Мікалай Півавар “заводзіць” праектар, клацае ноўтбук, разводзіць рукі: “Вітаю на віртуальнай экскурсіі па віцебскіх месцах памяці!”. Зала ў чаканні цікавага падарожжа застыла перад лектарам. Яго настойлівая просьба да слухачоў выліць свае думкі пра ўшанаванне пасля сустрэчы ўклала ў рукі маладых людзей паперкі з асадкамі.
Па важных мясцінах
Шпацыравалі пераважна па цэнтры горада. Калі пацягнуліся б далей, то ніякай сустрэчы не хапіла б. Плошчы Тысячагоддзя, Перамогі і Свабоды, вуліцы Пушкіна, Талстога, Крылова, Леніна, Суворава, Путна.
“Спаатыкаліся” ледзь не на кожным рагу і будынку. Сп. Півавар тэзісна рапавядаў пра падзеі і імёны, лакалізаваў іх на канкрэтных месцах: узбярэжжа Дзвіны, царква Звеставання, тэатр ім. Якуба Коласа, Успенская гара, Ратуша, Кастрычніцкі мост, берагі Віцьбы і яшчэ процьма прыпынкаў.
Стос папераў, абрыўкаў і цыдулачак у руках лектара застаецца пасля кожнай сустрэчы са школьнікамі і студэнтамі. На ласкавую згоду выкладчыкаў гартаем творчыя спробы гістарычных інтэрпрэтацый віцебскіх прастораў. Забягаючы наперад паведамім: у нас расце нядрэнная генерацыя грамадзян.
Думаем Віцебск
Шмат хто з ходу прапаноўваў выставіць помнікі віцебскім мастакам, маўляў столькі іх тут працавала, а на вуліцах, дык і не пабачыш.
Іншая прафесіянальная каста, якая патрабуе адзначэння — прыватныя гандляры з кірмашоў. Як адзначаюць прагматычныя аўтары, з імі здымаецца самае галоўная праблема — грашовая. Хіба не скінуцца людзі з-за прылаўка на помнік свайму шматпакутнаму брату?
Шмат “гуляліся” з больш канкрэтнымі і старажытнымі асобамі і падзеямі. Не хапае памятнага знака віцебскім замкам і іх абаронцам. Адзін малады чалавек прапанаваў пачаць з малога і зрабіць замкі ледзянымі. Пакуль так, а потым, глядзіш, і нешта па-сур’ёзней паўстане.
Па манументу галоўнаму замкаваму ініцыятару князю Альгераду дзеці ўжо засумавалі. Ставіць трэба адназначна, а побач можна яшчэ і слаўнаму князю Васільку. Нехта прапанаваў больш цвяроза паглядзець на значэнне апошняга і абмежавацца бюстам.
Жонка Альгерда віцебская княжна Марыя таксама прывабіла ўвагу. Паводле некаторых прадстаўнікоў сучаснага пакалення помнік ёй трэба ставіць толькі за тое, што “нарадзіла 6 сыноў”.
З бліжэйшых да сучаснасці палітычных дзеячоў варта ўшанаваць постаць Пятра Міронавіча Машэрава, прычым недзе каля аднайменнага ўніверсітэта. Вышыня скульптурнай кампазіцыі мусіць мець 20 метраў, бо “меў 20 медалёў”.
Вялікім, але па маштабе адзін у адзін з “арыгіналам”, мусіць быць і помнік Фёдару Махнову — самаму высокаму чалавеку, які калі-небудзь жыў на замлі. Што праўда, не ўсе згодныя з тым, каб бачыць яго менавіта ў Віцебску, лепей хай на малую радзіму ў Старым Сяле заваблівае турыстаў.
Яшчэ больш творча падышлі да месца ўсталявання помніка Карлу фон Гюбенталю, вядомаму вынаходніку гіпсавай павязкі, які жыў у Віцебску. Гэта мусіць быць вуліца Суворава, бо, чамусьці на думку некаторых маладых інтэрпрэтатараў, там па зіме лёгка паслізнуцца.
З больш практычных прапаноў: не хапае макета горада на вакзале і дошак пра людзей, у гонар якіх названая тая ці іншая вуліца. Самая аптымізатарская думка — не траціцца на асобныя манументы, а стварыць невялікую алею герояў. Падобна натхняліся прыкладам Глыбокага.
Шмат каму хацелася б нарэшце пабачыць адноўлены касцёл Св. Антонія. Але з разуменнем вечна няпростай эканамічнай сітуацыі асцярожна дадаюць: “Трэба хаця б усталяваць памятны знак, каб гараджане ведалі пра тое, што раней было на тым месцы”.
Іншага студэнта рэаліі жыцця загналі ў абсалютны песімізм, і не тое што храм Св. Антонія, ён баіцца не дажыць да адкрыцця помніка князю Альгерду. Але такіх, на шчасце, адзінкі. Каб падняць настрой слухачам, пасля экскурсій віртуальных іх запрашалі на сапраўдны шпацыр па віцебскім мясцінам памяці. Кожны з наведнікаў зможа не толькі паслухаць інфармацыю пра слаўнае мінулае горада, але і агучыць сваё бачанне гістарычнага наваколля.
Тэгі: Віцебск, Віцебшчына