Адной з самых яркіх падзеяў у беларускім культурным жыцці Гродна мінулага года стала стварэнне дзіцячай групы калядоўшчыкаў, якія імгненна сталі зоркамі сацыяльных сетак.
Пра стварэнне групы распавядае Ігар Кузьмініч, які ў свой час сам вельмі шмат зрабіў для таго, каб ідэя беларускага каледавання захавалася і пашыралася. Ён жа сабраў уражанні малых калядоўшчыкаў.
– “Ідэя стварэння дзіцячай групы калядоўшчыкаў прыйшла неяк сама. Ужо тры апошнія гады два мае сыны Мікіта і Даніла ўдзельнічалі ў калядаваннях разам з дарослымі. Дык чаму ж немагчыма зрабіць групу калядоўшчыкаў толькі з малых, падумаў я? Тым больш, што ў горадзе зараз дастаткова беларускамоўных дзетак.

І вось 25 снежня 2014 года ўпершыню ў Гродне акрамя “дарослых” групаў беларускіх калядоўшчыкаў калядавала дзіцячая група. Вось імёны сёлетніх калядоўшчыкаў:
Каза – Лера Хільмановіч (на здымку ніжэй),

Механоша – Мікіта Кузьмініч,
Мядзьведзь – Даніла Кузьмініч,
Цыган – Антон Соркін (на здымку ніжэй),

Баранчык – Раман Хільмановіч (на здымку ніжэй, самы маленькі ўдзельнік),

Буслік, а пазней Конік – Аляксандар Кудловіч. На мой погляд, калядаванне малых калядоўшчыкаў прайшло вельмі файна! У дзяцей Калядаванне атрымліваецца неяк больш шчыра. Магчыма, таму адорваюць калядоўшчыкаў-дзетак нашмат лепш, чым дарослых.

А як малыя ставяцца да самога дзейства! Яны як быццам адчуваюць свята, часам імправізуюць, але прытрымліваюцца сваіх роляў, што не заўсёды ўбачыш у дарослай групе.
Вось што кажуць людзі, якія ведаюць, што такое Калядаванне, самі неаднаразова Калядавалі, а сёлета назіралі калядаванне малых беларускіх калядоўшчыкаў.
Інга Сакута – гаспадыня, што прымала малых калядоўшчыкаў у сваёй хаце: – “Я сама калядавала на працягу сямі гадоў і мне заўсёды было цікава пабываць на месцы гаспадароў. У гэтым годзе маё жаданне задаволілася. Паколькі ў нас малыя дзеці, то мы запрасілі дзетак-калядоўшчыкаў.
Іх выступ нашай сям’і вельмі спадабаўся, магчыма таму, што дзеці шчырыя і непасрэдныя, яны кажуць усё як ёсць і нават не ўмеюць хітрыць, калі нешта пайшло не па сцэнары. І гэта прываблівае.
Думаю, што маленькіх калядоўшчыкаў добра запрашаць акурат да тых сямей, у якіх ёсць малыя дзеці: не напалохаюць і паразумеюцца.”
Вольга Корсун, журналістка якая рабіла здымкі падчас калядаванняў у гэтым годдзе:
– “Маленькія калядоўшчыкі кранулі сваёй непасрэднасцю і шчырасцю, з якой выступалі. Яны вельмі сур’ёзна паставіліся да сваіх роляў, гучна спявалі, весела танцавалі і шлі на кантакт з гаспадарамі хат.

Цешыць, што шматгадовая гарадзенская традыцыя калядавання працягваецца, ды так паспяхова! А маленькія гарадзенцы напоўніцу адчулі, што такое беларуская культура, ды сталі яе часткай.У такой вясёлай кампаніі з мішкам, козачкай ды іншымі ўсмешка не сходзіла з твару ўвесь вечар, а зарад энэргіі і пазітыву застаўся на ўсе выходныя. Гэта было далёка не першае маё калядаванне, але ў гэтым годзе яно падаравала новыя эмоцыі і ўражанні. Калядаванне з дарослымі не горшае, але яно – іншае.
Думаю, гэты вечар запомніцца надоўга – як самім маленькім калядоўшчыкам, так і тым, каму яны спявалі свае калядкі ды жадалі шчасця і радасці ў новым годзе.”
А вось што думаюць самі малыя калядоўшчыкі пра калядаванне і пра тое, ці хочуць яны калядаваць яшчэ.
Што такое Каляды? Пра што гэтае свята?
Саша Кудловіч:

Я думаю, што Каляды – гэта такая традыцыя, якая збірае людзей разам і яе… святкуюць. Людзі збіраюцца і ходзяць па кватэрах. Спяваюць песні і выступаюць, каб ім далі ўсялякія салодкія прысмакі. Гэтае свята… пра Бога, напэўна… Што ён нарадзіўся…

Каляды – гэта свята. Вялікае свята, калі прыходзяць калядоўшчыкі, пяюць песні… і калядоўшчыкам даюць цукеркі. Гэта свята пра нараджэнне Ісуса Хрыста.

Гэта свята, якое ўтварылася некалькі стагоддзяў таму назад. Гэта свята пра нараджэнне новага жыцця. Каза – гэта сімвал жыцця. Калі калядоўшчыкі прыходзяць і Каза памірае – гэта сведчыць пра тое, што жыццё памірае і потым адраджаецца.

Каляды святкаваліся ў самую даўжэйшую ноч года. Тады калядоўшчыкі хадзілі па хатах і святкавалі. Былі героі: Механош, Каза, Баранчык і іншыя… Спачатку гэтае свята было паганскім, а пазней стала хрысціянскім.
Выдатна, што традыцыя святкаванняў беларускіх Калядаў мае працягласць ужо, як мінімум, два дзесяцігоддзі.
Новая традыцыя беларускіх калядаванняў у Гродне трымаецца на ініцыятары, які бярэ на сябе адказнасць арганізатара і ў розны час гэта былі розныя асобы і розныя арганізацыі.
Здараецца, што гэтыя людзі па розных прычынах адыходзяць ад гэтых справаў і тут вельмі істотна, каб іншыя падхоплівалі ініцыятыву і на нейкі час бралі на сябе адказнасць за традыцыю беларускіх калядаванняў. Традыцыя захоўваецца толькі тады, калі мае нейкі лагічны штогадовы працяг. Гэта значыць, што новыя людзі бяруць за аснову і адаптуюць напрацаваны раней матэрыялы і досвед.
Разам з прыходам маладых калядоўшчыкаў хочацца верыць, што некалі яны будуць тымі, хто возьме на сябе ініцыятыву па падрыхтоўцы беларускіх калядаў”.
Фота: Інга Сакута, Вольга Корсун, Уладзімір Хільмановіч
Тэгі: Горадня