Майстар з Глыбокага пакажа ў Браслаўскім музеі драўляныя дзіцячыя цацкі

Адкрыццё выставы Віктара Дудкевіча «Вяртанне» адбудзецца 23 студзеня ў малой зале Браслаўскага музея традыцыйнай культуры. Майстар разьбы па дрэве з Глыбоцкага дома рамёстваў прадставіць каля 50 сваіх работ.

У інтэрв’ю Край.бай Віктар Дудкевіч адзначыў, што мерапрыемства прымеркавана да яго юбілею. Па словах суразмоўцы, у жніўні гэтага года яму споўніцца 55 гадоў.

Нарадзіўся мастак у Браславе, але пазней пераехаў у Глыбокае, дзе цяпер жыве і працуе. Па прызнанні мужчыны, гэта яго першая персанальная выстава ў родным горадзе.

– Я займаюся рэканструкцыяй старадаўніх промыслаў дзесьці з 1984 года, – распавёў ён. – І гэтая выстава пазнаёміць браслаўчан з маёй творчасцю – пачынаючы з самай першай працы да апошняй. Гэта значыць я пакажу, з чаго я пачынаў і да чаго ў выніку прыйшоў, – растлумачыў ён.

З Глыбокага мастак прывязе графіку, жывапіс і дробную пластыку з дрэва. Сярод карцін будуць тэматычныя работы, пейзажы з відамі Браслава і касцёламі Глыбоччыны. Акрамя таго, частка выставы будзе прысвечана дзіцячым драўляным цацкам.

– У браслаўчан будзе магчымасць убачыць, якімі былі дзіцячыя цацкі шмат гадоў таму, даведацца, з чаго пачыналася гэтая індустрыя, – удакладніў Віктар Дудкевіч.

На адкрыццё сваёй выставы ў Браславе глыбоцкі рамеснік паабяцаў прывезці невялікае парася на ражне. Мужчына захапляецца кулінарыяй і прыгатуе яго па ўласным рэцэпце.

Кацярына Сушко, Край.бай

Тэгі: