Пералёт з Барселоны, потым рэйс Варшава – Мінск. Амаль суткі ў дарозе. Дзве гадзіны розніцы па гадзінніку. Дзесяць градусаў – па тэрмометры. На мінскім аўтавакзале цёмна і пуста. “Извините, в вашем районе машин нет!” У твар хвошча вецер. Бот слізгаціць на лёдзе. Усё ж дачакаўся. Змрочным горадам еду дадому, радыё нешта мармыча пра расійскую нафту. У кішэні пераблыталіся еўра, злотыя і нашыя рублі. “А яны, дарэчы, падаюць і не звіняць! А раней звінелі…” – абыякава кажа кіроўца. Выходжу. Навобмацак шукаю ключы з брусэльскім пластыкавым Цінцінам. Як там у серыялах: “Honey, I’m home”? Здароўкі, краіна! І не кажы, што не радая.
Зміцер Панкавец з нядаўнім нашаніўскім рэйтынгам камфортных заманух Беларусі, пэўна, ніяк не чакаў настолькі моцнага фідбэку на свой чарговы шараговы тэкст. Што стрэліла? Што зачапіла? Дакладна не кантэнт. Хутчэй, структура сэнсаў ды агульны рэкламны мэсідж: “Тут у нас камфортна для жыцця”. Вы гэта сур’ёзна? Вы гэта нам?
Большасць дыскутантаў, аднак, увесь час збівалася на тое, ці можна ўвогуле штосьці нашае ўхваляць, каму тут добра, ці можа адбыцца нешта годнае пры дыктатуры і чаму варта казаць пра пазітыў. Але ж справа зусім не ў спісе “плюсікаў” краіны. Адбылася падмена сэнсаў. Бо рэальная камфортнасць – зусім не тое, пра што піша Зміцер. Не артэфакты ды абставіны, а асабістае самаадчуванне. Пэўны эмацыйны настрой, агульная разняволенасць у зручным ды свойскім асяроддзі. І колькасць зорачак твайго гатэля – як і якасць вады і колькасць паравін года – тут дакладна нічога не вызначаюць. А вось наяўнасць дадатковай коўдры ў нумары ўзімку – так. І краявід з акна – таксама.
Усмешка выпадковага мінака. Паспець на апошні цягнік. Ранішні эспрэса, каб лепш пісалася калонка. На тыдзень забыцца, як выглядаюць айчынныя палітыкі. Старыя фоткі і свежыя сэлфі. Набыць без праблем улюбёную марку кефіру. Архіўны біг-біт начнога іспанскага радыё. Увечары разгарнуць новага Бахарэвіча. Пацалунак нанач. Як на мяне, гэта й ёсць камфорт: актыўнае паглыбленне ў пазітыўны кантэкст.
А цяпер пытанне: “Пры чым тут краіна ды дзяржава?” Шчыры адказ: ні пры чым. Бо залічваюцца не колер сцяга і наяўнасць набелістаў, не празрыстасць выбараў і дзяржаўная мова, а колькасць сяброў. Каханне ды годнасць. Справа, якую любіш. Мясціны, па якіх можна прайсці, не зажмурваючы вочы. У Мінску іх, між іншым, ўсё менш. І не яны вяртаюць мяне ў краіну. Што вяртае? Стасункі ды (з)рухі.
Гаворка насамрэч не пра канкрэтны тэксцік. І не пра Панкаўца. А пра любоў.
Беларусь цяжка любіць па-піянерску, апантана ды татальна. Не трэба хлусіць ні іншым, ні сабе: яна не самая прыгожая ды свабодная. З праблемнай якасцю жыцця. З паслядоўна знішчанай ушчэнт культурнай спадчынай. З адвечнымі мядовымі кірмашамі ды распродажамі футраў у Палацы мастацтваў. З таннай гарэлкай замест прыватызацыі. Яна па садавіну ездзіць на Камароўку, але сніць расійскія серыялы. Надзявае ружовае з зялёным. П’е ў метро півас з пластыкавых ботлаў. Робіць мысляроў падпольнымі. Хлусіць з тэлевізара. Забараняе нязручных. Маўчыць у адказ. І ёй збольшага ўсе адно, што з табой адбываецца.
А той, хто ўхваляе “даступную медыцыну”, відавочна, ніколі не спрабаваў узяць зранку талончык да тэрапеўта. Запісацца на тамаграфію. Ці проста знянацку ўсвядоміць сябе старым ды хворым.
Ландшафт жыцця несупынна папраўляецца шалёнымі хірургамі. Што, тут было ВДНГ? А цяпер не будзе. І, можа, зусім нічога не будзе. Мы так рашылі. І турэцкія таварышчы паддзержалі.
Наш рух: у прабелах ды прастрэлах. Наша фішка: фанацець ад айчыннай шызы.
Галоўнае тут паўстае праз супраціў відавочнаму. Прарастае насуперак. І калі шукаць вартае любові ды павагі – дык згадаць менавіта гэта. Не надвор’е з бяспекай. Не турысцкі наборчык “Купала-БелАЗ-Мулявін-Усенародны”. Не абыякавы большасці электарату адраджэнскі канон разам з цукерачным навабудам Зыбіцкай. І нават не псіхадэлічныя прома-ролікі пра “шалёны народ”. А людзей ды ўчынкі. Тых, хто штодзённа ўпарта валіць сваё і не хоча саступаць – клубных музыкаў ды партызанскіх кінарэжысёраў, жорсткіх калумністаў ды злых паэтаў, стомленых праваабаронцаў, борзых арт-актывістаў, нахабных студэнтаў, фасонных барыстаў ды маднявых літаратараў. Спрэчных. Нязручных. Некамфортных. Як твая/мая краіна.
Што ў ёй трымае? Акурат нязручнае. Брыдкая прыгажосць. Энергія нязгоды. Драйв ды надзея. Прага іншага лепшага.
Вось гэтую беларускасць мае сэнс любіць. Бо з яе рэальна зрабіць Радзіму.
Максім Жбанкоў, budzma.org