Уладзімір Мацкевіч. “Вызывающее молчание”. Масква, 2007. – 240 с.
Когда слова утрачивают своё значение, народ теряет свободу
Уладзімір Мацкевіч, “Вызывающее молчание”
Уладзімір Мацкевіч – метадолаг, філосаф, палітолаг. “Вызывающее молчание” – “спроба разбурэння ўласнай міфалогіі” (анатацыя да кнігі). Высакалобы аналітык-інтэлектуал пераходзіць зону адчужэння і замест разумных парад і вынаходніцтваў чалавечай логікі выдае кнігу, якая зіхаціць цытатамі, рэмаркамі і імёнамі. Хоць, верагодней за ўсё, мэтай аўтара было зусім не пахваліцца эрудыцыяй і абгрунтаванасцю сваіх меркаванняў, а хутчэй разжаваць ад і да чытачам, чым адрозніваецца яго пазіцыя – пазіцыя аўтсайдэра – ад пазіцыі большасці беларускіх грамадзян.
Справа ў тым, што месцяцца гэтыя пазіцыі па розных баках барыкады. Яе ролю – ролю бар’ера, што падзяляе нашых грамадзян, – выконваюць канстытуцыйныя супярэчнасці ў Беларусі і тое, чым абарочваецца папушчальніцтва гэтага: дэмагогія на тэлебачанні, непакараныя знікненні людзей… Сітуацыя ў Беларусі павінна выклікаць рэакцыю з боку тых, хто тут жыве. Замест рэакцыі мы бачым сваркі паміж тымі, хто мог бы быць саюзнікамі, абыякавасць людзей да таго, дзе і што гаворыцца (тэкст “Стамбульскай дэкларацыі”, у якой у п.22 шмат напісана аб падтрымцы дэмакратыі ў нас у краіне, аб супрацоўніцтве дзяржавы і недзяржаўных арганізацый; не падмацаваныя дзеяннямі, словы так і вісяць, нікому асабліва не патрэбныя. У тым ліку і тым, каму яны прызначаныя). Пра гэта і іншае герой кнігі апавядае беларускаму народу, які, чуючы такія гаворкі, разбягаецца па два бакі барыкады.
Прывабіў музу і стаў асновай для тэксту дыялог грамадска-палітычных сіл Беларусі “Аб канстытуцыйных супярэчнасцях” пад эгідай АБСЕ ў 2000 годзе. Ханс-Георг Вік, кансультацыйны назіральнік, сказаў тады, што гэта быў не дыялог, а шоў. Мацкевіч жа лічыць, што за гэта змагаліся, вось і нарваліся: “Поздавляю… Это не шоу, это то, чего вы ждали”. Бар’ер падзяляе, але канструктыўнага абмеркавання не атрымліваецца. Таму што “если одна сторона говорит А, а другая В, это есть диалог. Если одна сторона говорит А, а другая – тоже А, то это уже дуэт”.
Асноўныя раздзелы кнігі былі напісаныя яшчэ ў 2000 годзе пад назовам “Про яйца, что в диалоге курицу мучат”. У 2006 годзе “віртуальны” тэкст займеў матэрыяльнае ўвасабленне. Акрамя ўласна тэксту кнігі пад вокладкай змешчаныя 2 рэцэнзіі (Максіма Жбанкова і Ганны Кісліцынай; гэткія падрадкоўнік-кантэкставік і даведнік па кнізе) і 6 дадаткаў. “Это реалистичная книга”, – у самым пачатку зазначае сп. Мацкевіч. Каб уся плынь свядомасці не падалася замудроным фарсам, напэўна, і існуюць дадаткі: хто ёсць хто, фармулёўка вышэзгаданых канстытуцыйных супярэчанняў ад аўтара, абмалёўка сітуацыі на 2006 год (гэтаму ж служыць трагікамедыя ў трох дзеях пра дыялог грамадска-палітычных сілаў); статут “Ордена имени” – жыццёвы кодэкс для грамадзянаў краіны…
Адзін час на тэлебачанні была моднай фішка: з’яўляецца лэйбл фірмы, але без гуку. Чалавек, які мог цягам рэкламы займацца сваімі справамі, падазрона глядзіць у экран: “Чаго маўчыш?” У тэлебачанні гук – неад’емнае. Без яго губляецца палова сэнсу паказанага. Мацкевіч не з’яўляеццца такім гукам для беларусаў. Толькі калі для эннай колькасці з ліку тых, хто ведае пра яго ўвогуле. Тых, хто хоць раз падумаў, што можна быць і на іншым баку барыкады, якую некаторыя не заўважаюць, каб лішні раз не ўскладняць сабе жыццё. Новыя думкі нешта азначаюць для тых, хто шукае новых поглядаў на старыя праблемы і наогул прызнае існаванне праблем. А такіх з нашых амаль 10 мільёнаў – меншасць. Таму “Вызывающее молчание” Мацкевіча, калі раптоўна не знікнуць камфорт і цеплыня ў кватэрах, яшчэ доўга будзе выклікаючым для выключных.