Калектыўная выстава «Вілейскія далягляды» беларускіх мастакоў Вольгі Гацко, Андрэя Лычкоўскага, Фёдара Ладуцькі і Яўгена Шунейкі адкрылася ў выставачнай зале Вілейскага краязнаўчага музея 23 студзеня. У экспазіцыі было прадстаўлена каля 30 работ аўтараў.
Адкрыла выставу старшы навуковы супрацоўнік музея Вольга Коласава.
Вольга Коласава
Затым слова перайшло да гасцей. Арганізатар мастацкай супольнасці “Адраджэнне”, член Саюза мастакоў Беларусі Яўген Шунейка пачаў свой выступ з аповяду пра мастака-авангардыста Уладзіслава Страмінскага. Сяброўскія адносіны паміж мастаком і Вілейскім краязнаўчым музеем пачаліся шмат гадоў таму падчас складання гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Вілейскі район ». У гэтай кнізе змешчаны артыкул Яўгена Шунейкі аб забытым ў Беларусі Уладзіславе Страмінскім, лёс якога звязаны з Вілейкай. Менавіта тут ён пачаў працаваць у напрамку унізму.
Яўген Шунейка
Зноў мастак пабываў у Вілейцы ў 1994 годзе на 100-годдзе з дня нараджэння Страмінскага. Тады Яўген Шунейка прыязджаў у горад з дачкой мастака Нікай.
Адна з работ, прысвечаная Страмінскаму, – «Уладзіслаў Страміснкі і Кацярына Кобра. Пачатак унізму» заняла месца ў экспазіцыі «Вілейскія далягляды ».
Галоўная місія мастацкай супольнасці “Адраджэнне” – паказаць прыгажосць беларускай зямлі, яе людзей, багатую гісторыю і культуру. Пацверджанне таму – яркія работы, выкананыя з натуры падчас паездак па Беларусі. Асобнае месца ў экспазіцыі занялі карціны, прысвечаныя Першай сусветнай вайне.
Да гэтага мастакі пабывалі ў многіх беларускіх гарадах з калектыўнымі выставамі і пленэрамі.
Андрэй Лычкоўскі
Свой творчы 2015 мастакі пачалі з Вілейкі і адзначылі, што назва выставы «Вілейскія далягляды» ўмоўная. Гэта погляд у будучыню, на далейшае супрацоўніцтва і зносіны з вілейскай зямлёй і яе жыхарамі.
Да адкрыцця выставы ў Вілейцы мастакі прайшліся па вуліцах горада і зрабілі некалькі замалёвак.
Кульмінацыяй вечара стаў майстар-клас. Юныя віляйчане займалі чаргу, каб папазіраваць Яўгену Шунейку. Партрэты яны маглі забраць з сабой. Хтосьці спрабаваў унесці свой штрых ў пачаты Андрэем Лычкоўскім нацюрморт.
Па заканчэнні выставы, якая будзе працаваць на працягу месяца, музей атрымае некалькі карцін у падарунак ад мастацкай супольнасці “Адраджэнне”.
Юлія Лахвіч, kraj.by