Еўрапейская цывілізацыя ў класічным яе выглядзе ўпершыню з’явілася ў Маскоўскай дзяржаве ў вобразе заходнерускага манаха, які вучыўся ў езуіцкім калегіуме. Сёння шырокая расійская грамадскасць не гатовая прызнаць, што ў XVII стагоддзі Украіна і Беларусь стаялі ў культурных адносінах значна вышэй за Маскоўскае царства. Якім чынам гэта адбылося і пры чым тут царкоўны раскол, раскажам у гэтым артыкуле.
Усходняя перыферыя
У сучаснай расійскай гістарыяграфіі агульнапрынятай ідэяй лічыцца канцэпцыя «прарубання акна ў Еўропу» царом Пятром І. Але задоўга да Пятра адукаваныя колы Масковіі ўжо былі знаёмыя з каталіцкай Заходняй Еўропай праз пасярэдніцтва Рэчы Паспалітай, а калі казаць больш дакладна, Украіны і Беларусі.
Вось што аб гэтым пісаў слынны расійскі гісторык ХІХ ст. Васіль Ключэўскі: «Западноевропейская цивилизация в XVII в. приходила в Москву прежде всего в польской обработке, в шляхетской одежде. Впрочем, сначала даже не чистый поляк приносил её к нам. ...Западнорусский православный монах, выученный в школе латинской или в русской, устроенной по ее образцу, и был первым проводником западной науки, призванным в Москву».
Васіль Ключэўскі. Крыніца: wikipedia.org
На канец XVI — сярэдзіну XVII ст. Масква — дальняя перыферыя Еўропы. Ці не Еўропы нават. Часам на картах таго часу еўрапейска-азіяцкую мяжу праводзілі акурат па ўсходняй мяжы Вялікага Княства Літоўскага. У той час, калі Мікола Гусоўскі пісаў на лаціне сваю «Песню пра зубра», а доктар медыцынскіх навук і выпускнік Падуанскага ўніверсітэта, палачанін Францыск Скарына друкаваў у Празе «Псалтыр», Маскоўская дзяржава толькі яшчэ пачынала адыходзіць ад ардынскай спадчыны.
Францыск Скарына з Полацка. Крыніца: wikipedia.org
Першыя праваслаўныя і свецкія школы ва ўсходнеславянскім свеце ўзнікаюць у канцы XVI стагоддзя таксама на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, прычым ствараюцца яны на ўзор польскіх каталіцкіх школ і перш за ўсё — езуіцкіх калегій.
Першым усходнеславянскім універсітэтам стала заснаваная ў 1576 годзе Канстанцінам Астрожскім на тэрыторыі цяперашняй Украіны Астрожская акадэмія. Яе фундатар быў сынам таго самага Канстанціна Іванавіча Астрожскага, ваяводы Кіеўскага, які перамог маскавітаў у знакамітай бітве пад Воршай. Касцяк выкладчыцкага складу новага ўніверсітэта склалі былыя прафесары Кракаўскага ўніверсітэта.
Канстанцін Канстанцінавіч Астрожскі. Крыніца: wikipedia.org
Амаль у той жа час у Вільні Вялікім князям Стэфанам Баторыем быў падпісаны прывілей аб адкрыцці ў сталіцы ВКЛ яшчэ адной вышэйшай навучальнай установы — Віленскай акадэміі.
Вікенцій Смакоўскі. Стэфан Баторый засноўвае Акадэмію і ўніверсітэт у Вільні
Праз некалькі год у Полацку з’яўляецца Полацкі іезуіцкі калегіум ужо як сярэдняя навучальная ўстанова. Усё гэта сведчыць аб існаванні на тэрыторыі Вялікага княства агульнадзяржаўнай навучальнай палітыкі.
Полацкі езуіцкі калегіум
На той момант у Маскоўскай дзяржаве, фармальна праваслаўнай краіне, не было ніводнай праваслаўнай навучальнай установы, не кажучы ўжо пра свецкія.
Культурная каланізацыя Масковіі з захаду
Не дзіўна, што суіснаванне Маскоўскага царства побач з невымерна больш адукаванай Заходняй Руссю прывяло, у рэшце рэшт, да калапсу старамаскоўскай традыцыі і культурнай каланізацыі Масковіі з захаду. Гэты працэс пачаўся яшчэ ў першай палове XVII ст.
У 1649 годзе Аляксей Міхайлавіч запрашае ў Маскву для «выпраўлення» Бібліі, гэта значыць для перакладу з грэчаскага і наступнага выдання, шэраг выкладчыкаў з Кіева-Магілянскай акадэміі, заснаванай у 1632 годзе выдатным украінскім рэлігійным дзеячам, мітрапалітам Пятром Магілам.
Кіева-Магілянская акадэмія. Крыніца: wikipedia.org
У тым жа 1649 годзе акольнічы маскоўскага цара Фёдар Міхайлавіч Рцішчаў перавёз у Андрэеўскі манастыр у Маскве каля трыццаці манахаў з Кіева-Пячэрскай лаўры і іншых заходнерускіх манастыроў і арганізаваў там школу для перакладу замежных кніг, а таксама навучання мясцовых манахаў старажытным мовам. Ужо да сярэдзіны стагоддзя маскоўскія і нават правінцыйныя манастыры аказаліся перапоўненыя выхадцамі з Украіны і Беларусі.
Але ўсё гэта было нішто ў параўнанні з тым культурным «нашэсцем», якое пачалося пасля Трынаццацігадовай вайны 1654–1667 гг. Далучэнне да Маскоўскага царства Левабярэжнай Украіны з Кіевам і масавы ўгон у палон адукаваных беларусаў прывялі да таго, што ў складзе дзяржавы з’явілася праслойка людзей, нашмат больш дасведчаных у рэлігійным і культурніцкім плане, чым большасць мясцовых жыхароў.
Далучэнне Украіны стала ключавой падзеяй для царкоўнай рэформы патрыярха Нікана. З аднаго боку, яно надало ёй неабходны імпульс: розніца ў абрадах паміж Маскоўскай і Заходнерускай традыцыямі павінны была быць ліквідавана, а самі абрады ўніфікаваны — прычым выбар быў зроблены на карысць заходнерускай формы. З іншага боку, далучэнне Кіева аблегчыла іміграцыю праваслаўных святароў з тэрыторыі Рэчы Паспалітай, якія і склалі кадравы касцяк для правядзення Ніканаўскай рэформы.
Такім чынам, першапачатковым штуршком было выпраўленне рэлігійных тэкстаў, праведзенае кіеўскімі манахамі. За ёй ішлі ўслед і іншыя новаўвядзенні па заходнерускім узоры, напрыклад, замена ранейшых унісонных спеваў на шматгалосныя. Натуральным чынам маскоўская версія царкоўнаславянскай мовы выціскаецца з ужытку і замяняецца заходнерускай.
Плынь еўрапеізацыі зусім не абмяжоўвалася царквой. Яна закранула і царскі двор: напрыклад, настаўнікам дзяцей Аляксея Міхайлавіча стаў выхадзец з ВКЛ Сімяон Полацкі.
Чалавек са стандартнай для рускіх інтэлектуалаў таго перыяду біяграфіяй: беларус, выпускнік Кіева-Магілянскай акадэміі, вучыўся ў Віленскай езуіцкай калегіі, затым перайшоў ва ўніяцтва, вярнуўся ў праваслаўе і, нарэшце — зрабіў бліскучую кар’еру ў Масковіі. Сімяон, самы вядомы маскоўскі літаратар сваёй эпохі, навучыў будучага цара Фёдара Аляксеевіча і царэўну Соф’ю польскай мове і лаціне.
Сімяон Полацкі. Крыніца: wikipedia.org
Яшчэ ў большай ступені ўсё гэта датычыцца свецкай культурнай традыцыі — яе ў Маскве папросту не было, і яна была цалкам запазычаная з Заходняй Русі.
Можна сказаць, што на канец XVIІ ст. культурная эліта Масковіі цалкам складалася з этнічных беларусаў і ўкраінцаў. Рэфармаваная царква аказваецца цалкам і поўнасцю вотчынай выхадцаў з заходнерускіх земляў, уплыў якіх толькі ўзмацняецца.
З 127 архіерэяў у 1700–1762 гадах 70 былі ўкраінцамі ці беларусамі. Так, першыя шэсць галоўных членаў Святога сінода да 1757 года былі ўраджэнцамі Рэчы Паспалітай або гетманства і выпускнікамі кіеўскіх навучальных устаноў.
Характэрна, што двое першых у гэтым шэрагу — Стэфан Яворскі і Феафан Пракаповіч (стваральнікі канцэпцыі «Масква — Трэці Рым» ), пасля заканчэння Кіева-Магілянскай акадэміі паўтарылі шлях Сімяона Полацкага, прыняўшы Унію і скончыўшы езуіцкія калегіі, пасля чаго зноў перайшлі ў праваслаўе і атрымалі высокія пасады ў Маскве. Нават калі лічыць Пракаповіча і Яворскага адукаванымі авантурыстамі ад царквы, якія ў той час у даволі вялікай колькасці ехалі з захаду адукоўваць «непісьменных» маскавітаў, ролю іх у трансфармацыі ўсходнерускай царквы наўрад ці атрымаецца перабольшыць.
Стэфан Яворскі. Крыніца: wikipedia.org
Феафан Пракаповіч. Крыніца: wikipedia.org
Канец эпохі
У XVIII ст. перыяд заходнерускага дамінавання канчаткова завяршыўся. Яму на змену прыйшла эпоха прыніжэння і абясцэньвання ўкраінскай і беларускай культуры і іх укладу ў развіццё расійскай. Цар Пётр вырашыў парваць з «мяккай еўрапеізацыяй» заходнерускага духавенства. Ён перанес сталіцу з паўазіяцкай Масквы ў толькі што пабудаваны італьянскімі і нямецкімі архітэктарамі Санкт-Пецярбург, сама назва якога мусіла падкрэсліць новы шлях развіцця дзяржавы. Загадаў насіць еўрапейскі касцюм і парыкі. Нават змяніў уласны тытул, каб называцца на заходні манер імператарам, а не па-старому царом. Але вось наколькі грунтоўна гэтыя змены ўвайшлі ў глыбіню расійскага народа. Ці не былі гэта толькі знешнія, касметычныя змены, які так і засталіся на ўзроўні парыкоў ды касцюмаў? Гэта цяжкае пытанне.
Сёння падаецца, што заходні вектар развіцця Расіі згарнуўся і краіна вяртаецца да свайго былога напалову азіяцкага стану. Можна доўга спрачацца наконт таго, ці быў увогуле шанц да канца еўрапеізаваць такую вялікую тэрыторыю. Але спроба была. І мы можам ганарыцца, што не апошнюю ролю тут адыгралі манахі беларускага і ўкраінскага паходжання.
Ілля Дняпроўскі, budzma.org