Лявон Вольскі разважае пра вызваленне палітвязняў і рэакцыю беларусаў на гэтую падзею ды выкрывае «шэрую, брыдкую, непрыгожую праўду жыцьця».
Лявон Вольскі. Фота: Darya Kaliada
Ізноў — падзея. Ізноў — рэакцыя беларускага грамадзтва на падзею. Рэакцыя, як заўсёды, багатая і разнастайная. Але трэба браць пад увагу, што далёка ня ўсё беларускае грамадзтва можа дазволіць сабе гэткую раскошу — вольна выказваць свае думкі ў інтэрнэце.
І ня толькі ў Беларусі. Шмат тых, хто за мяжою, таксама жорстка кантралююць свае эмоцыі і ўстрымліваюцца ад камэнтароў з розных нагодаў. Хтосьці рэгулярна езьдзіць на радзіму. У кагосьці там сваякі, на якіх улада можа націснуць, калі што. Хтосьці баіцца за сваю маёмасьць. Хтосьці баіцца проста так, на ўсякі выпадак, па старой беларускай звычцы.
Камэнтуюць у асноўным тыя, каму няма чаго губляць. А таксама тыя, каму дазволена камэнтаваць. І тыя, для каго штодзённыя камэнтары — гэта праца.
Вернемся да падзеі. Адпусьцілі палітычных зьняволеных. І тут улада — нават, здавалася б, у сытуацыі, якая для гэтага зусім не пасавала — праявіла свой чарговы крэатыў (у пазапапярэднім допісе я ўжо казаў пра дзіўную зламысную вынаходлівасьць кіраўніцтва РБ) — вязьняў дэпартавалі не, як звычайна — у Літву, а гэтым разам ва Украіну.
І там яны — толькі выйшаўшы з агульнага аўтобусу — даюць прэс-канфэрэнцыю. І вось словы, якія на гэтае акцыі прагучалі, і сталіся нагодай да чарговага бурлівага абмеркаваньня на прасторах інтэрнэту.
Ну — як гэта?! — асоба, якая зарэкамэндавала сябе бескампраміснай барацьбіткай з рэжымам РБ, гаворыць: «Дзякуй Аляксандру Рыгоравічу».
Мне таксама гэтыя словы разанулі, як кажуць, «па жывому». Чалавек, які ў 20-м зьдзяйсьніў геройскі ўчынак, зламаў сцэнар добраахватна-прымусовай дэпартацыі, парваўшы свой пашпарт, цяпер дзякуе дыктатару, які зноў дэпартаваў яго, гэтым разам пасьпяхова, прычым (ці не наўмысна?) таксама ва Украіну. Як гэта можа быць?
«Нас пакаралі, бо мы сьпявалі,
Нам спачувалі, але назіралі, але назіралі...
Нас катавалі — мы вар’яцелі.
Вы спачувалі, але ўсё глядзелі-глядзелі-глядзелі...».
Гэта радкі зь песьні гурту «Irdorath», якая называецца «Зорамі», першае песьні, напісанай пасьля двухгадовага зьняволеньня. Гледзячы па гэтых словах, музыкі наіўна спадзяваліся на тое, што іх вызваляць з палону, што цывілізаваны сьвет і неабыякавыя людзі зробяць нешта такое, што не дазволіць катам доўга ўтрымліваць іх у няволі. Але так не атрымалася. Ні шырокая вядомасьць у Эўропе, ні нашыя з вамі спачуваньні і глыбокая заклапочанасьць ні на дзень не наблізілі іхнае вызваленьне.
Якая сытуацыя з дэпартаванымі ва Украіну была цяпер? Тая, што і заўсёды. Людзьмі афіцыйна, легальна гандлявалі. «Вы здымаеце санкцыі, а мы за гэта выпусьцім порцыю палонных». Нічога не пахіснула гэтую практыку, якой ужо не адзін дзясятак гадоў.
Ніхто не прыдумаў за гэты час нічога дзейснага. Такога, каб ня гэтае вечнае «ты — мне, я — табе». Такога, каб у дыктатуры не засталося іншага выбару, не было шанцаў — толькі выпускаць палонных. Санкцыі напоўніцу не спрацавалі, іх удала абыходзілі, дый Эўразьвяз не спыніў цалкам гандаль з РБ.
Малюнак Лявона Вольскага
Групы насельніцтва, якія могуць сабе дазаволіць раскошу спрачацца ў інтэрнэце, ламаюць свае ўяўныя дзіды. Тыя, хто спрачаецца, бо такая праца, падліваюць алею ў агонь, і мне самому вельмі непрыемна, што чалавек, у якога гвалтоўна выкрэсьлілі пяць гадоў з жыцьця, дзякуе таму, хто гэтыя гады й адабраў.
Але бескампраміснасьць ды нязломнасьць — гэта тое рамантычна-гераічнае, што нам хочацца бачыць, а ў рэчаіснасьці — каб нязьменны кіраўнік не згадзіўся б кагосьці адпускаць, дык і не адпусьцілі б. І ніхто б ня здолеў на гэта паўплываць.
Так, гэта шэрая, брыдкая, непрыгожая праўда жыцьця, але асоба, якой (безумоўна, несправядліва) прысудзілі 11 гадоў зняволеньня і празь 5 выпусьцілі, можа нечакана падзякаваць за тое, што гэта адбылося: «Дзякуй вам, Аляксандр Рыгоравіч!».
Але ад непрыемнага адчуваньня ўсё адно няма дзе падзецца. Аж перасмыкнула...
Лявон Вольскі, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org