпісаць паштоўкі дэпутатам, у адміністрацыю прэзыдэнта і павіншаваць іх з пачаткам гэтых 16 дзён міжнароднай кампаніі. Будзем спадзявацца што цяпер атрымаецца правесьці пікеты ў Менску і выказаць на іх свой пункт гледжаньня.
Аляксандра Савініч: Пазытыўныя зьмены ў іншых краінах заўсёды пазытыўна ўплываюць. Мы бачым глябальныя зьмены ва ўсім сьвеце, і гэтыя зьмены тычацца прызнаньня гендэрнага гвалту. Гэта праблема ня толькі Беларусі, гэта праблема ўсіх краінаў, зь якой трэба працаваць. Асноўны мэсыдж наступны — каб жыцьцё людзей станавілася лепей, і калі закон можа ў гэтым дапамагчы, значыць ён павінен быць прыняты.
— Як вы папярэдне ацэньваеце рэакцыю грамадзтва на сёлетнія «16 актыўных дзён супраць гендэрнага гвалту»? Чым яны адметныя?

Ірына Альхоўка: Сёлета гэта мае больш публічны характар чым раней, прыходзяць людзі, якіх раней гэтая тэма зусім не цікавіла, якія не займаюцца гэтым прафэсійна як мы і іншыя арганізацыі. У рамках гэтых дзён мяне запрасілі на дзяржаўнае радыё, дзе ў перадачы «Актуальны мікрафон» я казала пра неабходнасьць закону аб хатнім гвалце. Захоўваецца цікаўнасьць СМІ, як дзяржаўных, так і недзяржаўных. Мне ўвесь час задаюць пытаньне, ці будзе закон. Гэта добра, але я хацела б бачыць палітычную падтрымку.
Для нас было гонарам, што наш офіс «гарачай лініі» для ахвяраў хатняга гвалту наведала кіраўніца швэдзкага МЗС, якая выказала падтрымку нашым высілкам, казала пра неабходнасьць супрацы грамадзянскай супольнасьці і дзяржавы, пра тое, што гендэрны мэйнстрымінг павінен быць ва ўсіх сфэрах, і што правы жанчыны зьвязаныя зь любой тэмай. Хацелася б, каб палітычныя падтрымка была ня толькі міжнароднай, замежнай, а каб яна была ўнутры краіны. Гэтага не хапае.
Мы запусьцілі новы онлайн-сэрвіс — чат-бот, які будзе ў аўтаматызаваным рэжыме дапамагаць хутка атрымліваць інфармацыю пра юрыдычную і псыхалягічную дапамогу, пра прытулкі, куды можна зьвярнуцца па рознага тыпу падтрымку. А з пытаньнямі, на якія робат ня зможа адказаць, мы прапаноўваем званіць на «гарачую лінію».
Дарʼя Царук: Сёлета ў дзяржаўных установах нам удалося правесьці шмат лекцый пра хатні гвалт. Раней такога ніколі не было. Аказалася, што гэта вельмі запатрабавана ў рэгіёнах, хаця год таму тыя ж самыя установы нам адмаўлялі. Я бачу, што на тэматычныя імпрэзы стала болей чым раней прыходзіць жанчын, якія перажылі хатні гвалт.
Сьвятлана Гатальская: У мяне ўсе стужка ў Фэйсбуку «кіпіць», да нас усё больш прыходзяць валянцёрак і валанцёраў розных узростаў. Сёлета значна больш чым раней НДА, студэнцкіх, моладзевых ініцыятываў просяць распавесьці пра нашу ініцыятыву, пра праблему хатняга гвалту і адсутнасьці закону.
Аляксандра Савініч: На мінулым тыдні я праводзіла трэнінг для дзяўчат-гайдаў ад 14 да 19 гадоў. Ім была вельмі цікавая тэма гендэрнай няроўнасьці, гендэрнага гвалту, многія зь іх зьбіраюцца наведаць мерапрыемствы ў рамках «16 актыўных дзён супраць гендэрнага гвалту».