Атрыманне прэміі імя Ежы Гедройца Віктарам Казько шмат для каго сталася нечаканасцю: нават да цырымоніі, калі сталі вядомыя пераможцы, існавала меркаванне, што кніга “Час збіраць косці” намінуецца не ў апошнюю чаргу за папярэднія заслугі аўтара.
“Будзьма” папрасіла сябра журы прэміі Малгажату Бухалік паразважаць пра кнігу Казько, яе перспектывы на еўрапейскім рынку і канфлікт пакаленняў у беларускай літаратуры.
— Я не магу сказаць дакладна, як выглядае сітуацыя па-за беларускім кантэкстам, але з майго боку гэта выглядала так. Я прачытала “Час збіраць косці” ў студзені і была вельмі ўражаная, гэтая кніга выявілася самай моцнай з усіх, якія мне даводзілася чытаць за апошнія гады. Прычым самай моцнай не з беларускіх кніг, а ўвогуле. Такім чынам я галасавала за Віктара Казько, не чытаўшы ягоных папярэдніх кніг і не ўяўляючы, хто ён для беларусаў. То бок тое, што я пісала і казала пра Казько, было пра кнігу, а не пра аўтара: як на мяне, гэта важна, бо існуе такое меркаванне, што прэмію атрымаў менавіта аўтар, а не кніга. Мне ўвогуле падаецца, што пры галасаванні на прэміі Гедройца трэба разглядаць менавіта кнігі, а не асобы аўтара.
Што да перспектываў кнігі Казько ў Еўропе… Не ведаю. Аднак тут важна выкарыстоўваць той самы прынцып: першасная менавіта кніга, а не тое, кім ёсць аўтар, – гэта дадасца пасля, напрыклад падчас піяр-кампаніі. Увогуле, было б няблага, каб тыя кнігі, што трапляюць у шорт-ліст Гедройца, мелі выхад на Захад. Мы спрабуем паказаць чытачу, што гэтыя кнігі вартыя чытання, размяшчаем урыўкі на сайце, але тут гаворка пра беларускага чытача. Было б някепска, каб камітэт прэміі папрацаваў з кнігамі дадаткова: даслаць іх з каментарамі ў некалькі еўрапейскіх літаратурных агенцтваў зусім не цяжка, запоўніць заяўку па-англійску альбо па-нямецку. Гэта тое, што як мінімум варта было б зрабіць.
Мікалай Левертаў