Ці гатовая Беларусь працаваць з бежанцамі па міжнародных стандартах? Якія новыя формы ціску пагражаюць свабодзе інтэрнэту? Хто самы дыскрымінаваны ў нашай краіне? На гэтыя тэмы “Будзьма!” паразмаўляла з маладой праваабарончай арганізацыяй Human Constanta, якая абрала сваім прыярытэтам абарону бежанцаў і мігрантаў, а таксама лічбавыя свабоды. На пытанні адказала праваабаронца Яна Ганчарова.
Ніводны грамадзянін РФ не атрымаў у Беларусі прытулку
— Беларусам тэма бежанцаў і мігрантаў амаль незнаёмая, мы зусім не ведаем іх патрэбаў. Таму для большасці было нечаканым здарэнне ў 2016 годзе, калі польскія памежнікі не пусцілі ў Польшчу каля 3000 бежанцаў з Паўночнага Каўказа, і тыя вымушаныя былі знаходзіцца ў Брэсце. Вы тады дапамагалі вырашаць гэты крызіс. Для вас ён быў нечаканым? І чым канфлікт скончыўся?
— Бежанцы з Расіі, галоўным чынам з паўночнакаўказскіх рэспублік — Чачні, Інгушэціі, Дагестана, — для нас не былі сюрпрызам. Канал міграцыі праз Беларусь у Польшчу існуе яшчэ з першай чачэнскай вайны. Сюрпрызам для нас стала тое, што з 1993 года ніводны грамадзянін РФ не атрымаў прытулку ці іншай абароны ў Беларусі, хаця такіх запытаў, па нашых звестках, было не менш за 700. Мабыць, нашы праваахоўныя органы лічаць, што Расія — даволі бяспечная краіна. Іх супрацоўніцтва з расійскімі калегамі адбываецца па незразумелых і не празрыстых для нас схемах. Напрыклад, Human Constanta дапамагала Імраму Саламаву, які ўцёк з Чачні праз катаванні, прасіў у Беларусі прытулку і атрымаў адмову. Наша арганізацыя падрыхтавала апеляцыю, з якой адвакат прыйшоў да Саламава ў СІЗА. Але там ён даведаўся, што Імрама ўжо дэпартавалі ў Расію. Гэта адбылося раней за належны па законе тэрмін. На нашу скаргу праваахоўныя органы адказалі, што вінаватыя пакараныя, але ж чалавека дэпартавалі, і дасюль нам невядома, дзе ён, ці жывы. Сістэма прадстаўлення прытулку ў Беларусі для грамадзян РФ не працуе, як сведчыць наш вопыт.
Што да крызісу 2016 года, то ён адбыўся, бо Польшча нечакана закрыла межы для бежанцаў, таму і стоўпілася каля 3000 чалавек. Сёння Польшча праводзіць палітыку скарачэння колькасці ўцекачоў і мігрантаў, нягледзячы на міжнародныя дамовы. Таму гэтая гісторыя для нас не скончылася. Дасюль кожны дзень каля 15 сем’яў, а гэта 50-70 чалавек, спрабуюць перасячы польскую мяжу, але прапускаюць толькі адну з іх. У Брэсце працуе наша місія дапамогі бежанцам, дзе мы прававымі і гуманітарнымі сродкамі імкнёмся падтрымаць людзей.
— Ці ёсць у нас інфраструктура для размяшчэння вялікай колькасці бежанцаў?
— У нас няма дастатковай інфраструктуры. Мы робім выгляд, быццам у Беларусі няма ўцекачоў. Свой даклад пра сітуацыю мы, дарэчы, так і назвалі: “Нябачныя бежанцы”.
У 2016 годзе шмат людзей вымушаныя былі жыць на вакзале. Але і цяпер не ўсе сем’і бежанцаў і мігрантаў маюць магчымасць здымаць пакой ці хостэл цягам 2-3 месяцаў. Мы прапаноўвалі дзяржорганам разгледзець варыянты рассялення мігрантаў у пустых памяшканнях і іншыя выйсці, але пакуль гэта не зроблена.
— Прававыя кансультацыі вашай арганізацыі дапамаглі бежанцам усё ж такі выехаць у Польшчу?
— Мы рыхтавалі кейсы для сямей уцекачоў: інтэрв’юіравалі людзей, збіралі доказы, дакументы. Гэта была сур’ёзная праца. У сакавіку 2017 года таксама паспрабавалі дабіцца, каб да такіх сямей пускалі юрыстаў. Дамовіліся з польскімі адвакатамі і зрабілі даверанасці на 50 чалавек (14 сем’яў). Планавалася, што адвакаты сустрэнуць сем’і на мяжы і будуць прадстаўляць іх інтарэсы. Але польскія памежнікі не далі ім магчымасці сустрэцца. Больш за тое, зрабілі рэліз, быццам ніхто ў той дзень не прасіў прытулку. Тады быў вялікі скандал, пра які напісала шмат СМІ. Але гэта не дапамагло. Больш за тое, сем’і занеслі ў “чорны спіс”, таксама перасталі пускаць іншых уцекачоў з падрыхтаванымі намі кейсамі. Таму мы перасталі рабіць гэтыя дакументы, бо яны не дапамагаюць.
Цяпер мы аказваем дапамогу мігрантам у асноўным адносна іх знаходжання ў Беларусі, кансультуем, дапамагаем абскардзіць незаконныя рашэнні. Таксама вядзем 9 справаў у Еўрапейскім судзе па правах чалавека супраць Польшчы і Літвы.
Наша місія — прадухіліць расізм
— Хто, на вашую думку, самыя дыскрымінаваныя групы ў Беларусі?
— Для нас гэта перш за ўсё мэтавая група – мігранты. Насамрэч беларускае грамадства не такое талерантнае, як здаецца. Аб’ектыўнай карціны няма. Так, у нас не забіваюць мігрантаў на вуліцы кожны дзень, але ж і поўнай статыстыкі злачынстваў на падставе нянавісці няма. Як мы высветлілі, нашы праваахоўныя органы не вылучаюць гэтую прычыну асобна, таму і незразумела, бытавое гэта злачынства ці расавае.
Цяпер праварадыкальны дыскурс набірае папулярнасць у свеце, і мы бачым сваю місію ў тым, каб прадухіліць яго распаўсюджванне ў нашай краіне. Мы ладзім кампанію “Розныя-роўныя”, у межах якой, напрыклад, фатаграфуем нашы футбольныя клубы, дзе шмат мігрантаў. Таксама праводзім тыдні супраць фашызму, расізму і антысемітызму.
Мы змагаемся супраць мовы варожасці і нянавісці ўвогуле.
Сярод іншых дыскрымінаваных я б, безумоўна, назвала ЛГБТ-супольнасць. Ёсць праблемы і па гендарным пытанні.
Інтэрнэт страчвае нейтралітэт
— Ваша арганізацыя разам з Аператыўна-аналітычным цэнтрам пры прэзідэнце Беларусі была суарганізатарам Форуму па кіраванні інтэрнэтам. Таксама Human Constanta прывозіла экспертаў на круглы стол, прысвечаны будучаму закону аб персанальных дадзеных. Вы прафесійна займаецеся гэтым кірункам. Якія рызыкі ціску на інтэрнэт і яго карыстальнікаў бачыце ў свеце і нашай краіне?
— Рызыкі агульныя. Ва ўсім свеце праваабаронцы выступаюць супраць масавага сачэння дзяржавы за грамадзянамі, забароны свабоды слова, блакавання сайтаў на непразрыстых падставах. Цяпер, напрыклад, у ЗША прэзідэнт Дональд Трамп адмяніў прынцып сеціўнай нейтральнасці, што дазваляе аператарам аддаваць прыярытэт пэўным кампаніям. Каб атрымаць большую хуткасць, трэба будзе дадаткова плаціць. Такая камерцыялізацыя, безумоўна, абмяжоўвае свабоду сеціва, і наступствы непрадказальныя.
Ганна Кручкова