Мастачка Людміла Хрысцесева ладзіць у Швецыі праект для жанчын. «Ружы з гальштукаў» — пра сілу трансфармацыі

Беларуска-шведская мастачка і куратарка Людміла Хрысцесева ініцыявала новы праект «Roses of Ties» («Ружы з гальштукаў»), піша reform.news.

«Roses of Ties»
«Roses of Ties». Фота: facebook/ludmila.christeseva

Сутнасць яго ў ператварэнні прадмета мужчынскага гардэробу ў ружу — сімвал зусім іншага кшталту. «Калі ўкраінскія жанчыны былі вымушаныя пакінуць свае дамы, адна з іх узяла з сабой гальштук мужа, з якім пражыла больш за 60 гадоў. Яна ператварыла гальштук ў брошку-ружу — сімвал іх трывалага кахання, якое вытрымала і выпрабаванні паўсядзённага жыцця, і жорсткія цяжкасці вайны. Яе гісторыя натхніла мяне на стварэнне праекта «Roses of Ties», — расказала мастачка.

Гэты прадмет — ружа з гальштука — стаў своеасаблівай данінай памяці і трансфармацыі.

«Roses of Ties»
 «Roses of Ties». Фота: facebook/ludmila.christeseva

«Для многіх людзей з Беларусі і Украіны адсутнасць дзядоў — ціхае рэха Другой сусветнай вайны, — працягвае мастачка. — Нашы маці часта не сустракалі сваіх татаў. Нашы бабулі выхоўвалі дзяцей у адзіноце, неслі на сваіх плячах любоў і выжыванне.

Цяпер гісторыя паўтараецца... Колькі дзяцей сёння растуць без бацькоў? Колькі жанчын не спяць з-за адчаю па начах? Што сёння ўяўляе сабой іх ачаг і адкуль бярэцца сапраўдная сіла?

Мы ператвараем старыя гальштукі ў ружы — маленькія, сімвалічныя ўчынкі, якія нясуць глыбокія гісторыі».

«Roses of Ties»
«Roses of Ties». Фота: facebook/ludmila.christeseva

Мастачка плануе сабраць гальштукі — і звязаныя з імі гісторыі — з усяго свету, каб далучыць да праекта як мага больш людзей.

Кожная ружа распавядае гісторыю сілы, супраціву і калектыўнага ацалення праз рамяство. Гальштук, традыцыйна сімвал статусу і іерархіі, згінаецца і фарміруецца ў нешта жывое, уразлівае і стойкае.

Многія жанчыны ахвяруюць гальштукі сваіх мужоў, каб падтрымаць праект «Ружы з гальштукаў». Узамен яны просяць усяго пра адно: брошку з ружы, каб насіць яе блізка да сэрца.

«Roses of Ties»
«Roses of Ties». Фота: facebook/ludmila.christeseva

«Кожная ружа, якую мы змайстравалі са старога гальштука, гэта напамін пра тое, што нашаму свету патрэбна больш любові — цяпер як ніколі, — кажа Людміла Хрысцесева. — Гэты праект не проста пра памяць, гэта свята любові, стойкасці і смеласці дзяліцца сваімі гісторыямі. Гісторыі пра мужчын, якія фармавалі наша жыццё, і пра жанчын, якія працягвалі жыць далей. Ператвараючы гора ў нешта прыгожае, мы зноўку адкрываем для сябе сілу ў сястрынстве, цяпло ў сувязі і спосаб зноў зрабіць нашы сэрцы цэлымі».

«Roses of Ties»
«Roses of Ties». Фота: facebook/ludmila.christeseva

Каб навучыць жанчын важнаму мастацтву трансфармацыі мастачка ладзіць творчыя майстэрні ў сваёй галерэі «Artten». 8 мая побач са шведскім Музеем арміі адбудзецца прэзентацыя праекта.