Мастацтва, што выйшла на вуліцы

Час перамен, барацьбы старога з новым, барацьбы супраць гвалту, падману і фальшы, час грамадзянскага ўздыму заўжды выводзіў наперад мастацтва — у самых розных праявах. Такім быў і 2020 год. У гадавіну выбараў узгадваем арт-пратэст і яго самых яскравых мастакоў.


праца Руфіны Базлавай 01Праца Руфіны Базлавай

Што праўда, «выбарны» 2020 год ад пачатку быў прасякнуты ў тым ліку арт-актывізмам — паспрыяў кавід ці, хутчэй, стаўленне дзяржавы да пандэміі. А летам-восенню 2020-га кожны нязгодны з дзеяннямі ўлады мог стаць мастаком, перформерам, акцыяністам, арт-актывістам... Можна ўспомніць і супольную творчасць — ды хоць бы сцягі раёнаў на маршах пратэсту ці самаарганізаваную выставу ў цэнтры Мінска з фатаграфіямі збітых сілавікамі людзей, безліч графіці, калажаў, мемаў у сеціве. Мастацтва стала часткай руху пратэсту.

1. Уладзімір Цэслер

Набыў міжнародную вядомасць яшчэ за савецкім часам. Ягоны творчы тандэм з 1979 года з Сяргеем Войчанкам атрымаў больш за 30 узнагарод міжнародных конкурсаў і біенале. У першую чаргу — за плакаты. Пасля смерці Сяргея Войчанкі Уладзімір Цэслер працягнуў працаваць у той жа парадаксальнай і вострай манеры, якая стала візітоўкай тандэму.

Цэслер не змог застацца ў баку ад хвалі 2020 года. Бліскучымі плакатамі мастак рэагаваў на пакручасты сюжэт таго лета і падзеяў пасля яго.

праца Уладзіміра Цэслера 01Праца Уладзіміра Цэслера. Фота: Фэйсбук

праца Уладзіміра Цэслера 02Праца Уладзіміра Цэслера. Фэйсбук

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Уладзімір Цэслер увайшоў у склад Каардынацыйнай рады па забеспячэнні трансферу ўлады, пасля чаго быў вымушаны з’ехаць з Беларусі. Спачатку у Кіеў, потым атабарыўся на Кіпры.

У ліпені 2023-га Уладзімір Цэслер выключаны з Беларускага саюза мастакоў. Сам БСМ зусім нядаўна змяніў свой лагатып, дадаўшы да бела-чырвоных колераў багата зялёнага — атрымалася прадзяржаўна (нават асобна патлумачана повязь мастацтва з падтрымкай дзяржаўнага курса) і балюча для вачэй.

Падчас тых падзеяў у інтэрв’ю «КП у Беларусі» Цэслер сказаў, што ягоныя эмоцыі зашкальваюць — і гэта спрыяе творчасці. І не толькі ягонай: «У гэты перыяд нарадзілася шмат цікавай музыкі, народ які стаў! Гляджу, ідзе велізарная маніфестацыя, у руках вельмі цікавыя плакаты. З барабанамі ідуць, з кветкамі. Я ўвесь час, як бачу такое, думаю: «Якія ж у нас крэатыўныя людзі!»

праца Уладзіміра Цэслера 03

Праца Ўладзіміра Цэслера. Фэйсбук

Захапіла Цэслера і стварэнне сцягоў раёнаў: «Потым менчукі часам прасілі мяне візуалізаваць іх ідэі. (...) Здаецца, сцягоў 40 я ўжо прыдумаў». На думку мастака, аб’яднанне пад лакальнымі сцягамі «гэта абсалютна новы этап пазнавання адно аднаго, абсалютна новая пазіцыя беларусаў».

праца Уладзіміра Цэслера 04

За плакат «Беларускі арнамент» Уладзімір Цэслер у чэрвені 2023 атрымаў на Варшаўскім біенале ўзнагароду за «трывожнае схаванае пасланне» ў традыцыйнай выяве.

праца Уладзіміра Цэслера 05

У нядаўнім інтэрв’ю  «Люстэрку» Цэслер заявіў, што беларусы перамаглі ў 2020-м — «у тым плане, што назад ужо нічога не адвярнуць і час не спыніць».

праца Уладзіміра Цэслера 07

«Можна старацца бясконца стрымліваць перамены, але раней ці пазней усё адбудзецца. Гэта абсалютна зразумела», — дадаў мастак.

2. Вольга Якубоўская

«Коцікі свабоды» Вольгі Якубоўскай хоць і выклікаюць крытыку з розных прычын — кшталту занадта яны мякенькія і вельмі іх шмат, але, без сумневу, сталі таксама заўважнай з’явай.

карціна Вольгі ЯкубоўскайКарціна Вольгі Якубоўскай. Фэйсбук

Першая карціна з гэтай серыі была прысвечана легендарнай Ніне Багінскай — яна ідзе з бел-чырвона-белым сцягам у атачэнні ваўкоў. Пасля размяшчэння карціны ў сацыяльных сетках мастачка пачала атрымліваць станоўчыя водгукі.

Зараз выставы Вольгі Якубоўскай праходзяць у шмат якіх еўрапейскіх краінах. Сёлета ў інтэрв’ю Budzma. org Вольга Якубоўская заявіла, што серыю «Коцікі свабоды» будзе працягваць да моманту вяртання беларусаў у Беларусь.

Чытайце яшчэ: Вольга Якубоўская: Серыя «Коцікі свабоды» скончыцца вялікай выставай у Мінску

3. Руфіна Базлова

Аб’яднала сучасныя падзеі і традыцыйную стылістыку нацыянальнай вышыванкі. Свой акаўнт у Інстаграм яна завяла за тыдзень да выбараў 9 жніўня. І ўсе наступныя падзеі Руфіна Базлова інтэрпрэтавала праз беларускую вышыванку.

Руфіна Базлова 01Праца Руфіны Базловай, Інстаграм

Цыкл атрымаў назву «Гісторыя беларускай выжыванкі» і стаў вядомым на ўвесь свет.

Руфіна Базлова 02

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі носіць вышыванку хакі, зробленую па дызайне Руфіны Базловай — на ёй выява падбітага танку і БТР.

Чытайце яшчэ: Руфіна Базлова: «Пра маю «выжыванку» на Зяленскім мне распавёў сябар»



4. Надзя Саяпіна

Адсядзела 15 сутак увосень 2020 года за ўдзел у самаарганізаванай выставе фота збітых людзей.

Яшчэ да выбараў, 1 ліпеня 2020 года, у галерэі «Арт-Беларусь» адбыўся прыдуманы Надзяй перформанс «Здабытак».

перформанс Надзі Саяпінай

Больш за 20 мастакоў, куратараў і іншых прадстаўнікоў арт-супольнасці Беларусі ўсталі насупраць пустых рам, дзе раней віселі карціны, якія вярнуў у краіну «Белгазпрамбанк», а потым КДК у рамках справы гэтага банка вывез з галерэі.

Падчас адбыцця пакарання на Акрэсціна мастачку перыядычна пераводзілі з адной камеры ў іншую. За гэты час Надзя Саяпіна сустрэла каля 20 дзяўчат. У той дзень, калі ёй перадалі альбом, яна пачала маляваць партрэты.

«Я не партрэтыст, у апошні час мяне больш цікавіць сучаснае мастацтва. Тым больш што ніколі не малявала каляровымі алоўкамі, але падумала, што, калі ўжо я тут апынулася, то паспрабую зафіксаваць вобразы жанчын. Не ведаю, ці буду выкарыстоўваць працы для выставы ці праектаў. Пакуль трэба зразумець, што за вопыт мы перажылі», сказала яна «Еўрарадыё».

5. Караліна Палякова

Год таму беларуская дызайнерка Караліна Палякова ў супрацоўніцтве з праектам Politzek.me стварыла насычаны персанажамі і сімваламі калаж, у якім перапрацавала вобразы з вядомых мазаік Аляксандра Кішчанкі «Мінск — горад мастацтва» і «Мінск — горад навукі».

Праўда, замест савецкіх герояў — навукоўцаў, якія прэзентуюць свае працы, людзей, якія танчаць у нацыянальных строях, Караліна Палякова ў лічбавым творы паказала палітзняволеных: мастачка выявіла муры і людзей самых розных прафесій, якія знаходзяцца за кратамі.

У калажы можна ўбачыць жанчын з кветкамі, маці, якія чакаюць сваіх блізкіх; бусла, што ляціць з лістом да чалавека ў турме; жанчыну, падобную да Марыі Калеснікавай.

Зараз з’явіўся праект «Менск — горад палітзняволеных» — Politzek. me у калабарацыі з дызайнеркай Каралінай Паляковай выпускае мерч, частка прыбытку ад продажы пойдзе на падтрымку палітвязняў і іх сем’яў.

6. Цемра 

Беларуская мастачка Цемра паходзіць з Гродна, зараз жыве ў Польшчы. Такі псеўданім абрала, бо галоўная частка яе творчасці адлюстроўвае бесстаронні, цёмны бок чалавечай сутнасці і звязана з актуальнымі падзеямі, якія траўміруюць грамадства.

Цемра 01

Нядаўна Цемра паказала сваю новую працу «Цёмны рушнік», які сімвалізуе сілу і жыватворную энергію беларусаў, якія знаходзяцца за кратамі.

Цемра 02

Яе працы служаць «напамінам пра тое, што мы перажываем сваю гісторыю, расказваем пра свой досвед і ўносім свой уклад у калектыўнае апавяданне пра нашу стойкасць, трыумф і надзею».

7. Уладзіслаў Бохан 

Былы настаўнік, анархіст па поглядах Уладзіслаў Бохан у жніўні 2020 года ладзіў перформансы ў Серабранцы, да прыкладу, граў на праспекце Ракасоўскага «лялькавода», які раздаваў «чэшскія даляры» з партрэтам Святланы Ціханоўскай.

Перформансы ладзіць і зараз — тэлефануе ў дзяржаўныя ўстановы Беларусі і Расіі з патрабаваннем зладзіць абсурдныя мерапрыемствы.

Карціны «Каранаванне страўніка», «Русскій пір» і іншыя цяпер выстаўленыя ў Варшаве на супольнай экспазіцыі мастакоў-анархістаў, некаторыя з іх адбываюць тэрміны ў турме.

Уладзіслаў Бохан "Каранаванне страўніка"Уладзіслаў Бохан "Каранаванне страўніка"

Уладзіслаў Бохан "Рускі пір"Уладзіслаў Бохан "Рускі пір"

Чытайце яшчэ: Уладзіслаў Бохан: «Людзям у нас падабаецца пакутаваць»

8. Антон Радзівонаў

Мастак зараз жыве ў Польшчы. Набыў вядомасць серыяй прац «Птушкі з народам», дзе выкарыстоўваюцца аўтэнтычныя выявы беларускіх птушак (гусь, зімародак, пугач), якія трымаюць у дзюбе бела-чырвона-белую стужку — галоўны гістарычны і геральдычны сімвал Беларусі.

праца Антона Радзівонава

Працу «Мёртвая птушка» Антон Радзівонаў прысвяціў катаванням беларусаў, якія, як той сярэднявечны рыцар, абаранялі сваю краіну.

9. Алесь Пушкін

На тэму ўласна пратэстаў пісаць і не паспяваў — затое ўдзельнічаў у саміх маршах, ператвараючы, як заўжды, дзею ў перформанс.

ales_puszkin_2020_01.jpg

ales_puszkin_2020_03.jpg

Ды ўся яго творчасць — пратэст. Рабіў выставы, з нагоды адной з іх яго і забралі сілавікі.

Алесь Пушкін 03

Далей — турма (дзе ён працягваў маляваць) і гібель у турме.

Алесь Пушкін 6

Чытайце яшчэ: «Яны забілі яго». Лявон Вольскі пра Алеся Пушкіна і свой асабісты спіс ахвяраў

Чытайце яшчэ: «Ён пайшоў у няволю, бо ўбачыў у тым сведчанне, ахвяру і службу». Беларускія творцы ў памяць беларускага мастака Алеся Пушкіна

10. Беларусы ўвогуле

Такога творчага ўздыму Беларусь яшчэ не ведала. У сеціве, сацсетках, у графіці на сценах і дарожным палатне, у плакатах, фатаграфіях, мемах, сцягах, вопратцы — паўсюль знаходзім праявы арт-пратэсту.

Рыгор Сапежынскі, budzma. org