Стала вядома, што яшчэ адна артыстка адмовілася ад удзелу ў «Славянскім базары ў Віцебску» — гэта ўкраінская спявачка Maruv, піша Новы Час.
Пра тое, што Ганна Корсун, якая выступае пад сцэнічным імем Maruv, не прыедзе ў Віцебск 29 сакавіка паведаміў телеграм-канал «Євробачення Україна — Eurovision Ukraine», перадаюць «Народныя навіны Віцебска».
Менавіта Maruv стала пераможцай Украінскага адбору на «Еўрабачанне» ў 2019 годзе. Раней гэты канал апублікаваў скрыншоты каментароў ад прыхільнікаў спявачкі ў яе instagram, з просьбамі адмовіцца ад паездкі ў Беларусь.
Maruv выступала на «Славянскім базары ў Віцебску» ў 2018 годзе. У 2019 годзе яна таксама была заяўлена на канцэрце «Europa plus TV. Hit non stop у Віцебску», але так і не з’явілася на сцэне.
Нагадаем, што раней наконт «Базару» выказаліся комік Міхаіл Галусцян і спявак Аляксандр Іваноў і яго гурт «Ронда». Яны заявілі, што іх уключылі ў спіс удзельнікаў без іх ведама. Яны ў Віцебск не прыедуць. Рэпер Homie таксама адмовіўся ад запрашэння.
Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года праз звароты да артыстаў у сацсетках беларусы вымусілі адмяніць агітацыйныя канцэрты за Лукашэнку напярэдадні галасавання, — практычна ўсе замежныя зоркі адмовіліся ехаць у Мінск.