Твораў гэтага выбітнага мастака не засталося ў Беларусі. Цяпер ёсць магчымасць іх пабачыць

Сымон Чаховіч напісаў 44 карціны для Полацкага езуіцкага калегіума. Ён заразіўся барока, калі два дзесяцігоддзі вучыўся ў Рыме, і стаў найлепшым мастаком XVIII стагоддзя на нашых землях, піша «Наша Ніва».

Symon Čachovič Сымон Чаховіч. Аўтапартрэт. З палаца ў Ракішках. Фота Wikimedia Commons

Сымон Чаховіч пражыў нязвыкла доўгае для тых часоў жыццё: 86 гадоў (1689–1775). І выгадаваў наступнае пакаленне мастакоў. Ягоная познебарочная манера была ўжо не ў модзе ў Еўропе, дзе запанавалі іншыя стылі. Але ў Беларусі, Літве, Польшчы, Украіне Чаховіча любілі. Мастакоў роўных яму тады не было.

Урачыстасць, параднасць, пышны дэкор адпавядалі густам нашых продкаў той эпохі — ягоныя карціны замаўлялі сабе як цэрквы, так і магнаты.

Партрэты, але таксама сюжэты з Бібліі, жыццяў святых — Чаховіч працаваў у палацах Сапегаў, Тышкевічаў, Асалінскіх, Жавускіх. Пастэльныя, чыстыя колеры ягоных карцін ствараюць уражанне фрэскі.

Большасць рэлігійных кампазіцый знаходзяцца ў касцёлах, зафундаваных мецэнатамі свайго часу. У палацах жа пакідалі партрэты.

Сымон Чаховіч напісаў 44 карціны для Полацкага езуіцкага калегіума, у тым ліку партрэты Папы Паўла III, Папы Грыгорыя XIII, біскупа Яўстаха Валовіча, караля Сцяпана Батуры. Але ў віхурах ХХ стагоддзя яны ўсе былі вывезеныя або страчаныя. Захоўваюцца творы Чаховіча ў Рускім музеі Пецярбурга, у Варшаве, Кракаве, Вільні, Львове.

Цяпер тыя, хто мае візы, маюць магчымасць пабачыць вялікую выставу Сымона Чаховіча ў Вільні — у Палацы вялікіх князёў літоўскіх.

Symon Čachovič. Try karali (Paklaniennie valchvoŭ)
Сымон Чаховіч. Тры каралі (Пакланенне валхвоў). Захоўваецца ў Львоўскай карціннай галерэі. Фота Wikimedia Commons

Туды сабралі ягоныя работы, якія захоўваюцца ва Украіне. Творы прывезлі з замка ў Падгорцах, дзе Чаховіч працаваў пяць гадоў. Там ён быў распісаўшы касцёл Святога Язэпа, палацавую капліцу, парадныя і прыватныя памяшканні. Акрамя таго, Вацлаў Жавускі, які валодаў Падгорцамі, скупляў і ранейшыя карціны Чаховіча.

У спальні Жавускага вісела 107 карцін, і 70 з тых 107 былі творамі Сымона Чаховіча.

Выстава Чаховіча будзе працаваць у Вільні да канца верасня.