Гарадзенцам прадставілі макет страчанай ратушы

12.11.2013 У краіне

Макет страчанай гарадзенскай ратушы, што некалькі стагоддзяў прастаяла ў цэнтры Гародні, прадставіла моладзь з ініцыятывы “Варштат ідэй” на гістарычнай канферэнцыі “Гарадзенскі соцыум: гісторыя і памяць” перад больш чым 40 гісторыкамі з трох краін.

Паводле словаў архітэктара і гісторыка Андрэя Шулаева, які займаўся стварэннем падобных праектаў, такая распрацоўка — складанкагарадзенскай ратушы — зробленая ўпершыню. Прафесар гісторыі Алесь Смалянчук, адзін з арганізатараў канферэнцыі “Гарадзенскі соцыум: гісторыя і памяць”, кажа, што “можа наступіць момант, калі гарадзенская ратуша прыйдзе ў дом кожнага гарадзенца”. Гісторыкі ўспрынялі гэтую рэмарку як жарт.

Андрэй Шулаеў кажа, што гэта ўжо другі макет архітэктурнага помніка, што прадставілі гарадзенцам. Першым быў макет гарадзенскай Фары Вітаўта, помніка, які ў канцы лістапада 1961 года быў знішчаны.

“Мы гаворым не проста пра макет, — кажа Андрэй Шулаеў. — Гэта складанка, якую можа сабраць любы чалавек, не маючы спецыяльных ведаў. Яе можна набыць і склеіць дома. У Еўропе гэта сур’ёзная рынкавая ніша, якая, на жаль, у нас не занятая. Мы вырашылі гэтую лакуну запоўніць і ўзяліся за ратушны пляц. Першай была Фара Вітаўта ў Гародні, другая частка — гэта ратуша. Наступным я планую зрабіць радзівілаўскі палац, батураўскі палац. Далей будзе Фара сённяшняя, то бок езуіцкі кляштар, далей — шараговая забудова”, — расказаў “Будзьме” Андрэй Шулаеў.

Паводле словаў моладзі з “Варштату ідэй”, першая складанка досыць добра разыходзіцца, і ёсць надзея, што і на наступныя папяровыя складанкі знойдуцца пакупнікі. Набыць такія рэчы можна ў гарадзенскай арт-галерэі “Ткалля”.

Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі

Тэгі: