Краёчкам дакрануцца да цуду, на долю секунды перамясціцца ў Індыю ці Кітай і адчуць сябе ўдзельнікам светлага Свята Агнёў – такія ці прыблізна такія думкі луналі ў галовах тых, хто сабраўся цёплым суботнім вечарам на масавы запуск кітайскіх ліхтарыкаў у сталічным парку “Уручча”.
Першы такі запуск, як распавялі арганізатары мерапрыемства Аляксей і Андрэй, адбыўся яшчэ ў траўні. А пачалося ўсё проста – хлопцам хацелася як-небудзь нестандартна павіншаваць сябра з днём нараджэння. Інфармацыю распаўсюджвалі праз сацыяльныя сеткі і шляхам абтэлефаноўкі сяброў-знаёмых.
Ні многа ні мала – а гэтым разам прыйшло больш за сотню чалавек: хто – парамі, хто – з кампаніяй, а іншыя – цэлымі сем’ямі. Былі нават маладыя, якім іх спадарожнікі перманентна крычалі: “Горка!” А прысутныя дружна падхоплівалі заклік.
Ліхтарыкі прыносілі з сабой або куплялі на месцы ў прадстаўнікоў інтэрнэт-крамы fonariki.by. Задавальненне хоць і не з самых танных (20 тысяч за штуку), але народ разбіраў іх з радасцю. Па ліхтарыку на рукі.
Вось Аляксей па гукаўзмацняльніку абвяшчае пачатак: трэба распакаваць ліхтарык, замацаваць сухое паліва. Чакаем хвілін дзесяць-пятнаццаць, пакуль усе падрыхтуюць свае ліхтарыкі да палёту. Падпальвай! Цяпер трэба даць ліхтарыку час нагрэцца. Паляна, дзе адбывалася дзейства, у гэты час асвяцілася ціхім, не занадта яркім, крыху таямнічым святлом.
Запускай! У гэты момант і пазней, калі дзясяткі ліхтарыкаў падняліся ў неба і, аддаляючыся ад зямлі, ператварыліся ў зоркі, удзельнікаў агарнула адчуванне “чыстай радасці”, дзіцячага захаплення і датычнасці да стварэння цуду.
Было б выдатна, калі б гэтае мерапрыемства стала традыцыйным. Вельмі ўжо гэта прыгожа!
Зарына Кандрацьева