Гродзенскі гарвыканкам абвесціў творчы конкурс на лепшы эскізны праект манументальна-дэкаратыўнай скульптуры аленя — сімвала горада. Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца скульптары і архітэктары з профільнай адукацыяй.
Афіцыйны герб Гродна: Фота: gs.archives.gov.by
Тэма: На выбар — «Алень фестывальны», «Алень кінематаграфічны» або «Алень турыстычны».
Форма: Адна-або шматкампанентная скульптура ў класічных традыцыях, вышынёй да 2 метраў.
Тэрмін падачы: Да 29 студзеня 2026 года (уключна).
Што прадаставіць: Планшэт (1×1 м) з сітуацыйным планам, мадэллю скульптуры (маштаб ад 1:10), візуалізацыяй і тлумачальнай запіскай.
Работы падаюцца ананімна.
Адно з месцаў устаноўкі будучай скульптуры. Фота: t.me/grodno_ispolkom
Для ўдзелу ў конкурсе неабходна да 29 студзеня 2026 года ўключна прадставіць конкурсныя матэрыялы з канвертам удзельніка конкурсу ва ўпраўленне будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта па адрасе: Гродна, плошча Антонія Тызенгаўза, 3, кантактныя тэлефоны + 375 152 2 62 69 90, + 375 152 44 74 32.
Конкурс адбудзецца нават пры адной заяўцы. Усе выдаткі — за кошт удзельніка. Усе матэрыялы пасля адзнакі вяртаюцца аўтарам.
Журы разгледзіць заяўкі на працягу 14 дзён. Вынікі будуць апублікаваны на афіцыйным сайце гарвыканкама.
Алень Святого Губерта з залатым крыжам — гэта знакаміты сімвал, які паходзіць з легенды пра святога Губерта, паляўнічага, які пабачыў аленя з крыжам паміж рагамі, што змяніла яго жыццё. Гэты вобраз сімвалізуе веру, справядлівасць і духоўнае пераўтварэнні. Алень з’яўляецца сімвалам Гродна і размешчаны на гарадскім гербе. Паводле гісторыкаў, герб з выявай аленя Святога Губерта мог быць нададзены Гродна яшчэ ў 1540 годзе каралевай Рэчы Паспалітай і вялікай княгіняй ВКЛ Бонай Сфорца. Гараджане Гродна шанавалі Святога Губерта як заступніка паляўнічых і лічылі яго прыкладам у маральным самаўдасканаленні.
Герб быў скасаваны ў часы Расійскай імперыі, у наш час адноўлены 15 чэрвеня 1988 года.