Адной з самых яркіх падзей у культурным жыцці беларусаў Грузіі ў 2022 годзе стаў спектакль «Батлейка-Шагал», падрыхтаваны вядомым беларускім акцёрам Аляксандрам Ждановічам, які апынуўся ў гэтым выпадку і галоўным рэжысёрам, і сцэнарыстам, і выканаўцам адразу некалькіх роляў. Прэм’ера адбылася 15 ліпеня ў Тбілісі, у Інстытуце Гётэ, і была прысвечана 135-годдзю з дня нараджэння Марка Шагала. Відэаверсія спектакля з’явілася на пачатку верасня. Наступным разам тбіліскія гледачы змаглі паглядзець «Батлейку-Шагал» 27 верасня, а ў кастрычніку ў спадара Аляксандра адбылася паездка ў Батумі, дзе ўжо шматлікая беларуская дыяспара Аджарыіі дачакалася сваёй прэм’еры.
«Батлейка-Шагал» апынулася своеасаблівай кульмінацыяй тбіліскай дзейнасці беларускага акцёра і рэжысёра. Захоўваючы антураж і дэкарацыі кірмашовага тэатру, Аляксандр Ждановіч бліскуча распрацаваў і тэхнічна падрыхтаваў сапраўднае, прафесійнае, глыбокае па сваёй рэжысуры сучаснае тэатральнае дзеянне.
Пагаварылі са спадаром Аляксандрам пра стварэнне Батлейкі, жыццё ў эміграцыі і тугу па радзіме, ролю беларускай мовы ў захаванні сваёй ідэнтычнасці ды вялікую «перазагрузку».
Прэм’ера спектакля «Батлейка-Шагал» у сталіцы Грузіі
Даведка:
Аляксандр Ждановіч скончыў Тэатральна-мастацкі інстытут у 1985 годзе. Увесь яго творчы шлях непарыўна звязаны са сталічным Нацыянальным драматычным тэатрам імя Горкага. У 2021 годзе Аляксандр быў звольнены з тэатру за ўдзел у акцыях пратэсту.
На працягу папярэдніх трыццаці пяці гадоў працы акцёр увасобіў на сцэне мноства знакавых вобразаў у п’есах Шэкспіра, Булгакава, Камю ды іншых. З 1982 года здымаўся ў мастацкім кіно — колькасць фільмаў перавышае чатыры дзясяткі.
Асобная знакавая роля спадара Аляксандра — Маляваныч са знакамітай «Калыханкі». Артыст прысвяціў ёй 18 год жыцця на беларускім тэлебачанні. З гэтай нагоды ездзіць у тбіліскім метро з Аляксандрам Ждановічам дастаткова складана — кожны дзень на любым маршруце да яго падыходзяць беларусы са словамі: «О, Маляваныч, прывітанне!».
— Спадар Аляксандр, вядома, што да ліпеньскай прэм’еры спектакля «Батлейка-Шагал» у Вас былі іншыя імпрэзы ў Грузіі. Якія перадумовы іх стварэння мелі месца? З якімі думкамі, творчымі ідэямі Вы ішлі да сваіх тутэйшых гледачоў?
— Да «Батлейкі-Шагала» ў мяне было шэсць выступаў у Тбілісі і Батумі. А пачалося ўсё, насамрэч, даўно — так бы мовіць — з любові да паэзіі. У свой час я ладзіў невялікія творчыя сустрэчы — сказаў бы, «у мірны час» — гэта я так называю ўсё, што было да 2020 года.
Вечар аматараў паэзіі ў Тбілісі
Дваццаты год мяне ўвогуле моцна змяніў. Адным з найвялікшых уражанняў сталі дваровыя канцэрты. Гэта было так прыгожа, калі людзі збіраліся — без усякага прымусу, выкарыстоўваючы сапраўдныя шчырыя чалавечыя адносіны. На той момант я вельмі хацеў паўдзельнічаць у такіх канцэртах, але пры гэтым не надта ўяўляў, якім чынам — я не спяваю, не танчу і фокусаў паказваць не ўмею.
Адзінае, што заставалася — мая прыхільнасць да мастацкага слова. Аднак тое, што мелася ў рэпертуары, не адпавядала часу, было не надта актуальна — так мне падавалася, такое ў мяне было адчуванне. Мне хацелася распавесці пра тое, што балела, пра тое, што адбывалася навокал — хацелася стварыць нешта асаблівае. Наступіў кастрычнік 2020 года. Я шукаў і назапашваў новы матэрыял, працаваў над новымі вершамі. Так, напрыклад, адбіраліся вершы Бродскага, Пастэрнака, Еўтушэнкі.
І вось я рыхтаваўся, рыхтаваўся, а здарылася так, што прэм’ера гэтай праграмы адбылася ў лістападзе 2020 у камеры нумар 34 Жодзінскай турмы. Гэта быў вельмі цікавы досвед — восем «шконак», якія стаяць нібыта амфітэатрам, амаль што партэр, бельэтаж, ложа. І хлопцы — вельмі класныя, мы пасябравалі там у турме, — яны і былі маімі першымі гледачамі. Пасля турмы нейкі час усё працягвалася такім чынам — мы збіраліся па хатах, быў нейкі сярэдні варыянт паміж кватэрнікам і канспіратыўнай кватэрай — там я чытаў вершы з маёй новай праграмы з такім вось дысідэнцкім зместам.
Потым час крыху змяніўся — на пачатку 2021 года людзі адчувалі нейкую разгубленасць альбо, можа быць нават было адчуванне паразы. Але ж менавіта ў гэты час сфармаваўся цыкл вершаў, а разам з ім галоўная думка і мой мэсыдж да гледачоў і слухачоў. Я спрабаваў вызначыць для сябе гэту ідэю такім чынам: мы знаходзімся ў роспачы, у разгубленасці з-за таго, што ўсё зробленае намі падаецца бессэнсоўным — усе чакалі нейкай вялікай перамогі, аказалася нібыта параза. А насамрэч змены ў свеце, яго развіццё адбываюцца па ўмоўнай спіралі, і ўсё тое, што мы зараз перажываем, людзі перажывалі і да нас на працягу ўсёй гісторыі. І лепшыя з іх — каго мы называем паэтамі, геніямі — яны ўсе тыя няпростыя, складаныя пачуцці ўжо выразілі даўно. І на самай справе, як мне падаецца, — у чалавечым сэнсе, у духоўным сэнсе — менавіта яны з’яўляюцца пераможцамі. Яны не здрадзілі сабе, нягледзячы на выпрабаванні. Хтосьці быў у турме, хтосьці быў закатаваны альбо расстраляны, іншыя вымушаны былі з’ехаць з роднай краіны ці вымушаны маўчаць, знаходзячыся ў краіне-турме. Але яны не здрадзілі сваім прынцыпам — чалавечым, мастацкім. Таму гісторыя іх захавала. Вось з іхнай спадчыны, як з крыніцы, трэба браць і сілы, і знаходзіць сэнс у працягу барацьбы — з тых вершаў, з тых пасылаў, якія нам пакінуты.
— Ці з’яўляецца падмуркам праграмы нацыянальны складнік — беларуская паэзія?
— У 2021 годзе я стаў свядома пераходзіць на беларускую мову, разумеючы, што апошняя наша лінія абароны, апошняя бяззбройная зброя, каб захаваць сябе, не страціць унутранае адчуванне вольнага беларуса — гэта і мова, і літаратура, і культура беларуская.
Таму ў адноўленай праграме з’явіліся Анатоль Сыс, Максім Багдановіч, Уладзімір Караткевіч, Наста Кудасава, Уладзімір Някляеў.
І калі мяне лёс закінуў сюды, у Тбілісі, я зразумеў, што для беларусаў, якія апынуліся побач, тэма маёй праграмы запатрабавана яшчэ больш, чым для тых, хто застаўся дома. Тут, у Грузіі, можа быць, дыхаецца крыху вальней. Але адчуванне роспачы ў нашых землякоў не праходзіць — што рабіць далей? Як будзе складацца агульны шлях? І таму тэма аб’яднанасці вельмі актуальная. І яшчэ больш адчуваецца запатрабаванасць размаўляць менавіта па-беларуску, каб захаваць сваю ідэнтычнасць.
— Спадар Аляксандр, а самі Вы адчуваеце сябе выгнаннікам?
— Калі адказаць на пытанне проста, то я час ад часу лаўлю сябе на думцы, што гэта сон. У нейкі момант нібыта прачынаюся і пытаюся сам у сябе: «А дзе гэта я? Што я тут раблю? Чаму я тут апынуўся?». Зразумела, часам бывае вельмі сумна, але я змагаюся. Але ж ніколі, ні ў якім сне не мог уявіць, што нешта падобнае адбудзецца са мной.
Змяняць штосьці ў 58 гадоў дастаткова складана. Аднак я ўспрымаю абставіны па меры іх з’яўлення ў маім жыцці. На сённяшні дзень стараюся рабіць так, як робяць дзеці — жыць адным момантам.
Маляваныч праводзіць заняткі ў тэатральнай студыі для дзетак-беларусаў
— Са спецыфікай жыцця беларускага творцы ў Грузіі больш-менш зразумела. Вядома, што Вы, у дадатак да ўсяго, арганізавалі тэатральную студыю для дзетак беларускіх эмігрантаў у Тбілісі, працягваеце супрацу з дзіцячым Ютуб-каналам «Бэйбус» і нават рабілі дубляжы для фільмаў «Warner Bros.». Усё гэта ўражвае. А ці ёсць творчая сувязь з астатнім светам?
— У хуткім часе пасля прэм’еры спектакля «Батлейка-Шагал» у Тбілісі, у жніўні 2022 года ў мяне адбылася неверагодная паездка ў Польшчу, якую б я назваў вялікай «перазагрузкай». Гэта самае дакладнае слова.
Тбілісі — выдатны горад. Аднак яго энергія, яго інтэрнацыянальны паўднёвы характар на мяжы Еўропы і Азіі ў нейкі момант крыху стамілі. І вось узнікла патрэба «змяніць карцінку». Я хацеў нібы азірнуцца, паглядзець, што робіцца ў іншым свеце, безумоўна, сустрэцца з сябрамі — і не толькі беларусамі, але і з палякамі — акцёрамі, рэжысёрамі, іншымі творчымі людзьмі. У выніку атрымалася своеасаблівае турнэ: Варшава, Торунь, Познань і зноў Варшава. Планаваліся яшчэ творчыя сустрэчы ў Кракаве, Уроцлаве, Беластоку, але не хапіла і часу, і па іншых умовах былі накладкі.
Падчас паездкі ў Польшу
Сустрэчы з калегамі і сябрамі адбываліся бесперапынна
Мяне нават прасілі затрымацца, таму што не ўсе мелі магчымасць патрапіць на выступы. Я адчуў неверагодную запатрабаванасць тых праграм, што прывёз у Польшчу. А былі гэта і цыкл вершаў, пра які ўзгадвалася ў нашай размове, — ён атрымаў назву «Часы не выбіраюць», і праграма для дзяцей, і спецыяльная частка, прысвечаная батлейцы. Між іншым, з класічнай батлейкі пачынаўся і спектакль «Батлейка-шагал». А ў Польшчы мы паказвалі батлейку з традыцыйным сюжэтам — цар Ірад, карчмар-габрэй, Хрыстос ды іншыя традыцыйныя батлеечныя персанажы...
— Дарэчы, тут нельга не ўзгадаць пра Ваш вялікі досвед у батлеечным кірунку і нават пра фестываль батлейкі, які Вы ладзілі ў Беларусі. Можна сказаць некалькі словаў пра гэту сферу Вашай дзейнасці?
— З 2014 па 2019 год уключна мы праводзілі фестываль батлеечных і лялечных тэатраў пад назвай «Нябёсы». Пачынаўся ён пры Свята-Елісавецінскім манастыры на ўскрайку Мінска. Тут варта было б сказаць, што пры гэтым манастыры я больш за дзесяць гадоў вёў тэатральную студыю і мы давалі па два спектаклі на год. Там жа быў інклюзіўны тэатр для дзетак з асаблівасцямі — сіндром Даўна, аўтызм ды іншае. Я з імі шмат працаваў — таксама як і са звычайнымі дзецьмі — і аб’ядноўваў гэтыя кірункі маёй тэатральнай працы.
А мая жонка Людміла была вялікая аматарка батлейкі, яна была актрысай лялечнага тэатра па сваёй прафесійнай спецыялізацыі, і арганізацыя фестывалю — гэта была яе ініцыятыва. Пачыналася ўсё на аматарскім узроўні — два дні ўсяго. Але потым наша задумка разраслася да ўзроўню міжнароднага фестывалю, які па часе ішоў да пяці дзён, а ў гэтых межах паказвалася каля дваццаці пяці спектакляў з Прыбалтыкі, з Украіны, з Польшчы, са шматлікіх расійскіх гарадоў, зразумела, з Беларусі, а яшчэ з Германіі, і нават з Вялікабрытаніі (праўда, адтуль прыязджала этнічная беларуска, але ж факт яе грамадзянства ніхто не адмяняў).
Калі шчыра, раней я ведаў пра батлейку, як і ўсе мы — на ўзроўні чыста азнаямляльным.
Людміла Ждановіч (1961–2015)
Але калі я пазнаёміўся бліжэй, яна адкрылася для мяне як неверагодна захапляльная. З вялікім патэнцыялам і глыбінёй. І праз гэтыя батлеечныя стасункі я пазнаёміўся з многімі вельмі цікавымі людзьмі з усяго свету. І вось цяпер нават у Грузіі батлеечная тэма знайшла свой працяг.
Фота з асабістага архіву Аляксандра Ждановіча
Ю. Н., budzma.org