Максім Жбанкоў: Найміты і шокеры. Ці варта судзіць беларускіх артыстаў

19.01.2018 Cult Fiction

Аўтар – заўсёды хлус. Бо стварае тое, чаго не было. Нават калі вырабляе нібыта дакумент. “Глядзі, брэша як артыст!” Мастак – заўсёды майстар ілюзіяў. Правакатар сэнсаў. Іншым ён нікому не патрэбны. Іншым ён нікому не цікавы. Справа артыста – хістанні, адхіленні ды апокрыфы. Ён заўсёды большы за агульную праўду. Ці за тое, што большасць лічыць праўдай. Культурка – краіна Дрым. Тут перамагаюць не “праўдуны”, а віртуозы гону. Эфект адбываецца, калі гучыць хлусня, якой чакалі. Адказны хлус бачыць (і грае) кантэкст. Свядома працуе на замову. Безадказны бачыць толькі сябе. Танчыць у пустэчы – і таму ловіць у адказ негатыў. Эфекты (ці дэфекты) арт-камунікацыі заўжды кажуць не пра “сапраўдны стан рэчаў”, а пра прымальны тут і цяпер узровень хлусні. Вой, выбачайце – пра канвенцыйны фармат мастацкага выказвання.  

Найноўшыя скандальна спрэчныя справы вакол арту – судовы працэс над аголенымі перформерамі з Асвенціма і выхад у касавыя лідары СНД расійскага агіт-патрыятычна-баскетбольнага блакбастара “Движение вверх” (паралельна з судовымі скаргамі сваякоў герояў аб паклёпе і скажэнні гістарычнай праўды) – цікава сінхронна разабраць з некалькіх нагодаў. Па-першае, у абодвух кейсах прысутнічае выразны “беларускі след”: асвенцімскае ню-шоў з забойствам ягняці, наколькі вядома,  рэжысавалі каліноўцы Адам Бяляцкі і Мікіта Валадзько, да сцэнару расійскай стужкі добра прыклаў руку маэстра бульба-трэшу Андрэй Курэйчык. Па-другое, і тут, і там мы маем справу з айчыннай арт-інтэвенцыяй у найбліжэйшае замежжа – Польшчу і Расію. Па-трэцяе, беларускія аўтары ў кожным выпадку карыстаюцца “трафейнымі”, пазычанымі (зрэшты, маральна састарэлымі) тэхнікамі прамаўлення – радыкальнага палітычнага перформансу і (квазі)імперскага гераічнага эпасу.

Як бы ні было, гэта транзітныя гульні на чужой тэрыторыі. Спробы адэкватнага далучэння да суседскіх культурных матрыц – у прысутнасці выразнай адсутнасці сваёй.

I

Прасцей з Курэйчыкам. Абазнаны профі спрацаваў на замову ўсходняга кліента – не першы раз і, спадзяюся, не апошні. Чувак арганічна існуе ў сітуацыі суседскага камерцыйнага кіно, дзе попыт нараджае прапанову і наадварот, а грашовая ўзнагарода мае быць вынікам якаснага (на думку замоўцы) выканання тэхнічнага задання. Праца на замову адначасова пазбаўляе залішняй творчай свабоды і празмерных творчых амбіцыяў: што хочуць, тое й робіш. Зрабіў – малайца. Прыходзь яшчэ. Не – больш не запросяць. Ніякіх сантыментаў. Маскоўскія справы.

Шлях беларускага арт-гастарбайтара за ўсходняй мяжой зручны тым, што дазваляе зрабіць кар’еру нават там, дзе яе, па вялікім рахунку, няма.  Спрацоўвае эфект правінцыйнай зоркі:  нармальны другі нумар у расійскіх раскладах на радзіме выглядае бліскучым пераможцам. Курэйчык стабільна нясе ў Мінск маскоўскую энергетыку і агрэсіўны піяр, кожную падзею са сваім удзелам ператвараючы ў бліскучае сэлфі. Вось дзе сапраўднае кіно! А ўсё іншае – так, прадмова.

Ён можа не падабацца. Але ў сваёй нішы як бы буржуазнага “сматрылава” Курэйчык працуе эфектыўна. Ён у нас галоўны па продажах. Гандлюе тым, што набываюць. Там, дзе знойдзе попыт. Ведаеце, існуе і такая беларускасць – памежны культ-бізнес.

Судзіць Курэйчыка за гэта смешна. Як вахцёра ці асвятляльніка. Ён акурат тое, чым ёсць: лёгкі аўтар шырокага спажывання. І іншым ужо не будзе. Зрабіў вось расійскую патрыятычную спорт-агітку для Мікіты Міхалкова. Перакруціў факты. Прыдумаў канфлікты. Закруціў жарсці. Паклаўся цаглінай у забудову імперскай шызы.

Мае права. Святое права найміта, ад якога большага ніхто й не чакае.

II

Асвенцім-экшн – іншая справа. Іншая гульня. Тут артыст нібыта галоўны. Інтэрвент у штодзённасць. Разбуральнік інерцыі супольнай свядомасці. Доктар Шокер. Прыйшоў, раздзеўся і кажа праўду. Якую? Вядома ж, сваю. А вы яго ў пастарунак. Ды яшчэ з судовым прысудам і турэмным тэрмінам.

Што адбылося? Culture clash, канфлікт культурных кодаў. Суполка асвенцімскіх перформераў выказалася так, што ніхто не зразумеў, і давялося потым доўга тлумачыць, што там мелася на ўвазе. Сірыя, самалёты, ахвяры, “навошта мы там”, love, забойства ягняці, кайданкі і ню, “я сам габрэй”…  Разабраны лексікон, выбух на макароннай фабрыцы, цьмяная плынь свядомасці.

Калі Алесь Пушкін цягнуў вазок лайна да прэзідэнцкай адміністрацыі, тлумачэнняў ніхто не прасіў. Калі Пётр Паўленскі падпальваў гэбэшныя дзверы (а потым – парыжскі банк) сэнс акцыі быў відавочным. Калі “нячэсныя” мінскія журналісты надзявалі турэмныя робы, мэсідж чытаўся без каментароў. Але навошта было праліваць кроў у лагеры смерці? Калі перформанс даводзіцца тлумачыць у судзе – гэта дрэнны перформанс. Дый проста калі яго даводзіцца тлумачыць.

Auszwic2

Рэжысёры акцыі, здаецца, паблыталі ўсе магчымыя стылістыкі: “тэатр жорсткасці” Антанэна Арто, хэпенінг, вулічны перформанс, сучасны акцыянізм, публіцыстычны стыль “Свабоднага тэатра”… А да таго абралі месцам свайго экшну зону, за якой замацавалася свая вельмі моцная гісторыя. Свая трагічная публічная аўра, якую ніяк не перабіць няўцямнай моладзевай самадзейнасцю. Хацелі пазмагацца з абыякавасцю да войнаў? А па факце атрымалася шоў на костках ахвяраў нацызму. Выклік грамадству.

Прысуд, як на мяне, атрымалі не няшчасныя беларускія мігранты і іх хаўруснікі. Прысуд атрымала нягеглая рэжысура падзеі. Не тое месца. Не тыя сігналы. Не тыя рэсурсы.

Сядай, хлопчык. Нуль табе за праект.

Максім Жбанкоў