Маскоўскі архіў БНР: грошы, войска і штодзённасць «айцоў нацыі»

25.05.2021 Гісторыя

Амаль незаўважным аказаўся выхад у свет зборніка «Архівы БНР. Том ІІ, кніга 1». Гэта працяг таўсценнага выдання 1998 года, падрыхтаванага Сяргеем Шупам. Папярэдняе выданне важыла 2,6 кг, сёлетняе танчэйшае. Але не менш цікавае!

Чаму архіў «маскоўскі»? Бо папярэдняе выданне архіваў БНР 1998 года грунтавалася на дакументах з Літвы. Тут — з Масквы. Туды пратаколы хадзілі вакольнымі шляхамі: Мінск — Гродна — Берлін — Коўна... У Коўне архіў трапіў да Ластоўскага. Той, пераязджаючы ў Мінск у 1927-м, не ўзяў яго з сабою, але пакінуў дачцэ.

Маскоўскі архіў БНР - Том 2, кніга 1 (2).jpg

Пра тое, што архіў Ластоўскага знаходзіцца ў ягонай дачкі ў Коўне, яшчэ ў 1943-м у лісце згадваў Езавітаў. Мабыць, апошні не ведаў, што яшчэ ў 1935 годзе муж дачкі Вацлава Юстынавіча... прадаў архіў цесця. Частку таго архіва — а менавіта пратаколы НС БНР — выкупілі расійскія эмігранты для свайго архіва ў Празе.

У 1945-м улады Чэхаславакіі перадавалі Савецкаму Саюзу дакументы розных эмігранцкіх асяродкаў. Нагадаем, што «з вялікай ласкі» чэшскіх уладаў сям’я Ларысы Геніюш таксама была выдадзеная СССР... Так у Маскву трапіў і архіў БНР. У савецкай, а пасля расійскай сталіцы ён ляжаў некрануты, хоць грыф «сакрэтна» быў зняты яшчэ ў 1988-м.

Сёлетняе выданне паўстала дзякуючы працы гісторыкаў Аляксандра Горнага і Андрэя Бучы. Усяго ў зборніку 122 пратаколы паседжанняў Народнага сакратарыята БНР. Ад лютага да канца лістапада 1918-га: увесь пераломны для маладой рэспублікі год пад адной вокладкай.

Пратакол першага пасяджэння НС БНР ад 21 лютага 1918.jpg

Пратакол першага пасяджэння НС БНР ад 21 лютага 1918 года

Урад ці фірма?

Народны сакратарыят фактычна быў урадам БНР, сфармаваным са складу Рады Усебеларускага З’езду. Першы часовы старшыня НС — Язэп Варонка. Урадоўцы-сакратары: Заяц, Смоліч, Серада, Крэчэўскі, Езавітаў і іншыя. Кожны адказваў за нейкую галіну. Прозвішчы гэтых людзей стаяць пад пратаколамі.

Тым не менш, калі гартаеш зборнік, не пакідае адчуванне, што пратаколы НС — гэта стэнаграмы планёрак нейкай вялікай фірмы або карпарацыі з цэнтрам у Мінску і шматлікімі філіяламі ў Бабруйску, Магілёве, Адэсе, Кіеве і г. д. Як ні дзіўна, найменш увагі аддаецца палітычным пытанням ці войску, а ў разы болей — грашовым.

Грашовыя аперацыі НС паўстаюць у шматлікіх ракурсах. Ад буйных транснацыянальных праектаў накшталт продажу Украіне лесу ці арганізацыі Гандлёвай палаты ў Кіеве да зусім дробных: кампенсацыйныя выплаты за падарожжы, авансы, пенсіі.

Групавы здымак дзеячоў БНР.jpg

Групавы здымак дзеячоў БНР

Па пратаколах можна аднавіць ход думкі ўрадоўцаў што да фінансавага забеспячэння сваёй структуры. У пачатку 1918-га гэта пытанні вымання грошаў і каштоўнасцяў з былых царскіх дзяржструктураў, якія аказаліся «нічыйнымі».

Напрыклад, даручэнне за 23 лютага Езавітаву выняць усе сумы з паштовых кантораў, бо палякі ўжо заняліся гэтым. Або: «Прыняць усе меры як найхудчэй к таму, каб забраць із казначэйства "абезлічэнныя цэннасьці" і рэалізаваць гэтыя цэннасьці пры дапамозе мейсцовых банкаў ад імені Народнаго Сэкрэтарыяту Беларусі...» (24 лютага)

У пратаколе за 20 сакавіка сустракаецца нават даручэнне народнаму сакратару па фінансах Белкінду пра «выпуск бонаў для ўсёй Беларусі, дзеля чаго ен павінен згаварыцца з Думай і Земствам». Сваёй валюты ў БНР так і не паўстала, але праект — быў. Усе разлікі ў пратаколах да канца 1918-га падаюцца ў рублях.

Сам Гелій Белкінд, дарэчы, у НС затрымаўся ненадоўга. Ужо 28 сакавіка ён выйшаў са структуры (як і Гутман, Злобін, Макрэеў) «у з’вязку з аб’яўляннем Беларусі незалежнай Дзяржавай». Сведчанні пра выхад людзей з падпарадкавання НС трапляюцца цягам усяго года. Недзе яны прадыктаваныя палітыкай, недзе — нявер’ем у поспех справы.

Першая пастанова НС БНР.jpg

Першая пастанова НС БНР

Браўнінг прапаршчыка Калчака і ўкраінскія мільёны

Шукаючы грошы, НС звяртаўся часам да нетрывіяльных хадоў. Амаль праз увесь год цягнецца эпапея з майном «беларускіх частак» на Румынскім фронце: «...там засталося надта многа імущества трох беларускіх дывізый, каторае лічыцца фармальна прыналежным беларускаму правіцельству, ні гледзячы з каго яно будзе складацца. Гэтыя вялікія маентнасьці можна будзе посьле перавязьці ў Беларусію» (2 красавіка 1918).

Гаворка тут пра часткі царскай арміі, якія на хвалі рэвалюцыйнай лібералізацыі аб’яўлялі сябе нацыянальнымі: украінскімі, літоўскімі, каўказскімі. На Румынскім фронце знайшліся падобныя беларускія — але румыны іх раззброілі, майно забралі. З праекта вяртання ў НС нічога не выйшла. Трапляюцца і камічныя гісторыі. Напрыклад, прапаршчык Калчак (паводле каментароў — Кончак) падаў заяву аб тым, «каб яму заплацілі за рэквізаваны у яго няпрауна браунінг, прапаушы у домі Губэрнатара, 600 рубл.» Было прызначанае цэлае расследаванне. У выніку прапаршчыку патлумачылі, каб звяртаўся са сваім браўнінгам да немцаў, НС нічога не дасць.

Менск у 1918 годзе.jpg

Але ўсё гэта дробязі. Найбуйнейшы фінансавы праект НС — продаж лесу ва Украіну. Упершыню мегапраект з’яўляецца ў пратаколе за 23 красавіка: «Адно рэальна дэлегацыя зрабіла: прынцыпіальна дагаварылася аб першым атрыманні грошау для Народнага Сэкрэтарыяту у ліку 5.000.000 руб. пры чым на першы пачатак Украінскі Урад згадзіуся даць аванс 300.000 рубл. Пад запраданыя дровы з дзялянак скарбовых у Мазырскім павеце.»

Далей чытаем, што з украінцамі старгаваліся на чатыры мільёны. Мазырскі лес прадаваўся паэтапна, грошы таксама прыходзілі па частках. Для кантролю ў Кіеве ўвесь час знаходзіўся нехта з прадстаўнікоў НС, грошы вазілі ў Менск. Камбінацыя цалкам фантастычная, бо ніякія «войскі БНР» Мазырскі павет не кантралявалі. Але грошы за лес прыходзілі цягам усяго 1918 года.

Куды ішлі грошы? На заробкі народным сакратарам. На розныя даччыныя структуры (Бабруйск, Будслаў, Магілёў і інш.) — як правіла гэта былі культурніцкія арганізацыі, школы ці прытулкі. На арэнду і рамонт «офісаў» у Мінску, якія займалі структуры МС. На выдавецкія справы: газеты, брашуры, паэтычныя зборнікі — той жа «Матчын дар» Алеся Гаруна.

Або вось 23 чэрвеня 1918 года «...дэлегацыя купіла за 8 тысячау аутамабіль, капітальны рэмонт каторага каштуе 4459 р. 40 к. і каторы будзе пры першай магчымасьці перэсланы Народнаму Сэкрэтарыяту». Смешна, бо ў пазнейшых пратаколах фіксуюцца спробы яго прадаць. Прычым няясна, рамантавалі той аўтамабіць ці ездзілі... Вось такая эканоміка.

Фатальны кейс з беларускай арміяй

На што грошы не ішлі, дык гэта на войска. Такія выдаткі банальна не фігуруюць у пратаколах. Можна было б падумаць, што, знаходзячыся ў акупаваным немцамі горадзе, сакратары НС не прапісвалі ў дакументах такія моманты. Шыфраваліся. Але вайсковыя аспекты часам фігуруюць у пратаколах, таму справа, імаверна, не ў канспірацыі.

Напрыканцы траўня трапляецца сіратлівая просьба вайскоўца Рычарда Якабіні «аб дапамозе яму грашмі дзеля таго, што ен у свой час на фармаванне коннага палка выдау многа грошы, а цяпер сам надта патрэбуе». Тая ж просьба паўторна фігуруе праз месяц: вайсковец просіць вярнуць яму 6000 рублёў. У выніку яму вяртаюць... 600 рублёў. Сам Якабіні праз нейкі час аказваецца ўжо ў Кіеве.

Тагачасная Украіна найчасцей фігуруе ў пратаколах як прыстанішча беларускіх вайскоўцаў. У Кіеве нібыта дзейнічае Беларуская вайсковая арганізацыя. Асобныя беларускія часткі ёсць у Адэсе. Усё гэта — са згоды украінскіх уладаў, якія не дапамагаюць, але і не замінаюць.

Менск у 1918 годзе-1.jpg

І з Кіева, і з Адэсы, і з Дону прыходзяць весткі з аднолькавым пасылам: ёсць вайскоўцы-беларусы, гатовыя вярнуцца на Бацькаўшчыну. Напрыклад: «На Кубані есьць дабравольчэская армія, сярод каторай есьць полк з беларусау, гатовых па першаму зову вярнуцца на Беларусь у войска беларускае, калі такое будзе арганізавацца.» У пастановах да пратаколаў на такія ноткі адна рэакцыя: «прыняць да ведама».

Толькі 9 лістапада 1918-га, позняй восенню, з’яўляецца пастанова НС: «Прызнаючы канешне патрэбным дзеля абароны нідзялімай і нізалежнай Беларусі пачаць фармаваць беларускую армію, даручыць гэнэралу Кандратовічу і палкоунікам Езавітаву і Тароцько утварыць штаб 1-го беларускаго полку».

9 лістапада можна было б лічыць датай паўстання войска БНР, калі б... нешта з той пастановы рэальна выйшла. Далей ідзе некалькі лістоў-хадайніцтваў таго ж Езавітава з просьбай вылучыць яму сродкі на працу і раз’езды, бо, каб зводзіць канцы з канцамі, той мае працаваць настаўнікам. Хадайніцтвы застаюцца без адказу. Пазней Езавітаву ўсё ж даюць аванс у 500 р., але сам выпадак паказальны.

Магчыма, д’ябальскую ролю ў справе арганізацыі войска адыграў падыход саміх дзеячаў БНР да вайсковых кадраў. Напрыклад, Луцкевіч, які быў з візітам у Кіеве, так піша пра Беларускую вайсковую арганізацыю: «Гэта арганізацыя нічога беларускага апроч назвы ні мае». Вайскоўцаў называе «белагвардзейскімі кадрамі». Верагодна, з нейкай фатальнай наіўнасці сакратары хацелі атрымаць у падпарадкаванне нацыянальна свядомую і ўзброеную да зубоў армію, якая яшчэ і не будзе патрабаваць выдаткаў.

Цікавае тут іншае: пазнейшы выпадак Балаховіча, які дзякуючы Езавітаву пайшоў на супрацу з БНР, не быў адзінкавым феноменам! Па ўсёй былой імперыі былі раскіданыя беларускія часткі і асобныя афіцэры, гатовыя вярнуцца ў Беларусь і служыць. Можна было нават выбіраць, з кім працаваць, у каго інвеставаць. Але ў «айцоў рэспублікі» былі нашмат больш важныя справы...

P. S.

Апроч усяго вышэйзгаданага ў зборніку мноства цікавостак са штодзённага жыцця НС БНР. Хто і каму выгаворваў за спазненні на паседжанні, чаму паседжанні часам пачыналіся а 9-й ранку, а часам — а 12-й ночы, як народныя сакратары ўяўлялі сабе Маскву і Савецкую Расію, а як ставіліся да палякаў...

Можа падацца, што зборнік цяжкі для чытання: сухая пратакольная мова, пастановы і зацвярджэнні, даты... Але акурат гэтым ён і цікавы. Акурат гэтым і адрозніваецца ад пазнейшых мемуараў, у якіх людзі найчасцей схільныя апраўдвацца ці гераізаваць саміх сябе.

Сухая мова з лічбамі і разлікамі часам нагадвае задачы з фізікі ці матэматыкі, але ні ў якім разе не паэмы ці гераічны эпас, якога пра дзеячаў БНР стварылі і без таго багата.

Алесь Кіркевіч, budzma.by