Беларускую мову выкладаюць ужо ў дзвюх школах Стакгольма. Але іх можа быць і болей

Ужо ў дзвюх школах Стакгольма выкладаюць беларускую мову ў фармаце modersmål (урокі роднай мовы тым школьнікам, для якіх шведская мова не родная), піша zbsb.info са спасылкай на старонку ў Фэйсбук суполкі «Беларусы ў Швецыі».

Bielaruskaja mova ŭ Šviecyi

Ахвотныя вывучаць беларускую мову могуць атрымаць месца ў школах Västbergaskolan (раён Hägersten) i Metapontum (раён Älvsjö), калі жывуць непадалёк.

Каб беларуская мова з’явілася і ў іншых школах, трэба, каб у камуне набралася пяць вучняў.

«Беларусы ў Швецыі» адзначаюць, што беларуская мова — даволі новая з’ява для шведскай школы, таму з атрыманнем сваіх навучальных гадзінаў можа паўстаць праблема. Але калі аб’яднацца, даслаць свае заяўкі ў камуну адначасова, а таксама нагадваць пра іх чыноўнікам па тэлефоне, то гэтай праблеме можна даць рады.

Таксама суполка «Беларусы ў Швецыі» нагадвае, што самы лепшы час, каб заняцца гэтымі справамі, — менавіта зараз. І калі ўсё атрымаецца, то ўжо ўвосень дзеці змогуць пачаць вучыць беларускую мову.