“Ну, садзісь. Хочаш чаю? Как вабшчэ служба?” Зампаліт усміхаецца і падае мне цукерку. “Бяры-бяры, вкусная. Вот тут камандзіры гаварат, ты какой-та странны. У бібліятэку ходзіш. Думаеш аддзельна”. Паўза. “А што, павесіцца нікагда не думал?” Тут ужо завісаю я. Бо як ні адкажы, будзе трэш. Бо мы з зампалітам ведаем, што тыдзень таму ў суседзяў вісануўся “малады” з качагаркі. І вядома, што нічога невядома. Кажуць, не вытрымаў. Чаго канкрэтна не вытрымаў – зноў невядома. Ягоныя рэчы спаляць. А самі зараз спрабуюць вылічыць новыя траблы. Мы з зампалітам разумеем: так працуе сістэма. Яна без ахвяраў не жыве. І варыянтаў няшмат: танчыць з ваўкамі ці вылецець з каляіны. У дысбат. У акадэмію. У труну. Як пашчасціць.
Нарэшце я перастаў сніць, што мяне зноў забралі. Што стаю перад сваёй казармай у новых ботах, вакол пустэча, у галаве адзіная думка: “Блін, я ж цяпер тут нікога не ведаю! Мае ўсе сышлі!”. Зноўку з нуля? Невыносна.
Змрочныя навіны з Печаў насамрэч не пра безмяжак у асобнай баявой адзінцы. Яны пра пэўны лад анамальнага існавання.
З войска як з вайны: вярнуўся цэлым – ужо перамога. Пра гэта маўчаць, бо няма сэнсу агучваць відавочнае. Войска – машына для пераробкі чалавечага матэрыялу. Так было. Так ёсць. Паводле апошніх сігналаў адтуль, з майго дэмбельскага 1978-га змянілася няшмат. Можна сказаць, амаль нічога.
У чым заганнасць сітуацыі? У тым, што яна траўматычная па вызначэнні. Экзістэнцыяльны экстрым: тлум маладых шчанюкоў вырываюць са звычайнай лакацыі, выломваюць з камфортных кантактаў ды прыязнага асяроддзя і кідаюць у зону жорсткага падпарадкавання і баявога прымусу. А што рабіць? Трэба па-хуткаму выгадаваць нармальнага байца – зрабіць свавольнага цуцыка дрэсіраваным. “Не знаеш – навучым, не хочаш – заставім!” Рота, трывога! Спяваем гімн! Гімн, я сказаў!
Не спяваеш? А па нырках? А пысай у лайно?
Былое нічога не вартае. Былога не было. Мы цябе адфарматуем па новай. Мамачка не пазнае.
Нармальны стан таго, хто трапіў у войска – адчай, самота і дэпрэсія. Нармальны вайсковы стыль – вертыкаль нефармальнай улады, што існуе па-за ўсялякімі статутамі. Нармальны статус – разгубленая залежнасць ад вышэйшых па статусе.
Новы ў войску безабаронны. Бо ў правілах колеру хакі нічога няма пра павагу да асобы, псіхалагічную падтрымку ды абарону правоў. Хочаш спакою – кладзіся пад моцнага. Альбо ўцякай у пісарчукі ці клубныя мастакі.
Гэта заўсёды стрэс, нават для самых абазнаных. Ён вымушае шукаць схемы выжывання – найменш стратнай (як падаецца) “прапіскі”. Чорным багам трэба ахвяраваць. Бо без ахвяраў яны не багі.
Штука ў тым, што без гэтай ломкі і войска нібыта не войска. Каб перапраграмаваць чалавека, трэба выбіць з ягонай галавы іншыя праграмы. Адвучыць тармазіць, рэфлексаваць ды сумнявацца.
Рэжысура шоку патрабуе шокераў. І спраўна іх вырабляе. Таму “дзедаўшчына” – рэч ва ўмовах нашых мабілізацыяў непазбежная. Першасная інстанцыя вайсковай вертыкалі ўлады. І безмяжак – яе натуральны стан. Ты патрывай. Хутка сам будзеш пачварай.
Зрэшты, усё выдатна патлумачыў Уільям Голдынг у сваім “Уладары мух”. Тая ж схема: выпадковых чувакоў адарвалі ад усіх сацыяльных інстытутаў, закінулі ў замкнёную прастору і прымушаюць неяк суіснаваць ды будаваць стасункі. Што будзе? Дакладна не Кембрыдж з Оксфардам. Этыка? Рэлігія? Міласэрнасць? Скажыце гэта хамячкам.
Усё пераб’е логіка вуліцы ды крыміналу. Шыза маладых ваўкоў, адарваных ад каранёў і прымусова прыціснутых адзін да аднаго.
Адключы грамадзянскі кантроль – і атрымай самаарганізацыю дзікуноў: кроў, бабло ды права моцы. Бо гэтыя схемы спрацоўваюць для нізавой большасці. А іншага цэменту для вашае забудовы ў нас няма.
Пазбаўляючы свядомасць ад залішніх дэталяў, войска пакідае галоўнае. Простыя інстынкты. Падставовыя эмоцыі. Набыў цукерак – шчасце. Яйка на сняданак – свята. Далі абед даесці – цуд. Уначы пабілі не цябе, а суседа – лёс. Сам каго пабіў – герой-пераможца. Далей (калі дацягнеш) будзе лепей. Выпадковае бухло. Халяўная цыгарэта. Тата яблыкаў прывязе. Залётныя дзеўкі. Начныя скокі праз плот. Anything goes. Усё пакаціць. Што заўгодна, акрамя праклятага пытання: “Блін, што я тут раблю?”.
Адказу няма, бо рэспандэнт недасяжны. Ён існуе паводле сваіх сцэнароў змарнаванага часу і бязглуздых высілкаў.
Логіка зоны ў (нібыта) адсутнасць зоны. Ваенныя гульні ў адсутнасць вайны. Чаканне пагрозы ў адсутнасць пагрозы. Ідэалагічная праца ў адсутнасць ідэялогіі. Плюс брынчэнне зброяй на кожным свяце. Боязь нацыяналізму і нацыянальнай ідэі. Глухая інфармацыйная самаабарона. Адметныя рысы правінцыйнага гарнізону чырвонай імперыі, куды навіны аб яе сконе яшчэ не дайшлі.
(Неда)беларускія ўзброеныя сілы пакуль выглядаюць вершнікам без галавы, рухам без мэты і сэнсу. Акурат як тое паляванне Караткевіча – дзікая хеўра, што жыве жахлівым перформансам, прэсуе іншадумцаў, хаваецца ад адказнасці і абараняе выключна сябе.
Што рабіць з вайсковай смяротнасцю? Прыбраць яе падставы.
Спыніць савецкасць – прымусовую загрузку выпадковага матэрыялу з непрадказальнымі наступствамі. Пасадзіць нарэшце хоць каго з махляроў ды забойцаў у пагонах – з адкрытым публічным працэсам. Уключыць галаву. Зрабіць беларускае войска кантрактным і свядомым.
Але тады яно атрымаецца цалкам іншым. Зрэшты, як і краіна.
Максім Жбанкоў,
(выява – Зміцер Краўчанка)