Ініцыятыва MALDZIS набыла на аўкцыёне ў Ізраілі малюнак яркага рэпрэзентанта Парыжскай школы мастацтва Восіпа Любіча, які быў родам з Горадні.
Твор «Рабочыя» Восіпа Любіча, гуаш на паперы, 1920-я годы. Фота: Таццяна Капітонава
Набыты твор, выкананы ў тэхніцы гуашы на паперы і падпісаны аўтарам, носіць назву «Рабочыя» і датуецца 1920-мі гадамі. Гэта рэдкі прыклад ранняй творчасці беларуска-французскага мастака.
Кажа кіраўнік ініцыятывы MALDZIS Павел Мацукевіч:
«Восіп Любіч — гэта прыклад таго, як творчасць мастака з Горадні становіцца часткай еўрапейскага мастацкага канону, але ягоная постаць і сёння застаецца малавядомай у Беларусі. Мы хочам гэта змяніць праз вяртанне ў беларускі кантэкст ягонага імя і творчасці».
Малюнак Любіча «Рабочыя» быў набыты на сродкі мецэнаткі, якая пажадала застацца непублічнаю.
У будучыні набыты MALDZIS твор плануецца перадаць у Горадню ў якасці грамадскага падарунка.
Кажа апякун ініцыятывы MALDZIS Рыгор Астапеня:
«Малюнак Любіча адкрывае новы раздзел у гісторыі дзейнасці MALDZIS. Гэта крок да фармавання больш цэласнага бачання беларускай культурнай спадчыны, якая ўключае не толькі архіўныя і гістарычныя каштоўнасці, а і выяўленчае мастацтва».
27 чэрвеня малюнак можна будзе пабачыць у межах «Art-кавярні MALDZIS з Дзмітрыем Салодкім» у Варшаве. Падрабязнасці хутка.
Ініцыятыва MALDZIS набыла твор «Рабочыя» Восіпа Любіча. Злева направа: Рыгор Астапеня, Таццяна Капітонава, Павел Мацукевіч
Восіп Любіч (1896–1990) — мастак беларускага паходжання, адзін з прадстаўнікоў Парыжскай школы.
Нарадзіўся ў Горадні ў яўрэйскай сям’і. Вучыўся ў Адэсе, дзе атрымаў класічную мастацкую адукацыю. У 1920-ым годзе пераехаў у Берлін, працаваў мастаком-дэкаратарам для тэатра, оперы, кіно. Гэта паўплывала на ягоную візуальную мову і цікавасць да сцэнічных вобразаў.
Восіп Любіч. Фота: wikimedia
З 1923-га года жыў у Парыжы, у асяроддзі Манпарнаса — цэнтра мастацкага жыцця таго часу. Тут ён сфармаваўся як мастак Парыжскай школы.
Ягоная творчасць уключае партрэты, пейзажы, нацюрморты, але найбольш выразна ён выявіў сябе ў сцэнах з тэатральнага і цыркавога жыцця.
Падчас Другой сусветнай вайны Любіч быў арыштаваны і трапіў у лагер Дрансі, адкуль здолеў уцячы. Пасля вайны працягваў жыць і працаваць у Парыжы.
Ягоныя творы сёння знаходзяцца ў музеях і прыватных зборах па ўсім свеце, у тым ліку ў Беларусі — у Нацыянальным мастацкім музеі і карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанка».
Лёс і спадчына Любіча моцна яднаюць Беларусь з Францыяй, Нямеччынай ды Ізраілем.